Беларусь

Конкурс “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”


Конкурс “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь” праводзіцца штогод, пачынаючы з 2002 года. Сёлета ён абвешчаны ў 12-ты раз. Яго мэты: інфармаванне насельніцтва і арганізацый аб якасных айчынных таварах для іх прасоўвання на ўнутраны і знешні рынкі; падтрымка беларускіх вытворцаў, якія выпускаюць канкурэнтаздольную прадукцыю; садзейнічанне забеспячэнню спажывецкага рынку рэспублікі высакаякаснымі і канкурэнтаздольнымі айчыннымі таварамі; выяўленне новых, больш дасканалых відаў прадукцыі.
За час правядзення конкурсу лаўрэатамі сталі айчынныя тавары 1825 прадпрыемстваў і арганізацый з усіх рэгіёнаў краіны.
Удзельнічаць у ім могуць юрыдычныя асобы незалежна ад формы ўласнасці і індывідуальныя прадпрымальнікі, зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку ў Рэспубліцы Беларусь.
Вылучэнне прадукцыі праводзіцца па наступных намінацыях: прадуктовыя тавары; прамысловыя тавары для насельніцтва і вырабы народных промыслаў; прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння; паслугі насельніцтву. Для стымулявання выпуску новых відаў прадукцыі, паляпшэння яе характарыстык і ўласцівасцей, прымянення сучасных тэхналогій і матэрыялаў заснаваны статус “Навінка года”. Тавары для яго прысуджэння вызначаюцца рэспубліканскай конкурснай камісіяй з ліку лаўрэатаў у кожнай намінацыі.
Конкурс праводзіцца ў два этапы. На першым этапе абласнымі конкурснымі камісіямі вызначаюцца тавары-фіналісты і сярод іх – тавары, якія прэтэндуюць на прысуджэнне статусу “Навінка года”. На другім – рэспубліканскай конкурснай камісіяй прымаецца рашэнне аб прысуджэнні таварам звання лаўрэата конкурсу і статусу “Навінка года”.
Звесткі аб таварах-лаўрэатах і іх вытворцах размяшчаюцца на сайце Дзяржстандарта і ў штогадовым ілюстраваным каталогу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”, які рассылаецца ў прадстаўніцтвы нашай краіны за мяжой. Арганізацыі, тавары якіх удастоены звання лаўрэата конкурсу, узнагароджваюцца дыпломам і атрымліваюць права размяшчэння знака (лагатыпа) конкурсу на таварах і іх упакоўцы, а таксама выкарыстання яго ў дакументацыі і рэкламных матэрыялах.
Заяўкі на ўдзел у конкурсе падаюцца да 1 верасня 2013 года ў сакратарыяты абласных конкурсных камісій, сфарміраваныя ў абласных цэнтрах стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі (ЦСМС).
Падрабязная інфармацыя аб конкурсе размешчана на інтэрнэт-сайце Дзяржстандарта (www.gosstandart.gov.by/ Конкурсы в области качества).

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля