Беларусь

  • Главная
  • На першым плане
  • Сакрэтныя пратаколы пасяджэнняў аператыўнай групы Палітбюро ЦК КПСС адносна катастрофы на ЧАЭС

Сакрэтныя пратаколы пасяджэнняў аператыўнай групы Палітбюро ЦК КПСС адносна катастрофы на ЧАЭС


Пра падман высока-пастаўленых гарбачоўскіх чыноўнікаў, звязаны з катастрофай на Чарнобыльскай атамнай станцыі, я даведаўся ад маскоўскай журналісткі. Яна – дэпутат Вярхоўнага Савета СССР – працавала ў парламенцкай Камісіі па расследаванні дзеянняў адказных асоб у сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС. Паводле статута Камісія мела права запатрабаваць дакументы розных ведамстваў. Амаль усе дзяржаўныя структуры,  хоць і з неахвотаю, але ўсё ж дасылалі дэпутатам тую ці іншую інфармацыю. І толькі Палітбюро ЦК КПСС не рэагавала на афіцыйныя запыты народных выбраннікаў. Дакументы сталі даступнымі толькі пасля жнівеньскага путчу 1991 года.

Першае пасяджэнне аператыўнай групы Палітбюро ЦК КПСС прайшло 29 красавіка 1986 года. Толькі на чацвёрты дзень пасля катастрофы. Пасля, да сярэдзіны мая, такія пасяджэнні праводзіліся ўжо штодзённа. Пазней, даючы інтэрв’ю расійскаму тэлебачанню, Мікалай Рыжкоў ледзь не бажыўся, што яны тады “мала што ведалі”. А ўвогуле ў аператыўную групу Палітбюро ЦК КПСС рэгулярна паступалі паведамленні пра шпіталізацыю не толькі ўдзельнікаў наступстваў катастрофы, але і насельніцтва. Пра гэта яскрава сведчаць прыведзеныя ніжэй вытрымкі з пратаколаў пасяджэнняў:
“Сакрэтна. Пратакол № 5. 4 мая 1986 г. Прысутнічалі члены Палітбюро ЦК КПСС тт. Рыжкоў М.І., Лігачоў Я.К., Варатнікоў В.І., Чэбрыкаў В.М., кандыдаты ў члены Палітбюро ЦК КПСС тт. Далгіх У.І., Сакалоў С.Л., сакратар ЦК КПСС Якаўлеў А.М., міністр унутраных спраў т. Уласаў А.В.
…Прыняць да ведама, што па стане на 4 мая ўсяго шпіталізавана 1882 чалавекі. Агульная колькасць абследаваных дасягнула 38 тысяч чалавек.
Выяўлена прамянёвая хвароба рознай ступені цяжкасці ў 204 чалавек, у тым ліку 64 дзяцей. У цяжкім стане знаходзяцца 18 чалавек”.
“Сакрэтна. Пратакол № 8. 7 мая 1986 г.
…За суткі дадаткова шпіталізавана 1821 чалавек. Колькасць асоб, што знаходзяцца на стацыянарным лячэнні, на 10.00 7 мая складае 4301 чалавек, у тым ліку 1351 дзіця. З дыягназам “прамянёвая хвароба” налічваецца – разам з супрацоўнікамі МУС СССР – 520 чалавек. У цяжкім стане знахо-дзяцца 34 чалавекі”.
Заўважым, што ў пасяджэнні аператыўнай групы ў гэты дзень упершыню прыняў удзел Генеральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў.
“Сакрэтна. Пратакол № 12. 12 мая 1986 г.
…За мінулыя суткі дадаткова шпіталізаваны 2703 чалавекі, у асноўным у Беларусі. На стацыянарным абследаванні і лячэнні знаходзяцца 10198 чалавек, з якіх 345 маюць прыкметы прамянёвага захворвання. Сярод іх 35 дзяцей”.
А цяпер адкажыце, як суадносіцца дынаміка гэтых сакрэтных паведамленняў на пасяджэннях аператыўнай групы Палітбюро ЦК КПСС з настойлівым маўчаннем праз газеты?
А ў пратаколе № 21 ад 4 чэрвеня 1986 года ўдзельнікам маючай адбыцца прэс-канферэнцыі ўжо была падрыхтавана наступная інфармацыя: “Для вырашэння пытання аб шпіталізацыі… зацверджаны адпаведныя паказчыкі. На дадзены момант абследаваны ўсе, хто звярнуўся ў медыцынскія ўстановы. Дыягназ “вострая прамянёвая хвароба” ўстаноўлены ў 187 пацярпелых (усе з ліку персаналу АЭС), з іх памёрлі 24 чалавекі (двое загінулі ў момант аварыі). Дыягназ “прамянёвая хвароба” ў шпіталізаванай часткі насельніцтва, у тым ліку дзяцей, не пацвердзіўся”.
Дык як жа здарылася, што тысячы людзей, пацярпелых ад радыяцыі, у адзін момант сталі здаровымі? Адказ можна знайсці ў наступным пратаколе.
“Сакрэтна. Пратакол № 9. 8 мая 1986 г.
…Міністэрства аховы здароўя СССР зацвердзіла новыя нормы дапушчальных узроўняў апраменьвання насельніцтва, якія пераўзыходзяць папярэднія ў 10 разоў. У асобных выпадках магчыма іх павелічэнне да ўзроўняў, што перавышаюць папярэднія ў 50 разоў… Такім чынам, гарантуецца бяспека для здароўя насельніцтва ўсіх узростаў, нават пры ўмовах захавання цяперашняга становішча на працягу 2,5 гадоў”.
