17 мая – Дзень работнікаў фізкультуры і спорту
Ва ўпраўленні спорту і турызму аблвыканкама ўзнагародзілі пераможцаў адкрытага першынства Беларусі па хакеі з шайбай
Хоць у гэтыя дні ўвага аматараў вялікага спорту прыкавана да Чэмпіянату свету па хакеі, што праходзіць у беларускай сталіцы, нам хапае сіл і часу на іншыя спаборніцтвы. На фоне доўгачаканай падзеі, трэба сказаць, яны ніколькі не губляюцца і, быццам кавалачкі вялікага пазла, арганічна ўкладваюцца ў маляўнічую спартыўную гісторыю. Адным з яе складнікаў якраз стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў першынства Беларусі па хакеі з шайбай сярод юнакоў 1998 года нараджэння, што прайшла ў сераду ва ўпраўленні спорту і турызму аблвыканкама.
Юныя чэмпіёны займаюцца ў хакейнай секцыі на базе Лядовага палаца і ў будучыні могуць смела прэтэндаваць на месца ў асноўным складзе хакейнага клуба “Брэст”, створанага 14 гадоў таму. Прынамсі, крокі да гэтага ўжо зроблены. Маладыя спартсмены ўпершыню ў гісторыі каманды сталі пераможцамі нацыянальнага першынства і даказалі ўсёй краіне: падрастаючае пакаленне таксама ўмее ставіць перад сабой высокія мэты і абавязкова іх дасягаць.
– Гэта перамога была выпакутавана, – адзначыў Вадзім Драчоў, дырэктар хакейнага клуба “Брэст”. –
Менавіта таму яна такая салодкая. Ды зараз ужо няважна, як складваўся сезон і якой цаной дасталіся лаўры, галоўнае – канчатковы вынік. Ён дае падставы ганарыцца перспектыўнымі маладымі спартсменамі. Не хлопчыкамі – а сапраўднымі мужчынамі!
Самі віноўнікі ўрачыстасці, як і належыць сапраўдным мужчынам, аказаліся нешматслоўнымі. Аднак на пытанне: “Ці сумняваліся ў перамозе на пачатку сезона?”, якое прагучала з вуснаў Васіля Ляшчынскага, першага намесніка начальніка ўпраўлення спорту і турызму, упэўнена “стрэлілі” дружным “Не!”.
Заслужаныя трафеі ў гэты дзень атрымалі і трэнеры юнакоў, якія таксама не сумняваліся і прыкладвалі максімум намаганняў, каб не патух агеньчык веры ў сэрцах юных спартсменаў. Сапраўды, вопытным настаўнікам часта даводзіцца класці на алтар чэмпіёнства не толькі вольны час, але душу і нават здароўе. На жаль, хвіліны радасці са сваімі выхаванцамі не змог раздзяліць іх трэнер Барыс Цярэшчанка, які напярэдадні перанёс аперацыю на сэрцы. Словы ўдзячнасці ў яго адрас, тым не менш, не застануцца непачутымі, бо адразу пасля ўрачыстасцей ігракі каманды і іх бацькі планавалі наведаць настаўніка ў бальніцы.
Увогуле, сама атмасфера мерапрыемства была прасякнута гранічнай цеплынёй. У гэты дзень яе стварылі шчырыя ўсмешкі бацькоў хакеістаў – тых самых ігракоў нябачнага фронту, здольных падтрымаць незалежна ад ліку на табло. Менавіта моцнае бацькоўскае плячо, падстаўленае ў патрэбную хвіліну, дазваляе дасягаць новых вяршынь, узнімацца да зорак і зноў ісці ўперад, а гонар за сваіх дзяцей з’яўляецца найлепшым стымулам для далейшай працы над сабой.
– Бацькі заўжды побач, – заўважыла адна з мам, Марына Шабанава. – Мы вельмі хвалюемся за вас, а таму жадаем кожны сезон праводзіць без траўм і хвароб. Вы – асаблівыя юнакі і ўжо прадэманстравалі гэта падчас гульняў. Хочацца, каб па жыцці вам сустракалася як мага больш на-дзейных сяброў…
Дарэчы, сімвалічным стаў і той факт, што ўзнагароджанне перспектыўных маладых хакеістаў адбылося якраз напярэдадні прафесійнага свята работнікаў фізкультуры і спорту. Вельмі хочацца, каб з гэтай нагоды ўзгадваліся не толькі тыя, хто паднімаецца на п’едэстал і прымярае медалі, але і тыя, што часам застаюцца па-за кадрам. Калі разабрацца, дык гэта агульнае свята спартсменаў, якія праслаўляюць Беларусь гучнымі перамогамі і ашаламляльнымі рэкордамі, прыхільнікаў, што, не зважаючы на дрэннае надвор’е, упарта нясуць вахту на трыбунах і стадыёнах, і, безумоўна, трэнераў ды бацькоў – герояў бачных і нябачных.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.