Чаго чакаць ад уступнай кампаніі – 2014?…
Цёплае вясновае сонейка спакушае на адпачынак. Але сёлетнім абітурыентам аб адпачынку застаецца толькі марыць, бо яшчэ няхутка ім давядзецца пацешыцца лагоднымі прамянямі. Літаральна ўчора, 2 мая, пачалася рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне. Уступная кампанія сёлета абяцае быць гарачай. Можа, яшчэ і таму, што некаторых выпускнікоў ужо зараз ліхаманіць ад тых новаўвядзенняў, якімі былі дапоўнены Правілы паступлення ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Ды паспрабуем разабрацца, ці ўсе моманты сапраўды вартыя хвалявання.
ПА НОВЫХ ПРАВІЛАХ
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, гаворачы 11 сакавіка аб новай рэдакцыі Правіл паступлення ў ВНУ і ССНУ, падкрэсліў: ніякай рэвалюцыі не будзе. Папраўкі, якія плануецца ўнесці ў галоўны “кодэкс” усіх абітурыентаў краіны, будуць накіраваны на аптымізацыю не толькі правіл прыёму, але і навучальнага працэсу ў цэлым.
Аднак у новай рэдакцыі Правіл ёсць карэктывы, якія ні ў якім разе не варта ігнараваць. Сярод іх – новыя тэрміны падачы дакументаў у ВНУ. Каляндар, якому падпарадкаваліся леташняя ды пазалеташняя ўступныя кампаніі, сёння варта спісаць у архіў. Дакументы на бюджэтную форму навучання цяпер будуць прымацца з 8 па 12 ліпеня, а на платную – з 8 па 31 ліпеня. Выключэннем з’яўляюцца спецыяльнасці, дзе існуюць унутрыўніверсітэцкія экзамены. Напрыклад, у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна – гэта фізкультура, выяўленчае мастацтва, прафесіі філалагічнай сферы. Калі абітурыент зрабіў свой выбар на карысць пералічаных дысцыплін і не прайшоў па конкурсе на бюджэт, ён ужо не зможа перанакіраваць дакументы на платнае аддзяленне.
НЕ НЕРВУЙЦЕ ВЫКЛАДЧЫКАЎ!
З гэтага года ў навучальных установах нашай краіны з’явіўся спіс з 22-х педагагічных спецыяльнасцей, на якія медалісты, пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд, а таксама ўладальнікі “чырвонага” дыплома аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі могуць быць залічаны без экзаменаў. У прыватнасці, у БрДУ імя А.С. Пушкіна вядзецца набор на такія спецыяльнасці: “Матэматыка і інфарматыка”, “Фізіка і інфарматыка”, “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя”, “Беларуская мова і літаратура”, “Руская мова і літаратура”, “Біялогія і геаграфія”, “Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны”, “Біялогія”, “Геаграфія” і навінка сёлетняга сезона – “Сацыяльная педагогіка”. Аднак у ВНУ патлумачылі: аднаго толькі медаля ці дыплома з адзнакай недастаткова, каб далучыцца да вялікай студэнцкай сям’і. Патэнцыяльны прэтэндэнт на “імгненнае” залічэнне павінен, акрамя таго, прадставіць рэкамендацыю з установы адукацыі, якую ён скончыў.
– У гэтым выпадку лёсавызначальнае рашэнне – рэкамендаваць абітурыента да паступлення ў ВНУ ці не – прымае педсавет школы або ССНУ, – расказала Святлана Ткач, адказны сакратар прыёмнай камісіі БрДУ імя
А.С. Пушкіна.
Іншымі словамі, будучыня такіх абітурыентаў цалкам знаходзіцца ў руках іх выкладчыкаў.
БЕЗ ГУТАРКІ І… ПРЫВІЛЕЙ
Звестка аб адмене раздзельнага конкурсу для выпускнікоў вясковых і гарадскіх школ спачатку шакіравала і першых, і апошніх. Аднак калі першапачатковы запал пайшоў на спад, стала відавочна: рашэнне, сапраўды, справядлівае і абскарджванню не падлягае.
– Выпускнікоў варта ацэньваць па ўзроўні ведаў, а не па нейкіх сацыяльных ільготах, – патлумачыла Святлана Ткач. – А ўзровень падрыхтаванасці сельскіх школьнікаў, трэба сказаць, даўно зраўняўся з узроўнем гарадскіх абітурыентаў.
У сёлетняй уступнай кампаніі вырашылі абысціся і без прафесійна-псіхалагічнай гутаркі для жадаючых атрымаць спецыяльнасці ў галінах дзяржкіравання, права і журналістыкі. Іспыт, які павінен быў ацаніць ступень матывацыі будучых студэнтаў, палічылі лішнім па адной простай прычыне: высвятляць падобныя рэчы патрэбна ў спецыялістаў падчас прыёму на працу, а не ў зусім яшчэ юных абітурыентаў.
Затое зялёнае святло будзе дадзена набору студэнтаў па мэтавым накіраванні. Такім чынам дзяржава імкнецца стымуляваць моладзь набываць тыя прафесіі, у якіх востра адчуваецца недахоп кадраў. Так, напрыклад, долю “мэтавікоў” у сельскагаспадарчым сегменце плануецца павялічыць аж да 60 працэнтаў, а ў іншых сферах грамадскага жыцця – да 40 працэнтаў.
ЦЭНТРАЛІЗАВАНАЕ ВЫПРАБАВАННЕ
Нягледзячы на шматлікія перамены, стабільным застаецца адно: выпускнікам па-ранейшаму прыйдзецца прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне па абраных прадметах. Нагадаем, зарэгістравацца на яго можна з 2 мая па 1 чэрвеня, а ўжо 14 чэрвеня школьнікі здадуць першы экзамен – беларускую мову. Калі абітурыент па ўважлівай прычыне не з’явіцца ў вызначаны тэрмін на ЦТ, ён зможа паспрабаваць свае сілы ў рэзервовы дзень – 5 ліпеня. Але для гэтага яму прыйдзецца прадставіць тлумачэнне сваёй адсутнасці ў выглядзе адпаведнага дакумента. Ды і паспець схапіць за хвост сваю птушку шчасця дазваляецца толькі ў БДУ – менавіта ён выступіць у ролі ўсеагульнага пункта цэнтралізаванага тэсціравання ў запасны дзень.
Абітурыенты з Берасцейшчыны, якія збіраюцца прайсці іспыты ў вызначаны тэрмін, змогуць зрабіць гэта ў чатырох навучальных установах вобласці: БрДУ імя А.С. Пушкіна, БрДТУ, БарДУ і Палескім дзяржаўным універсітэце.
Каб уключыцца ва ўпартую барацьбу за статус студэнта ВНУ, выпускнікі павінны набраць мінімум 10 балаў па рускай ці беларускай мовах. Для матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі ніжняя планка ўсталявана на ўзроўні 15 балаў, а для гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі, геаграфіі, грамадазнаўства, замежных моў –
20 балаў.
Уступная кампанія выйшла на старт, а якім будзе яе фініш – залежыць толькі ад вас, паважаныя выпускнікі.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Здаём ЦТ!
14 чэрвеня – беларуская мова;
15 чэрвеня – руская мова;
17 чэрвеня – грамада-знаўства;
19 чэрвеня – біялогія;
20 чэрвеня – матэматыка;
22 чэрвеня – гісторыя Бе-ларусі;
23 чэрвеня – хімія;
24 чэрвеня – фізіка;
25 чэрвеня – сусветная гісто-рыя найноўшага часу;
27 чэрвеня – замежныя мовы;
28 чэрвеня – геаграфія.
* Усе іспыты – у 11.00.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.