“Сакрэтна. Пратакол № 32. 22 жніўня 1986 г.
…Прыняць да ведама паведамленне т. Мурахоўскага У.С. (старшыні Дзяржаграпрама) пра распрацаваныя рэкамендацыі і мерапрыемствы па вядзенні аграпрамысловай вытворчасці на тэрыторыях з рознай шчыльнасцю забруджвання ізатопамі з працяглым перыядам паўраспаду… Лічыць мэтазгодным закласці ў дзяржаўны рэзерв мяса з павышаным утрыманнем радыеактыўных рэчываў”.
Тыя, хто складаў падобныя пратаколы, не маглі не ведаць, што каровы, якія вярнуліся з пашы, дзе толькі 1 кюры цэзію-137 на квадратны кіламетр, даюць радыеактыўнае малако. У дадатку да сакрэтнага пратакола пазначалася наступнае:
“…Частка мяса ўтрымлівае радыеактыўныя рэчывы звыш дапушчальных нормаў. У цяперашні час у халадзільніках мясной прамысловасці шэрагу абласцей Беларускай ССР, Украінскай ССР і Расійскай Федэрацыі знаходзіцца на захаванні каля 10 тысяч тон такога мяса, а ў жніўні-снежні чакаецца паступленне з вытворчасці яшчэ 30 тысяч тон. Для таго, каб не дапусціць вялікага  сумарнага назапашвання радыеактыўных рэчываў у арганізме людзей, Міністэрства аховы здароўя СССР рэкамендуе максімальна разгрупаваць забруджанае мяса па краіне і выкарыстоўваць яго для выпуску каўбасных вырабаў, кансерваў і мясных паўфабрыкатаў у суадносінах адзін да дзесяці з нармальным мясам.
…Для выкарыстання ўказанага мяса ў харчовых мэтах неабходна арганізаваць яго перапрацоўку на мясакамбінатах большасці абласцей Расійскай Федэрацыі (акрамя Масквы), Малдавіі, рэспублік Закаўказзя, Прыбалтыкі, Казахстана, Сярэдняй Азіі”.
У яшчэ адным дадатку да згаданага вышэй пратакола рэгламентавалася значнае павышэнне дапушчальнага ўзроўню  ўтрымання радыеактыўных рэчываў у малацэ.
Вось такі асаблівы “клопат” там, наверсе, праявілі аб “бесперабойным” забеспячэнні насельніцтва малаком. Няма “чыстага” – узялі і знізілі нарматыў. І “забруджанае” раптам стала “чыстым”.
Толькі праз пяць гадоў пасля катастрофы ў адказ на шматлікія запыты народных дэпутатаў СССР Пракуратура нарэшце завяла крымінальную справу па фактах рэалізацыі забруджанай прадукцыі. Вось што паведаміў парламенцкай Камісіі намеснік Генеральнага пракурора СССР Уладзімір Андрэеў:
“…за перыяд з 1986 па 1989 год ва ўказаных зонах выраблена вышэй за дапушчальныя ўзроўні забруджвання 47 тысяч 500 тон мяса і 2 мільёны тон малака. Толькі за межы Беларусі адпраўлена 15 тысяч тон такога мяса. Указаныя абставіны прывялі да забруджвання радыеактыўнымі рэчывамі прадуктаў харчавання амаль па ўсёй краіне, што можа аказаць адмоўнае ўздзеянне на стан здароўя насельніцтва”.
Па афіцыйным дазволе Савета Міністраў РСФСР у 1989 годзе “забруджанае” мяса з Бранскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Жытомірскай абласцей накіроўвалася ў Архангельскую, Калінінградскую, Горкаўскую, Яраслаўскую і іншыя вобласці, а таксама ў Чувашскую і Комі АССР.
Прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі на пасяджэнні аператыўнай групы Палітбюро ЦК КПСС, вядома ж, не пускалі. Толькі адзін раз,
26 мая (пратакол № 18), былі запрошаны галоўныя рэдактары цэнтральных газет і ім далі наказ: “Галоўную ўвагу ўдзяляць мерам, якія прымаюцца ЦК КПСС і Урадам па забеспячэнні нармальных працоўных і сацыяльна-бытавых умоў жыцця эвакуіраванага насельніцтва, ліквідацыі наступстваў катастрофы, шырока адлюстроўваць удзел працоўных у рэалізацыі гэтых мер”.
Гэтыя сакрэтныя матэрыялы аб “прыгладжанай” праўдзе, якія стала магчымым надрукаваць цяпер, наводзяць на роздум: а ці не такая заганная практыка з’явілася адной з прычын таго, што неўзабаве, усяго праз 5 год пасля чарнобыльскага выбуху, Савецкі Саюз знік як дзяржава з палітычнай карты свету?..
Аляксей КРЫВАШЭІН,
г. Брэст.
Даведка “НТ”
Аляксей КРЫВАШЭІН, палкоўнік КДБ у адстаўцы. У перыяд ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС узначальваў у Чарнобылі органы ваеннай контрразведкі. Аўтар кніг “Адразу пасля Чарнобыля”, “Апошняе інтэрв’ю з героем”, “Не спыніш, не вернеш” і іншых. Узнагароджаны ордэнам “Чарнобыльскі крыж: Мужнасць. Годнасць. Гуманнасць”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля