Кампанія па абранні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання пройдзе сёлета па новых выбарчых правілах
У Беларусі стартавала парламенцкая выбарчая кампанія. Нагадаем, што выбарчае заканадаўства нашай краіны змянілася ў 2010 годзе. Па новых правілах ужо праходзілі выбары ў мясцовыя Саветы і прэзідэнцкія, а вось членаў Савета Рэспублікі і дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання па новым выбарчым законе мы ўпершыню выберам 23 верасня. Гэта кампанія будзе больш простай для яе ўдзельнікаў, але з-за гэтага не стане менш адказнай і менш значнай палітычнай падзеяй.
– У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь спрошчана працэдура вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу нашай краіны, – патлумачыў член Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама Антон Гушчын. – Палітычным партыям будзе лягчэй вылучыць прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты, бо ім цяпер неабавязкова мець у выбарчай акрузе ніжэйшую партыйную структуру. Гэта значыць, калі ў партыі няма сваёй, напрыклад, раённай арганізацыі, а ў раёне ўтворана выбарчая акруга, дык у ёй вышэйшы орган палітычнай партыі можа вылучыць свайго прэтэндэнта на дэпутацкае месца ў парламенце. Тым не менш, спрошчаны сцэнарый вылучэння кандыдатаў зусім не гарантуе партыі атрымання дэпутацкага мандата, бо за перамогу на выбарах давядзецца пазмагацца, каб атрымаць неабходную колькасць галасоў выбаршчыкаў.
Можна вылучыцца і шляхам збору подпісаў. Цяпер зборшчыкам не трэба завяраць іх у мясцовым выканкаме, але праверка сапраўднасці подпісаў не адмяняецца. Дарэчы, для вылучэння кандыдатам у дэпутаты трэба будзе сабраць не менш чым 1000 подпісаў грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі той выбарчай акругі, па якой прэтэндэнт плануе стаць дэпутатам.
Сярод навінак парламенцкіх выбараў 2012 года – магчымасць кандыдатаў удзельнічаць у тэледэбатах, а таксама накіроўваць на агітацыю сродкі з асабістага выбарчага фонду. Яго памеры абмежаваны – да 1 тысячы базавых велічынь, што складае сёння 100 мільёнаў беларускіх рублёў. Гэтыя падзеі будуць пазней, а пакуль ідзе арганізацыйная работа.
На тэрыторыі Брэстчыны вызначаны 16 выбарчых акруг – а значыць, наш рэгіён у ніжняй палаце парламента будуць прадстаўляць 16 дэпутатаў. Па інфармацыі начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Аляксандра Каляды, колькасць выбарчых акруг у вобласці засталася ранейшай, перагледжаны толькі межы некаторых з іх, бо змянілася колькасць выбаршчыкаў. Так, у Брэсце цяпер чатыры акругі: Заходняя №1,Цэнтральная №2, Усходняя №3 і Пагранічная №4. Да апошняй аднесена частка тэрыторыі Маскоўскага раёна і Брэсцкі раён. У Баранавіцкую сельскую выбарчую акругу №7 да Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў далучана частка Ганцавіцкага – г. Ганцавічы, Дзяніскавіцкі, Любашаўскі, Нацкі, Агарэвіцкі і Чудзінскі сельсаветы. А Люсінскі, Малькавіцкі і Хатыніцкі сельсаветы Ганцаўшчыны аднесены да Лунінецкай выбарчай акругі №13.
У дзвюх розных акругах будзе і тэрыторыя Бярозаўскага раёна: сам райцэнтр, Бярозаўскі і Сялецкі сельскія Саветы – гэта Пружанская акруга №9, астатнія сельсаветы і г. Белаазёрск – Івацэвіцкая №11. Камянецкі, Жабінкаўскі і Маларыцкі раёны склалі Белавежскую выбарчую акругу №8.
У адпаведнасці з планам выбарчай кампаніі пачалося вылучэнне прадстаўнікоў у склад акруговых камісій, якое будзе доўжыцца да 6 ліпеня. Вылучаць сваіх прадстаўнікоў могуць палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі, а таксама грама-дзяне шляхам збору подпісаў. За прэтэндэнта ў склад акруговай камісіі трэба сабраць не менш чым 10 подпісаў і падаць адпаведныя дакументы ў кабінет №211 аблвыканкама. Іх разгляд пройдзе на сумесным пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта і прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў. Камісіі будуць сфарміраваны не пазней чым 9 ліпеня. Наступным этапам кампаніі стане ўтварэнне ўчасткаў для галасавання і ўчастковых выбарчых камісій. Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты пачнецца з 15 ліпеня.
Гарантаванае законам выбарчае права будзе належным чынам забяспечана і на тэрыторыі вобласці, а мясцовыя ўлады правядуць арганізацыйныя мерапрыемствы згодна з каляндарным планам выбараў-2012. Гэта неабходна, каб важная палітычная кампанія ў рэгіёне прайшла без парушэнняў.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.