Беларусь

“Нахалка”


Вёска Мастыкі раскінулася на выспах-астраўках левага берага Ясельды. Лазы, Дзяды, Кавалі, Доўгае, Падрэчча – гэтыя хутары ўваходзяць у склад вёскі і ў многім вызначаюць яе аблічча. У Падрэччы карэніцца маё радавое Дрэва. Тут жылі яшчэ мае прапрадзеды, жывуць дзяды па мамінай лініі. Праносіліся над Дрэвам  віхуры, ламаючы галіны, а яно стаіць, прырастае новым і галінамі, цягнецца імі да сонца, усё мацней пускаючы карані ў гэтую зямлю.
Крывавыя зарубкі на Дрэве зрабіла Вялікая Айчынная вайна. Мужна змагаліся на франтах і ў партызанскіх атрадах мужчыны майго роду Аляксей і Іосіф, Максім і Мікалай Кашталяны. Па-рознаму склаўся іх лёс: Аляксей і Іосіф  загінулі на франтах Вялікай Айчыннай; Максім і Мікалай вярнуліся дадому цяжка параненыя. Жанчыны – Маня, Насця, Ульяна, Вера, Ганна – перажылі нягоды ваеннага ліхалецця. Выжылі, каб віць у будучае нітку роду. А вось дзеці Ульяны не вытрымалі холаду, голаду, страху – памерлі падчас блакады ў Спораўскіх балотах.
Не пералічыць франтавых і партызанскіх дарог, па якіх прыйшлося крочыць, паўзці маім родным. Як сведчаць успаміны, музейныя і архіўныя дакументы, усюды яны выяўлялі мужнасць, моц духу і бязмежную любоў да жыцця. Не ўсім давялося дажыць да  доўгачаканага Дня Перамогі, убачыць вольны край, мірнае жыццё, аб якім так светла марылася ў партызанскіх зямлянках, у акопах…
Саша Васілеўскі – стрыечны брат прадзядулі Максіма. У вёсцы Высокае ёсць  рабінавы гай, высаджаны ў памяць аб яго подзвігу, а ў Бярозаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі – матэрыялы аб жыцці піянерскага атрада, якому было прысвоена імя Сашы Васілеўскага. Хацелася больш даведацца пра Сашу, распытаць сваякоў, пры якіх абставінах ён загінуў. Бабуля Галіна параіла разгаварыць пра-дзеда. Ён, маўляў, ведае больш, бо і сам падрываў эшалоны. На-
дзея на ўдачу была малая, бо прадзед, Максім Сідаравіч Кашталян, не вельмі любіць успамінаць вайну ўголас, нібыта баіцца разбудзіць нешта страшнае ці некага страшнага. Прабабуля тлумачыць:
– Гэта ад таго, што ўсё яшчэ баліць і плача душа старога. Два браты, як дубы, склалі галовы на вайне: адзін – пад Брэстам, другі –
пад Варшавай.
Але прадзядуля разгаварыўся:
– Зімою мы, вучні лясной школы, вучыліся ў зямлянцы, якую абагравала буржуйка. Дысцыпліна ў школе была – ого-го-го! На ўроках прысутнічалі ўсе. Але былі дні, калі дзяжурны дакладваў, што некаторыя з хлопцаў адсутнічаюць. “Прычына ўважлівая,” – дабаўлялася пры гэтым. Часцей за ўсё гэта былі Федзя Труцько, Вася Кашталян, Павел Кашталян, Леня Паўлюковіч, Саня Васілеўскі і я.
Па заданні штаба партызанскага атрада хадзілі ў разведку. Прабіраліся туды, куды дарослым трапіць было складана: у нямецкі гарнізон і на чыгунку. Нам было за гонар выконваць любое даручэнне партызан. Вылазка ж  на чыгунку ў складзе падрыўнікоў з’яўлялася доказам нашай смеласці і геройства. Саня выклікаў у нас шчырую зайздрасць: яго часцей за іншых бралі з сабою падрыўнікі. Ён, і праўда, быў адважным, спрытным.
Прадзядуля нібы наноў перажываў дзяцінства, абпаленае вайной. Ён прадоўжыў аповяд:
– У тую ноч Саня з падрыўнікамі пайшоў мініраваць участак чыгункі на перагоне Бронная Гара – Івацэвічы. Немцы асабліва пільна ахоўвалі гэтую дарогу, праз кожныя сто метраў стаяў вартавы. Было месячна, але заданне выканаць (узарваць эшалон) трэба было абавязкова. Вырашылі паставіць “нахалку” (так партызаны называлі электрычную міну). Яе трэба было з ходу пакласці на рэйкі перад самым паравозам. Узрываць эшалон такім чынам небяспечна, але другога вый-сця не было. Саша пераканаў камандзіра, што падкладзе “нахалку” спрытней за іншых, бо ён самы малы ростам і самы хуткі.
Ноччу партызаны падпаўзлі да чыгункі бліжэй. Пачуўся шум цягніка, калі яны, раздзяліўшыся на дзве групы, хуценька рушылі ў розныя бакі. Саша з мінай застаўся на месцы. Цягнік усё бліжэй, бліжэй. Напружаныя хвіліны чакання…
Партызаны пачулі аўтаматную чаргу злева, потым прагучала  чарга справа: гэта немцы арганізавалі вогненны заслон. Саня падпоўз да насыпу. Правадок міны ўжо лёг на рэйкі, і Саня клубком зляцеў уніз. У гэтае імгненне слуп агню, зямлі, дыму ўзняўся ў неба…
Гэта быў шосты, апошні, эшалон, узарваны нашым сябрам. Скрушна на сэрцы ад гэтай страты і сёння. Добрым хлопцам ён быў, надзейным сябрам. Сышоў, не пакінуўшы пасля сябе ні сыноў, ні дачок. Усё забрала вайна: жыццё, надзеі, будучыню, – з горыччу ў голасе падсумоўвае свой аповяд прадзядуля.
У сямейным альбоме няма фотаздымкаў Сашы Васілеўскага, ёсць толькі малюнак, на якім маладзенькі падрыўнік з мінай на рэйках. Прадзядуля сцвярджае, што гэта і ёсць наш Саня.
Хрысціна МІНЕВІЧ,
навучэнка Белаазёскага ДПТК электратэхнікі.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля