“НТ” выявіла лепшых юных карэспандэнтаў Брэстчыны
“Народная трыбуна” сабрала самых таленавітых і актыўных юных карэспандэнтаў Берасцейшчыны
Мэта сустрэчы – падвядзенне вынікаў абласнога творчага конкурсу “Цэнтр увагі – дзеці”, які праходзіў у фармаце “бліц”. У юных аўтараў быў толькі месяц, каб знайсці тэму, герояў для публікацыі, напісаць матэрыял ці падрыхтаваць фотаработу.
Творчае абласное спаборніцтва праводзілася дзеля падтрымкі юнкараўскага руху на Берасцейшчыне, выяўлення адораных дзяцей і спрыяння развіццю іх творчых здольнасцей. Усяго на конкурс вучні 8-11 класаў даслалі амаль 100 работ – фотаздымкі, інтэрв’ю, замалёўкі, заметкі, рэпартажы.
Падчас узнагароджання пераможцаў старшыня журы – галоўны рэдактар газеты Галіна Мазіна прызналася: “Мяне прыемна здзівіла колькасць заяўленых работ усяго толькі за месяц конкурсу. Хочацца адзначыць усебаковы падыход юных аўтараў да асвятлення прапанаванай тэмы, цікавыя сюжэты і арыгінальныя загалоўкі, таму выбар найлепшых стаў вельмі складанай і адказнай справай”.
Юнкараў вітаў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Ігар Гетман, які пажадаў аўтарам-пачаткоўцам і далей развіваць свой талент, удасканальваць майстэрства валодання словам, стаць сапраўднымі спецыялістамі ў любімай творчай прафесіі.
Самы прыемны момант – Ігар Уладзіміравіч і Галіна Міхайлаўна ўручылі пераможцам, прызёрам конкурсу і яго актыўным удзельнікам граматы, падзякі, кнігі і падарункі.
Каб паглыбіць свае веды аб гісторыі малой радзімы – Брэстчыны, успомніць яе мужных, бясстрашных герояў, удзельнікі сустрэчы накіраваліся ў музей першага Героя Беларусі Уладзіміра Карвата, які размешчаны ў брэсцкай школе №8, дзе вучыўся герой. Настаўніца Алена Кітленка, кіраўнік музея, і экскурсаводы –
вучні 8-й школы – правялі кранальную экскурсію.
У экспазіцыі прадстаўлена каля 200 экспанатаў, якія распавядаюць аб жыцці і подзвігу ваеннага лётчыка. Дасведчаным юным карэспандэнтам цікава было пазнаёміцца са школьным музеем. Многія прызналіся, што знайшлі сабе тэмы для новых публікацый.
Так падвядзенне вынікаў конкурсу трансфармавалася для юных карэспандэнтаў у творчы занятак. А вучыцца, як вядома, і падчас канікул карысна.
Дар’я НІКАНЧУК,
студэнтка
Інстытута журналістыкі БДУ.
Пераможцы і прызёры конкурсу
У НАМІНАЦЫІ “У КАДРЫ – ДЗЯЦІНСТВА”:
Лізавета КОЦІК, ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” – 1-е месца; Марыя ФЕДАРУК, ДУА “Сярэдняя школа №4 г. Іванава”, і Хрысціна КУЛАК, гурток “Юны карэспандэнт” ДУА “Сярэдняя школа №7 г. Баранавічы” – 2-е месца; Юлія БОНДАР, ДУА “Тышкавіцкая сярэдняя школа” (Іванаўскі раён), Кацярына ЮДЧЫЦ, клуб журналістыкі ДУА “Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Бярозы”, і Ангеліна СКРЫЛЬ, ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Лунінца” – 3-е месца.
У НАМІНАЦЫІ “У ДЗЯЦІНСТВЕ КОЖНЫ НОВЫ ДЗЕНЬ – ЗНАХОДКА”:
Кацярына РУТКОЎСКАЯ, узорнае літаратурнае аб’яднанне “Верасок” ДУДА “Ганцавіцкі раённы цэнтр дзіцяча-юнацкай творчасці” – 1-е месца; Ірына ДЗЕЙКАЛА, гурток “Экажурналістыка” ДУДАДіМ “Эколага-біялагічны цэнтр г. Баранавічы”, і Ірына ІСАЕВА, ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Ганцавічы”– 2-е месца; Уладзіслаў КАПУЗА, гурток “Шлях у журналістыку” Івацэвіцкага цэнтра дзіцячай творчасці, Дар’я ЗАНЬКА, аб’яднанне па інтарэсах “Юны рэпарцёр” ДУДА “Ганцавіцкі раённы цэнтр дзіцяча-юнацкай творчасці”, і Аліна КІСЛЮК, гурток “Юны карэспандэнт” ДУА “Сярэдняя школа №7 г. Баранавічы”– 3-е месца.
* * *
Спецыяльны дыплом “За творчы падыход да раскрыцця тэмы” – Арцём ХАРЫК, студыя “Юны журналіст” ДУ “Брэсцкі абласны цэнтр маладзёжнай творчасці”, навучэнец абласнога ліцэя імя П.М. Машэрава.
За актыўны ўдзел у конкурсе адзначаны: Анастасія СУМЕЙКА, ДУА “Мірская сярэдняя школа”, і Таццяна БЫЛІНСКАЯ, ДУА “Русіноўская сярэдняя школа” (Баранавіцкі раён); Вольга ЮДЗІНА і Ангеліна БОНДАР, гурток “Выданне школьнай газеты “Переменка” ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Івацэвічы”; Джасціна ІВАНЮК і Таццяна ЖДАН ,
ДУА “Сярэдняя школа №12 імя
К.А. Губарэвіча г. Брэста”; Дар’я КУЛІК, гурток “Журналіст” ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Бярозы”; Ганна ДРАГАН, студыя “Журналістыка (тэлежурналістыка)” УА “Брэсцкі абласны цэнтр маладзёжнай творчасці”; Яна БАРАНКЕВІЧ, Юлія ПУПЧЫК і Глеб КОТ, ДУА “Гімназія г. Іванава”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.