Беларусь

Май. Мір. Праца


Гэтыя тры кароткія словы сімвалізуюць адзінства  і стабільнасць у нашай сінявокай Беларусі

Старэйшае пакаленне добра памятае ранейшыя “маёўкі” на Дзень працы – са шматлюднымі калонамі, урачыста-вясновым настроем, які, здавалася, зараджаў бадзёрасцю кожнага яе ўдзельніка на доўгі час. Вось і ў чацвер, на сонечны Першамай, святочнае шэсце працаўнікоў горада над Бугам і яго гасцей па галоўнай вуліцы абласнога цэнтра нагадала аб даўняй цудоўнай традыцыі, у аснове якой – пашана да чалавека-працаўніка. Толькі дзякуючы яму, вобласць, як і краіна ў цэлым, дасягнула ўнушальных вынікаў. “Самая галоўная традыцыя нашых брастаўчан – працаваць дзеля людзей, на карысць сваёй Радзімы, – падкрэсліў у сваім выступленні перад землякамі старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. – Менавіта праца, любімая справа з’яўляюцца неад’емнай часткай нашага жыцця, умовай росту дабрабыту сваёй сям’і, роднага краю і любімай Беларусі”.
Ушанаванне самых руплівых, заўзятых працаўнікоў з усіх рэгіёнаў вобласці – абавязковы атрыбут першамайскага свята апошніх гадоў на Берасцейшчыне. На галоўнай сцэне парка імя 1 Мая кіраўнікі працоўных калектываў, занесеных на абласную Дошку гонару, з рук губернатара атрымалі заслужаныя ўзнагароды. А ўладальнікі ганаровага тытула “Чалавек года” не хавалі трапяткога хвалявання і вялікай радасці. “Кожны з нас і далей будзе старанна працаваць дзеля дабрабыту сваёй Айчыны, таму што мы любім Беларусь”, – запэўніла “Чалавек года” ў галіне культуры Таццяна Татоліна, кіраўнік народнага ансамбля песні і музыкі “Бурштын” з Кобрына, пра якую “НТ” расказала ў папярэднім нумары газеты.
1 Мая, акрамя Дня працы, адзначалася яшчэ адно свята – 110-годдзе прафсаюзнага руху. У сваім прывітанні старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Басалай нагадаў аб высокай ацэнцы дзейнасці прафсаюзаў, дадзенай Кіраўніком Беларусі: гэта рэальная сіла ў адстойванні інтарэсаў працаўнікоў, надзейны паплечнік дзяржавы. “Так будзе і далей,” – не сумняваецца прафсаюзны лідар, жадаючы, каб праца заўсёды прыносіла дастатак у кожны дом.
А потым ізноў на сцэну падымаліся лепшыя працаўнікі з усіх галін народнай гаспадаркі. Кветкі, песні, танцы, віншаванні – усё гэта прызначалася для ўмельцаў, творцаў, улюбёных у абраную справу людзей.
Гуляючы па парку, многія берасцейцы з задавальненнем наведвалі галіновыя пляцоўкі, на якіх – так-так! – кіпела работа. Напрыклад, абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі падрыхтаваў не толькі спецыяльныя буклеты і выставу аб здаровым ладзе жыцця, але і на практыцы паказваў людзям шляхі да яго. Чаму б замест цыгарэты не з’есці чырванашчокі яблычак? І на такі абмен многія ахвотна згаджаліся. Некаторыя ў гэты дзень праверылі свой ціск, вагу і тут жа атрымалі каштоўныя рэкамендацыі. Іншыя ж з ахвотай упісвалі шашлыкі на свежым паветры, дзеці цягнулі тат і мам да атракцыёнаў, а нехта ўладкаваўся за зручным столікам “Саюздруку” і праглядаў абласныя газеты…
Не магу не ўзгадаць пра яшчэ адну важную падзею першамайскага дня. Зранку старшыня абл-выканкама Канстанцін Сумар у суправаджэнні кіраўніцтва горада і чыгункі праінспектаваў выкананне работ на чыгуначным вакзале. “Сёння мы можам смела заявіць, што даручэнне Прэзідэнта выканана. І выканана як мае быць, – задаволена зазначыў губернатар. – Не магу не адзначыць работу будтрэста №8 – без парушэнняў якасці і здачу раней запланаванага тэрміну”. Так што абноўлены і памаладзелы 120-гадовы чыгуначны вакзал Брэста – гэта яшчэ адно яскравае пацвярджэнне працавітасці берасцейцаў, яшчэ адно прыгожае праяўленне любові да сваёй Радзімы. А яна ў нас адна і іншай не будзе. Аб гэтым варта памятаць – каб штогод ладзіліся святы і мірныя шэсці людзей спакойна крочылі па роднай зямлі…
Галіна МІХАЛЕВІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля