“Крылы” для бізнесу
26 красавіка ў абласным цэнтры завяршылася буйнейшая ў Беларусі шматгаліновая рэгіянальная выстава-кірмаш
У 15-ы раз горад над Бугам стаў месцам сустрэчы бізнесменаў, дыпламатаў, чыноўнікаў і патэнцыяльных інвестараў, а таксама пляцоўкай, дзе кожны жадаючы мог заявіць аб сваім бізнесе.
24-26 красавіка ў Лёгкаатлетычным манежы праходзіла Міжнародная выстава-кірмаш “Брэст. Садружнасць-2013”.
Нагадаем, што яе арганізатарамі з’яўляюцца Нацыянальны выставачны цэнтр “БелЭкспа”, Упраўленне справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама Брэсцкі аблвыканкам.
Адкрылася выстава па традыцыі, якая склалася шэсць гадоў таму, інвестыцыйным форумам. У канферэнц-зале аблвыканкама яго ўдзельнікі і госці мелі магчымасць не толькі пазнаёміцца з багатым патэнцыялам нашай вобласці, яе вядучымі галінамі і актуальнымі інвестыцыйнымі праектамі, але і правесці свае прэзентацыі.
Дарэчы, на VI Брэсцкім інвестыцыйным форуме наша вобласць прапанавала больш за 40 інвестпраектаў у розных галінах эканомікі, у тым ліку – сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, гандлі, прыдарожным сэрвісе, а таксама распрацоўкі вучоных і студэнтаў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Палескага дзяржуніверсітэта, магчымасці развіцця бізнесу на плошчах Брэсцкага навукова-тэхналагічнага парка.
– Жыццё паказала, што выстава не страціла сваёй актуальнасці, – адзначыў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. – “Садружнасць” з’яўляецца дзейсным рэсурсам у эканамічным развіцці рэгіёна і нават краіны. Дарэчы, у Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для інвестыцыйнага клімату: эканамічная стабільнасць, кваліфікаваныя працоўныя рэсурсы, а таксама выгаднае геаграфічнае знаходжанне – нам ёсць што прапанаваць і чым зацікавіць інвестараў.
Сёлета “Садружнасць” сабрала амаль 130 удзельнікаў. Свае бізнес-праекты тут прэзентавалі прадстаўнікі Расіі, Украіны, Казахстана, Польшчы, Ізраіля, Пакістана, аднак большасць экспанентаў – прадстаўнікі Брэстчыны. На буйнейшым у Рэспубліцы Беларусь рэгіянальным выставачным мерапрыемстве, насамрэч, прадэманстравалі шырокі спектр тавараў і паслуг.
Сярод прадпрыемстваў харчовай прамысловасці экспанентамі выступілі такія буйныя вытворцы, як адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Беларуськалій”, “Птушкафабрыка “Дружба”, “Мозырсоль”, “Жабінкаўскі цукровы завод”, РУВП “Брэстхлебпрам”, СП “Санта Брэмар”. Тавары народнага спажывання на “Садружнасці” паказалі ЗАТ “Холдынгавая кампанія “Пінскдрэў”, ААТ “Бархім”, ВП “Палессе”, ПУП “Ружанская мэблевая фабрыка”, СТДА “Гандлёвая кампанія “Блэк Рэд Уайт”, ПГУП “Востраў Чылек”, УП “Гефест-тэхніка”. Прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння – на стэндах ААТ “Палессеэлектрамаш”, ПУП “Будсіці Захад”, ААТ “Беларускі цэментны завод” і інш.
На цырымоніі адкрыцця старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар і ўдзельнікі форуму выпусцілі ў неба галубоў. Гавораць, што гэтыя птушкі сімвалізуюць добрыя весткі. Апошніх, між іншым, шмат было падчас выставы – падпісаны шэраг дагавораў. “Брэст.Садружнасць-2013” дала “крылы” бізнесу амаль 10 краін і пусціла ў “свабодны палёт” па беларускай эканамічнай прасторы.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.