Беларусь

Смехатэрапія па-спораўску


Такое вызначэнне абласному святу само сабой прыйшло ў галаву, калі позна вечарам вярталася са “Спораўскіх жартаў”

Згадзіцеся, лепш адзін раз пабачыць, чым сто – пачуць. Хацелася на ўласныя вочы ўсё паглядзець ды пераканацца, і найперш у тым, ці сапраўды Спорава – берасцейская сталіца гумару і жартаў, як сцвярджае дасведчаны люд.
На пад’ездзе да вёскі ўжо за некалькі гадзін да свята весела кіпела работа на “Мытні ў Дубках”. Вялізны, свежа пафарбаваны ў блакітны колер валун вяшчаў: “Куды йдэш туда йды оно визу покажы”. Мытніцы ў яркіх,  стракатых уборах са “Збірыгательнай банкай” ледзь паспявалі збіраць спецыяльны падатак з машын, каб тыя “праехалі дастойна” мяжу. А найлепшым пропускам былі не грошы (хаця і імі  спакваля напаўняўся 3-літровы слоік) – песня, частушка ці жарт пра Спорава. Прынцыповыя мытніцы не прапусцілі без анекдота нават старшыню Бярозаўскага райвыканкама Юрыя Наркевіча. А што ўжо казаць пра астатніх! Ды толькі ўсе, хто ехаў на фэст, былі гатовыя да смешнага “выпрабавання”, пасля якога налівалася чарка мясцовай самагонкі (не ведаю якой – “Отсічы на рубэль” альбо “Спорувськой Ершовой”), а на закуску падаваўся гурок з салам і сушаны ёршык.
Ужо на мытні я ведала амаль усіх удзельнікаў свята, як кажуць, у твар. Што ні слова, то жарт – выглянула з “буса” добра вядомая ўсім “валацуга” з Хмелева Наталля Дырман. Каманда “Ганцавіцкіх рыбакоў” грымнула:
Эх, па сёлах, паехалі
па сёлах!
Гарадскую мне не трэба – спараўскую падавай…
А хто ж там у школьным аўтобусе? “Мы – піянеры, дзеці рабочых!” – пад бой барабанаў адрэкамендавалі сябе хахмачы з Кабакоў Бярозаўскага раёна. А пінчукі тым часам пілі за спораўку, якая пераходзіць моры ды акіяны. Бо спораўка, якая пераскоквае ручай, адно ледзь-ледзь падымае спаднічку…

А яшчэ ж ехалі шматлікія госці: хто – у якасці гледача, хто –  праз 42 гады спяшаўся на сустрэчу выпускнікоў, а хто – і на рыбалку. Парадавала тое, што ўсе без выключэння з разуменнем, а гэта азначае – з усмешкай, успрынялі дзейнасць “Мытні ў Дубках”. Міжволі напрошваўся вывад: з гумарам у Беларусі, і асабліва на Брэстчыне, усё ў парадку. А той, хто смяецца, даўжэй жыве на свеце. І весялей, і шчаслівей!..
Як расказалі арганізатары свята, кожнае з ранейшых чатырох  мерапрыемстваў мела сваю адметнасць. Не стала выключэннем і пятае. Цыганскімі танцамі і звонкімі песнямі, іскрамётнымі прымаўкамі і трапнымі смяшынкамі адкрылася сёлета “Пасольства гумару і жартаў”, у якое 13-14 ліпеня пераўтварыўся Цэнтр культуры і вольнага часу. “Хто з гумарам – той наша радня”, – казалі вядучыя фэсту. А калі я вокам акінула ваколіцу – дык “радні” назбіралася ой як шмат. Выстраілася 17 каманд “хахмадромаўцаў”, адна з якіх, “Смехаўё” – была з Любаншчыны Мінскай вобласці.
А якія падарункі – вось дзе бязмежжа  народнай фантазіі! – яны прывезлі гаспадарам свята! Іванаўцы – мотальскую каўбаску без ГМО, ліст хрэну для тых, хто кепска сябе паводзіць, моркву – каб хрусцелі зубы, і цыбулю – каб плакаць толькі ад яе; ляхавіччане – “камбайн” (вялізную тарку – Г.М.), каб дранікі былі смачнымі, вешалку для будучай шубкі, сігналізацыю для ўнутраных  органаў, пражэктар для святла ў пасольстве  і нават… ласты – (маўляў, калі ёсць возера – дык павінна быць і яхта, а якая ж яхта без ластаў?). “Лунінецкая гумарына” свінню ўніверсальную падарыла – “сало смачнэ будзе, не жоўтэ, а ў шоколадзе”, а любанцы – “антысвалачок для мужыкоў, якія могуць, але не хочуць”…

На беразе Спораўскага возе-ра (ці мора, як паправіла мяне адна спароўка) быў уладкаваны сапраўдны летні амфітэатрык – тут і разгарнулася конкурснае выступленне каманд гумарыстаў, якое адкрылі гасцінныя гаспадары. “Смейцеся да слёз! Бо ў кожным жарце – доля… жарту”, – лічаць бярозаўскія жартаўнікі. “І доля праўды – з соллю ды перчыкам”, – падумалася мне.
Я атрымала сапраўдную асалоду ад выступлення бярозаўскага зорнага дуэта Зоі і Валеры, вядомага ў інтэрнэце па роліку з самабытным выкананнем песні Алены Ваенгі “Курю”. У адрозненне ад здымак на тэлеканале НТВ тут, на сцэне родных мясцін, яны глядзеліся вельмі арганічна. А як вольна, шырока гучалі ў прасторы частушкі-нескладушкі Зоі! Не дзіўна, што менавіта яны, Барысюкі, перамаглі ў намінацыі “Лепшая прыпеўка”…
Назіраючы за дзеямі на сцэнічнай пляцоўцы, адна і тая ж думка свідравала сэрца: як шмат ды красамоўна можна сказаць-расказаць жартам пра ўсё, што хвалюе грамадства! А ці ведае хто сапраўдную сілу гумару – тую, якая прымушае задумацца над жыццём, каб штосьці змяніць у ім, або грамадой пайсці на  заганную з’яву – напрыклад, п’янства, ляноту, махлярства?..

Па праўдзе кажу, такой лавіны гумару, прытым ледзь не да поўначы, цяжка было вытрымаць – таму глядзела і слухала з перапынкамі. А вось журы, якое ўзначальвала Лілія Балонкіна, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі абл-выканкама, падобнай “раскошы” не магло сабе дазволіць – яно прыдзірлівым вокам прафесіяналаў ацэньвала выступленне кожнага творчага калектыву.
– Гэта сапраўды свята, падкрэслю – народнага, гумару,  – лічыць Лілія Балонкіна. – Жартаў, ад якіх было б няёмка ці хацелася схавацца пад стол, не гучала. І вельмі цяжка было вызначыць пераможцаў.
Але цяжка – не значыць, што немагчыма. Пераможцай прызнана творчая дэлегацыя Лунінецкага раёна з праграмай “Чаму Вулька-1 завецца свінячай?”. Другое месца падзялілі каманды Бярозаўскага і Драгічынскага раёнаў. У намінацыі “Арыгінальны выгляд” не было роўных  “лісапедысткам” Ніне Муравейка і Людміле Мядзве-дзевай са Стрыгаўскага СДК Кобрынскага раёна. Лепшай названа гумарэска дзвюх Валянцін – Палхоўскай і Літвінчук з Рэчыцкага ГДК Столінскага раёна. На думку журы і, у прыватнасці, Вольгі Зіновіч, каардынатара “Спораўскіх жартаў”, якія, вобразна кажучы, яна выпеставала з пялюшак, парадавалі майстэрствам народныя тэатры – Івацэвіцкага, Столінскага і Драгічынскага ГДК, а таксама тэатры мініяцюр г. Ганцавічы, Дарапеевіцкага СДК Маларыцкага раёна і, вядома ж, “Спораўскі акалот”. Ды першае месца адно – і яно дасталася артыстам з Івацэвіч, Але Басалай і Юрыю Кулінічу. Званне самага таленавітага парадыста на вядомых эстрадных выканаўцаў прысуджана Аляксандру Уласу з Паланечкаўскага СДК Баранавіцкага раёна, які не горш за Сасо Паўліашвілі заваражыў публіку (і асабліва жаночую). А вось Ляхавіцкі раённы метадычны цэнтр у намінацыі “Лепшая печаная скульптура” абставіў усіх – і кобрынцаў з іх багатым падворкам, і драгічынцаў з незвычайным чаравікам, і ганцаўчан з цуда-карасём…

На маё пытанне – што найбольш запомнілася журы: можа, жарт які ці парада? – мае субяседніцы заўсміхаліся. Лілія Балонкіна прызналася, што доўга смяялася з “крылатага” выказвання лунінецкіх рагатушак: “Беларускіх жанчын трэба мераць сантыметрамі. Чым больш сантыметраў – тым больш прыгажосці!”. А Вольга Зіновіч ледзь не на памяць цытуе гумарыстычны “Рэцэпт ад смерці”, напісаны і натхнёна прадэкламаваны Нінай Паціюк з Антопальскага ГПДК. Што за рэцэпт? Ды просты – прасцей не бывае: жыві па-людску, будзь гасцінным, зычлівым і дарма не смуткуй! Вось такая яна – смехатэрапія, жыватворная, гаючая, спораўская…
Галіна МАЗІНА, “НТ”,
Бярозаўскі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля