Беларусь

У Брэсце прайшоў IV Міжнародны Пушкінскі фестываль


16 мая ў Брэсце завяршыўся IV Міжнародны Пушкінскі фестываль “Сябры, выдатны наш саюз…”
Мы ведаем Пушкіна-чалавека, Пушкіна-сябра дзекабрыстаў, Пушкіна-паэта і пісьменніка. Дзякуючы фестывалю і намаганням загадчыцы кафедры тэорыі і гісторыі рускай літаратуры БрДУ імя А.С. Пушкіна Таццяны Сянькевіч, маладое пакаленне ведае Аляксандра Сяргеевіча як свайго мудрага сябра. Сябра, які прыходзіць у хвіліны суму і радасці, сябра, які заўсёды дасць параду і не будзе сварыць.
За пяць дзён фестывалю ўдзельнікі (школьнікі вобласці і студэнты не толькі беларускіх ВНУ, але і госці з Расіі – усяго больш за 600 аматараў пушкінскага слова і знаўцаў прыгожага пісьменства) змаглі прачытаць вершы, паказаць сцэнічныя пастаноўкі і творчыя работы (эсэ, плакаты), а настаўнікі рускай мовы і літаратуры –
правесці майстар-класы па творчасці класіка. І ўсё гэта для таго, каб пацвердзіць неўміручасць пушкінскага генію.
На думку Таццяны Васільеўны, фестываль знайшоў жывы водгук у нашай вобласці, бо многія ўдзельнікі тут не ўпершыню. Яшчэ школьнікамі яны чыталі вершы са сцэны БрДУ імя А.С. Пушкіна, і цяпер, стаўшы студэнтамі, працягваюць удзел у гэтым свяце высокага слова.
Фестываль праводзіцца ва ўніверсітэце, дзякуючы ўзаемадзеянню і падтрымцы ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Як выказалася намеснік начальніка гэтага ўпраўлення Ірына Чоўжык, Пушкінскі фестываль – асаблівае светаадчуванне, а час паказаў, што ён патрэбны моладзі не толькі ў пазнавальным плане, але дае ёй цудоўную магчымасць раскрыць свае таленты.
Сёлета адным з арганізатараў фестывалю выступіла Брэсцкае аддзяленне Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь. Яго кіраўнік Алена Маслава падзялілася, што для яе фестываль – свята, якое абуджае любоў студэнтаў і школьнікаў да паэзіі і прозы Аляксандра Сяргеевіча. А яго радкі заўсёды пасяляюць у душы добрае і светлае.
Невыпадкова на конкурс чытальнікаў “Мы да пушкінскіх радкоў, нібы да крыніцы, спяшаемся…” было адведзена два дні. А ўдзельнікаў было, як ніколі, шмат.
Аб нацыянальным характары пушкінскага генію, аб сусветным значэнні паэта сказана і напісана шмат, таму што сіла яго твораў бязмежная і кожнае новае пакаленне прачытвае Аляксандра Пушкіна па-свойму, знаходзячы ў вершах “сонца рускай паэзіі” вызначальныя для свайго часу каштоўнасці.
Пэўна, таму гэтыя дні, напоўненыя лірыкай Пушкіна, не пакінулі абыякавымі ні ўдзельнікаў, ні гледачоў. А гэта значыць, што фестываль яшчэ не раз будзе збіраць знаўцаў і аматараў творчасці Аляксандра Сяргеевіча.
Ганна ІВАШЧАНКА, “НТ”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля