Беларусь

  • Главная
  • Актуальна!
  • Знакаміты спартсмен Андрэй Макараў падзяліўся з дзецьмі сакрэтамі сваіх перамог

Знакаміты спартсмен Андрэй Макараў падзяліўся з дзецьмі сакрэтамі сваіх перамог


У Кобрынскім раёне ёсць цудоўнае, маляўнічае месца. Яго лёгка пазнаць: вас сустрэнуць прыгажуні-бярозкі, гаваркія асіны, мудрыя дубы, тут  захочацца адпачыць каля стомленай, ціхай ракі і атрымаць асалоду ад незвычайнага паху прыроды. Радасныя дзіцячыя галасы і шчаслівы смех раскрыюць таямніцу – гэта аздараўленчы лагер “Салют”.

Кожную змену сюды прыязджаюць адпачываць 210 дзяцей. Сумаваць не прыходзіцца! Спартыўныя эстафеты, спаборніцтвы, чэмпіянаты, гульні-падарожжы прывучаюць да здаровага ладу жыцця, зараджаюць энергіяй і добрым настроем, згуртоўваюць дзіцячы калектыў. Так, традыцыйна выбіраецца лепшы малюнак на надзённую тэму, а сцежка з цікавымі перашкодамі дапаможа адчуць сябе героямі, якія выконваюць важнае баявое заданне. А ў бясстрашных мараплаўцаў дзеці пераўвасабляюцца падчас падарожжа на цеплаходзе “Гродна” па Мухаўцы. Свае творчыя здольнасці можна раскрыць на конкурсах “Міс Салют”, “Таленты і поспехі”, “Наш важаты – самы лепшы”. Палюбіліся  “вячоркі” ля вогнішча, калі можна паспяваць пад гітару, прыгатаваць на агні смачныя сасіскі і пасакрэтнічаць з новымі сябрамі…

Яшчэ, час ад часу, “Салют” прымае цікавых гасцей. Гэта людзі, якія шчыра любяць і дасканала ведаюць сваю справу, дасягнулі зайздросных вяршынь і могуць служыць дзецям прыкладам у жыцці. Вось і ў сераду лагер сустракаў удзельніка XXVII летніх Алімпійскіх гульняў у Сіднеі 2000 года, пераможцу Кубка свету Андрэя Макарава. На спаборніцтвах рознага ўзроўню ён услаўляў нашу краіну. Спартсмен заваяваў мноства медалёў у такім цікавым відзе спорту, як спартыўная хадзьба. Разам з ім прыехала Алена Белаконенка, дырэктар Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у Брэсцкай вобласці.

Дарэчы, сустрэча была арганізавана ў рамках праекта “Малыя алімпійскія гульні”, які праходзіць на працягу ўсяго летняга лагернага перыяду, а ва ўстановах адукацыі – падчас вучобы. “Задуманы ён быў пяць гадоў таму з мэтай далучэння дзяцей да спорту, да здаровага ладу жыцця і актыўнай пазіцыі. Палажэнне па “Малых алімпійскіх гульнях” зацверджана сумесна з упраўленнямі адукацыі і спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама, з абласным цэнтрам санітарна-курортнага аздараўлення і лячэння. Аднак галоўны арганізатар і ініцыятар мерапрыемства – Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта, таму мы прыехалі не з пустымі рукамі: пераможцы атрымаюць падарункі на памяць аб нашай сустрэчы”, – распавяла Алена Белаконенка.
“Малыя алімпійскія гульні” нагадваюць дзецям сапраўдную Алімпіяду, прыняць удзел у якой імкнецца кожны спартсмен, а заслужаная перамога на іх лічыцца вышэйшым дасягненнем. “Дзеці павінны ведаць пра гэта, таму ў рамках праекта і запрашаецца алімпіец, які зможа расказаць пра ўсе нюансы і дэталі гэтых гульняў, аб вядомых спартсменах нашай краіны, а таксама аб сваіх асабістых перамогах і дасягненнях. Праект праводзіцца не для таго, каб выявіць самага спрытнага і моцнага – акцэнт робіцца на пазнавальна-адукацыйную праграму для нашага маладога пакалення”, – дадае дырэктар Прадстаўніцтва НАК Рэспублікі Беларусь у Брэсцкай вобласці. Праект ужо прайшоў у лагеры “Бярозка” Бярозаўскага раёна, у “Надзеі” Жабінкаўскага і ў прыбужскай “Вярбе”.

На ўрачыстай лінейцы Андрэй Макараў, вітаючы дзяцей, пажадаў ім дасягнуць у жыцці самай жаданай перамогі, да якой часам вельмі нялёгкі шлях. Пасля вынасу алімпійскага агню выдалася цудоўная магчымасць пагутарыць з высокім госцем Андрэем Макаравым. Дзеці засыпалі яго пытаннямі, звязанымі са спартыўным жыццём. А Андрэй, заўважу, аказаўся на дзіва цікавым суразмоўцам!
Складаная тэматычная віктарына выявіла пераможцаў: Дзяніс Кунахавец з Камянецкага раёна і Дзмітрый Паўлюковіч з Брэста. Прызоў былі ўдастоены ўсе ўдзельнікі, а многія паспяшаліся сфатаграфавацца з Андрэем Макаравым і атрымаць аўтограф знакамітасці.

Па шчаслівых дзіцячых тварах было відаць, што свята атрымалася, адпачынак у “Салюце” ім вельмі падабаецца. А што яшчэ трэба? Галоўнае – жыць здорава, цікава, насычана, каб летняя пара яшчэ доўга ўзгадвалася незабыўнымі ўражаннямі і… карыснымі жыццёвымі ўрокам, якія ніколі не бываюць лішнімі
Дар’я НІКАНЧУК,
студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ,
Кобрынскі раён.
Фота Аляксея ГАНЧУКА, “НТ“.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля