Фотавыстава Ігара Сідарука “Імгненні сямейнага шчасця” адкрылася ў Кобрыне
Выстава фотамастака Ігара Сідарука “Імгненні сямейнага шчасця”, прымеркаваная да Дня сям’і, урачыста адкрылася 15 мая ў памяшканні аддзела ЗАГС Кобрынскага райвыканкама
Ігар Фёдаравіч выставіў 12 аўтарскіх работ, якія выкананы на натуральным палатне памерам 40х60 см. Кожная работа – як асобнае імгненне сямейнага жыцця: шчаслівая сустрэча, каханне, вяселле, нараджэнне дзіцяці, агульныя сямейныя клопаты і каштоўнасці… Сваімі здымкамі творца імкнецца падкрэсліць, што самае дарагое на свеце – нашы родныя і блізкія людзі, нашы дзеці, нашы мамы і таты, нашы сівыя бабулі і дзядулі…
Работы, прад-стаўленыя на выставе, – плён двухгадовай напружанай дзейнасці фотамастака. Чаму ён выбраў менавіта гэты матэрыял? Як заўважыў сам Ігар Сідарук, палатно – не толькі вельмі прыдатнае для нанясення на яго фота, але яшчэ і мае асаблівы, сакральны сэнс: сваёй натуральнай, тканай структурай яно нібы яднае ў адну непарушную повязь усе пакаленні.
Пасля заканчэння выставы “Імгненні сямейнага шчасця”, якая працягнецца да 22 мая, аўтар абяцае пакінуць у падарунак аддзелу ЗАГС Кобрынскага райвыканкама дзве свае работы.
Віктар СЛАВІН, “НТ”,
г. Кобрын.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.