“Кожная хата – сапраўдны музей”

“Кожная хата – сапраўдны музей”

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

У самым сэрцы Беларускага Палесся знаходзіцца Пінскі раён. Унікальная прырода і гісторыка-культурная спадчына – вось што кранае сэрцы і палешукоў, і іх гасцей. Пра тэрыторыю з вельмі высокім турыстычным патэнцыялам чулі многія, але сёння не ўсе ўяўляюць сабе, чым можа здзівіць, парадаваць і нават зачараваць Піншчына. Дык што такое ёсць у гэтым краі, што яго называюць жамчужынай Палесся? Чаму развіццю турызму тут надаюць такую пільную ўвагу? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнта “НТ” даў адказ Юрый КІСЕЛЬ, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага райвыканкама.
– Юрый Паўлавіч, а як Вы самі ахарактарызавалі б Піншчыну?
– Цуд зямлі беларускай. Піншчына – гэта самабытны і гасцінны куточак Палесся, які, насамрэч, мае перспектывы для развіцця экалагічнага, сельскага, воднага, паломніцкага, настальгічнага і іншых відаў турызму. У раёне ёсць 225 помнікаў гісторыі, архітэктуры і культуры. Тут знаходзяцца праваслаўныя, каталіцкія, іўдзейскія святыні і магілы, пакланіцца якім да нас прыязджаюць з розных краін свету. Гэта зямля натхняла Адама Нарушэвіча, Рамана Скірмунта, Яўгенію Янішчыц, Юзафа Крашэўскага, Напалеона Орду, Якуба Коласа, Аляксандра Блока, Мікалая Гумілёва, Уладзіміра Караткевіча… Неверагодная прыгажосць тутэйшай прыроды: у багатым лясамі Пінскім раёне нясуць свае воды Прыпяць, Піна, Ясельда, Стыр, Бобрык, Дняпроўска-Бугскі і Агінскі каналы ды яшчэ дзясяткі малых рэк, ёсць 9 азёр і вадасховішчаў, створана некалькі заказнікаў рэспубліканскага і мясцовага значэння. Ды хіба ўсё пералічыш!
– Якім чынам у раёне развіваецца турызм?
– Шкада, што разуменне магчымасцей нашага турыстычнага патэнцыялу прыйшло не адразу. Але за апошнія гадоў пяць Піншчына зусім інакш сама на сябе паглядзела ды ўпэўнілася – нам ёсць што паказаць гасцям. На падставе Нацыянальнай праграмы развіцця турызму ў 2008 – 2010 гадах распрацавалі сваю раённую праграму, рэалізацыя яе мерапрыемстваў дапамагла задзейнічаць мясцовы турыстычны патэнцыял. Цяпер ёсць аснова, ёсць куды развівацца. На 2011 – 2015 гады складзена новая раённая праграма. Працуем таксама і па Дзяржаўнай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010 – 2015 гады ў сферы турызму. Толькі ў межах гэтай праграмы пабудавалі дзве аўтазаправачныя станцыі, увялі ў эксплуатацыю прыдарожны комплекс райспажыўтаварыства “Родны кут”, уладкавалі тры турысцкія стаянкі, стварылі тры экалагічныя маршруты і два водныя. Да 2015 года па згаданай праграме трэба выканаць 25 мерапрыемстваў, работа на19-ці ўжо завершана.
– Калі не сакрэт, на што больш за ўсё выдаткоўваецца грошай?
– 3 розных крыніц фінансавання выдаткавана ўжо 25 мільярдаў 751 мільён рублёў. Безумоўна, асаблівую ўвагу надаём развіццю інфраструктуры турызму, стварэнню ў перспектыве рэкрэацыйных зон, што будзе спрыяць прыцягальнасці нашага раёна для турыстаў вобласці, краіны і замежжа. Мы ж разумеем: мала нешта цікавае мець на сваёй тэрыторыі, недастаткова пра тое  свет праінфармаваць (праз СМІ, буклеты, розныя інтэрнэт-сайты) –
трэба прапанаваць якасны турыстычны прадукт. А гэта ўключае і дарогі, і месцы адпачынку, і пункты грамадскага харчавання, і сувенірную прадукцыю, і якасць абслугоўвання. Можам прымаць турыстаў у Парахонску, дзе мадэрнізавалі гандлёвы цэнтр з гасцініцай, кафэ-барам, сталовай, у “Доме паляўнічага” з лазняй у вёсцы Вяз, гасцінічным комплексе ААТ “Пачапава” з кафэ-барам, “Доміку паляўнічага” Целяханскага лясгаса ў Лагішыне. Медыцынскі і аздараўленчы турызм развіваем на базе рэспубліканскага санаторыя для ветэранаў “Ясельда”, дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Світанак”, дзіцячага летніка “Парэчча”. На Пагосцкім вадасховішчы, гідравузле №11 вёскі Качановічы і ля вёскі Парэ стварылі турысцкія стаянкі з пунктамі пракату турысцкіх і рыбацкіх прылад. Маем і прыдарожны сэрвіс: комплекс “Святлана”, гасцініца “Таір”, кафэ “Паляўнічы” на трасе М10 і іншыя аб’екты. Летась прынялі 1178 замежных турыстаў і аказалі  ім паслуг на некалькі соцень тысяч долараў. Упэўніліся: мы цікавыя свету, таму сёлета асаблівую ўвагу надаём маркетынгу, удзельнічаем у спецыялізаваных выставах, а на ўездах у раён паставілі ў чатырох кірунках інфармацыйныя шыльды “Пінскі раён турыстычны” з абазначэннем аб’ектаў турыстычнай інфраструктуры.
– У апошнія гады ў Беларусі пашырана развіваецца аграэкатурызм…
– Дык і мы імкнёмся не адставаць ад сучаснай турыстычнай моды. Перыядычна арганізуем навучальныя семінары, на сайце аблвыканкама размясцілі інфармацыю як пра дзеючыя аб’екты аграэкатурызму, так і інвестыцыйныя прапановы па развіцці базы прыёму турыстаў у перспектыўных зонах адпачынку. Крэдытную падтрымку многім мясцовым праектам у гэтай галіне аказвае “Белаграпрамбанк”. Сотні турыстаў ужо адпачылі ў нашых аграсядзібах. Напрыклад, на тэрыторыі Гарадзішчанскага сельсавета іх чатыры. “Азёрную жамчужыну” ў Заазер’і для адпачынку аблюбавала студэнцтва Пінска. Тут можна набыць курсоўку на лячэнне ў санаторыі “Ясельда”. Сваёй сажалкай прыцягвае наведвальнікаў сядзіба “Некрануты куточак Палесся”, карпаратыўным і сямейным адпачынкам – “Азёрная”, паляваннем і рускай лазняй – “Шляхецкі кут”…
Акрамя таго, распрацавалі шэсць экскурсійна-турыстычных маршрутаў – аўтамабільных, водных і адзін камбінаваны. У іх уключаны і Пінск (выдатны горад для турыстаў), і царква Раства Багародзіцы ў Лемяшэвічах (ХIХ стагоддзе, між іншым), і пасека з музеем бортніцтва ў Качановічах, і помнікі археалогіі VII – XI стагоддзяў у Гарадзішчы, і літаратурны музей Яўгеніі Янішчыц у Парэччы, і ўнікальны парк “Дубое”, і касцёл у Лагішыне, дзе знаходзіцца ікона  Маці Божай Лагішынскай – Каралевы Палесся…
– Юрый Паўлавіч, а над якімі перспектывамі будзе працаваць раён, каб стаць яшчэ больш прывабным турысцкім прадуктам?
– Мяркую, трэба настойліва прапаноўваць тое, што маеш, і ствараць новае. Недастаткова пакуль абсталяваных па-сучаснаму месцаў адпачынку на водных аб’ектах. Будзем ствараць пункты пракату лодак, байдарак, водных веласіпедаў, іншага турысцкага рыштунку. Сельскі турызм трэба скіраваць на адраджэнне хутароў, невялікіх вёсак. Патрабуюцца дадатковыя інвестыцыі ў прыдарожны сэрвіс.
На Піншчыне кожная хата – сапраўдны музей. Людзі ў нас прыгожыя, таленавітыя. А колькі ў іх жыццёвай мудрасці і аптымізму! Дакрануцца да таямніц жамчужыны Палесся вельмі проста – прыязджайце на Піншчыну.
Гутарыла
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
Пінскі раён.
Фота аўтара.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

17 снежня амаль стагоддзе таму на свет з’явіўся айчынны кінематограф

Следующая запись

Зінаіда Дудзюк прэзентавала раман “Слодыч і атрута”