Свой погляд: віскі для… дзіка

Свой погляд: віскі для… дзіка

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Прыродзе патрэбна тэрміновая абарона ад “дзікага” турызму
Малады чалавек, седзячы за столікам у рэзідэнцыі Дзеда Мароза, што ў Белавежскай пушчы, дапіў свой чай і прыцэліўся ў сметніцу пластыкавым кубачкам. Пластмаса не даляцела да сметніцы і ўпала на траву. Гэта гісторыя не дае мне спакою…
Экалагічны турызм – асаблівы сектар турыстычнай галіны, які рэалізуе імкненне ў першую чаргу да зносін з прыродай, знаёмства з яе аб’ектамі і з’явамі, актыўнага адпачынку на яе ўлонні.  Адпачынак, знаёмства, цікавасць, навука – гэта, вядома ж, добра. Але мала хто задумваецца, якія наступствы бываюць, калі натоўп турыстаў, па 1000 чалавек у дзень і болей, атакуе зону адпачынку і пакідае за сабой “незабыўныя” для прыроды сляды.
Неяк я назірала за экскурсійнай групай у Белавежскай пушчы. З аўтобуса “высыпалася” каля 20 дзяцей, выхавальніца, экскурсавод. Апошняя ўбачыла кветку – званочак (занесены, між іншым, у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь) і пачала расказваць дзецям пра кветку, папярэдзіўшы, што зрываць яе нельга. Але, відаць, “глухая” дзяўчынка падышла да званочка і… выдрала яго з зямлі, панюхала ды кінула.
І гэта не адзінкавы сумны выпадак. Кожны хоча адчуць сябе ўладаром прыроды. Падумаеш, не пацэліў паперкай у сметніцу. Падумаеш, сарвала кветку –
іх цэлы лес. І так думае ледзь не кожны турыст.
Непрыемна бачыць, калі з аўтатранспарту ляцяць паперкі, пакеты, акуркі і нават шкляныя бутэлькі. Прыкра, калі “асабліва актыўныя” турысты ў час паходаў паляць вогнішчы, ставяць палаткі без аглядкі на тое, што шкодзяць прыродзе (галоўнае – каб ім зручна было!), ядуць, а раніцай пакідаюць горы смецця з думкай, што яно згніе ці нейкім чынам знікне само па сабе…
На маю думку, экатурызм – гэта адказнае ў экалагічным плане падарожжа, якое вучыць чытаць кнігу прыроды, дазваляе атрымліваць асалоду ад сузірання культурна-гістарычных славутасцей роднага краю. Ён павінен садзейнічаць ахове прыроды.
Такое вызначэнне зусім не суадносіцца з тым, што адбываецца цяпер. Вы, напэўна, заўважалі, як турысты спрабуюць “адкалупаць” ад архітэктурнага помніка “сувенір”, думаючы, што яны адны такія. З-за такога “калупання”, між іншым, Парфенон у Афінах ледзь не рухнуў. Ці іншая забаўка турыстаў: пакідаць свае “аўтографы” на помніках архітэктуры ў выглядзе графіці, выразаць ініцыялы на дрэве.
На мой погляд, галоўная небяспека сёння ў тым, што на сустрэчу з прыродай  ідзе “дзікі”, неарганізаваны турызм. Ну каму прыйдзе ў галаву паіць алкаголем жывёл? Турысту! Бачыла сама, як у Белавежскай пушчы ля вальераў два турысты паілі віскі… дзіка і рагаталі пры гэтым на ўвесь лес! Дзе розум?!
На жаль, далёка не ўсе мы, людзі, здольныя на культурны адпачынак. Усё цяжэй становіцца падтрымліваць нават запаведныя тэрыторыі ў належным стане з прычыны антрапагеннага ціску. Турызм і прырода ўступаюць у канфлікт. Пры гэтым турызм наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю і прыродным рэсурсам.
Дапускаю думку, што асобны турыст аказвае нязначнае ўздзеянне на прыроду. А калі іх многа і яны дбаюць толькі пра сябе? Так што хоць турызм і выступае значнай крыніцай даходаў, але з ім звязаны сур’ёзныя праблемы экалагічнага характару. Замоўчваць іх – злачынства!
Сёння кожны чалавек павінен дакладна ўяўляць сабе, што прырода мае патрэбу ў абароне ад… “дзікага” турызму. Многія парушэнні экалагічнага балансу распазнаюцца занадта позна. Турыстаў трэба выхоўваць. Пераканана: нельга быць абыякавым да прыроды!
Марыя БАЛЮК,
студэнтка
БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

ПЯЦЬ КРОКАЎ, або Адзін выпадак, які змяніў светапогляд і адкрыў сэрца дабрыні

Следующая запись

Асабісты рэцэпт здаровага ладу жыцця Сяргей САСНОЎСКІ, уладальнік тытула “Містар Фітнес” конкурсу “Містар Беларусь–2014” (г. Пінск):