Беларусь

Пры поўным парадзе


Гасцей чэмпіянату  па хакеі з шайбай гасцінна сустракае абноўлены чыгуначны вакзал станцыі Брэст-Цэнтральны
Якое збудаванне горада над Бугам, не лічачы мемарыяльнага комплексу крэпасці-героя, самае пазнавальнае? Бясспрэчна – чыгуначны вакзал станцыі Брэст-Цэнтральны! Будынак, які адлічвае сваю гісторыю з 28 мая 1886 года, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь. Яшчэ ў тыя далёкія часы вакзал у Брэсце вылучаўся, як цяпер сказалі б, інавацыямі і прагрэсіўнымі тэхналогіямі. Пабудаваны ў выглядзе сярэдневяковага замка з чатырма воданапорнымі вежамі, наш вакзал быў абсталяваны вадзяным ацяпленнем. У залах для пасажыраў першага і другога класаў ляжала паркетная падлога, а для трэцяга класа – драўляная. Гэты будынак лічыўся на чыгунцы Расійскай імперыі адным з самых прыгожых. Шыкоўнасці нашаму вакзалу ў 1888 годзе дадалі 160  лямпачак, якіх на іншых, нават буйнейшых вакзалах  у той час амаль нідзе не было.
Прыгажосць не ўберагла будынак ад разбурэння ў час Першай сусветнай вайны – амаль 60 працэнтаў яго было зруйнавана. Але ў 1920-х вакзал аднавілі ў стылях барока і класіцызму. Куды больш пашанцавала брэсцкаму вакзалу ў Вялікую Айчынную, хоць ён перанёс не адзін абстрэл і нават мініраванне. Летам 1941-га тут вяліся жорсткія баі, а абаронцы вакзала не склалі зброю і больш чым тыдзень упарта супраціўляліся фашыстам, засеўшы ў падвальных памяшканнях.
У 50-я гады мінулага стагоддзя вакзал рэканструявалі ў стылі савецкага ампіру. Унутраныя памяшканні і фасады былі абліцаваны каляровымі мармурам і гранітам, якія спецыяльна ў Брэст прывезлі з розных куточкаў СССР. У 1975 годзе пабудавалі залу чакання для пасажыраў, якія выязджалі за мяжу, – так званую шкляную залу, што злучыла касавую і мытную зоны вакзала.
У красавіку 2008 года Беларуская чыгунка прыступіла да рэалізацыі інвестыцыйнага праекта “Рэканструкцыя пасажырскага комплексу вакзала станцыі Брэст-Цэнтральны”. Новы “строй” будынак і прылягаючая тэрыторыя “прымерылі” канчаткова акурат напярэдадні старту чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. І ўжо сёння можна смела гаварыць, што рэйтынг нашай гасціннасці вырас. Усім вядома, першае ўражанне ад горада стварае менавіта вакзал. У нашым жа выпадку – гэта яшчэ і першае ўражанне ад краіны. Ды і нам, так сказаць, сваім пасажырам, куды прыемней выпраўляцца ў дарогу з сучаснага вакзала. Між іншым, па станцыі Брэст-Цэнтральны курсіруюць дзясяткі пар цягнікоў самых розных ліній, у тым ліку 17 пар – міжнародных. Кожныя суткі наш вакзал адпраўляе і прымае больш за 11 тысяч пасажыраў. Моўны бар’ер, нарэшце, у гэтым Вавілоне паспяхова пераадолены – усе абвесткі вядуцца інфарматарам на беларускай і англійскай мовах. Вакзал цяпер аснашчаны спецыяльнай сістэмай зонавых абвестак, што дазваляе рэгуляваць гучнасць у розных памяшканнях, забяспечваць выразнае гучанне.
Галоўнае на нашым вакзале – ні архітэктурныя аздобы (сучасныя будаўнічыя матэрыялы і тэхналогіі дапамаглі, напрыклад, накрыць перон Варшаўскага боку вакзала навесам арачнага тыпу, для ўзвядзення якога спатрэбілася каля 10 тысяч метраў квадратных шкла), ні гістарычныя рарытэты (у залах вакзала са столі звісаюць ажурныя люстры царскіх часоў – тыя самыя арыгінальныя люстры, якія проста адрэстаўравалі), ні кардынальныя змены (былой шкляной залы больш няма, замест яе размясцілася рэкрэцыйная зона з лавачкамі, газонамі і фантанамі). Галоўнае на нашым вакзале – пасажыры. Начальнік вакзала Віктар Кулай тлумачыць: “Рэканструкцыя вялася, найперш, каб стварыць камфортныя ўмовы знаходжання для пасажыраў”. А першы намеснік начальніка Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі Ігар Жарало падчас нядаўняга прэс-тура для журналістаў рэспубліканскіх і мясцовых СМІ заўважыў: “Нам удалося “начыніць” вакзал найноўшымі дасягненнямі тэхнікі, прымяніць самыя сучасныя будаўнічыя тэхналогіі і пры гэтым максімальна захаваць яго гістарычнае аблічча”.
Што да “начыння”, дык яно зрабіла наш вакзал, насамрэч, сучасным. Замест батарэй – цёплая падлога, зручныя крэслы, на якіх зусім не мулка сядзець у чаканні свайго цягніка, відэасцены, якія адлюстроўваюць розную патрэбную пасажырам інфармацыю як у дынамічным, так і статычным рэжымах. Для замежнікаў – спецыяльная карта – транспартна-лагістычная схема сувязі паміж чыгуначным, аўтавакзалам, аэрапортам, з указаннем маршрутаў гарадскога транспарту, гасцініц, пунктаў грамадскага харчавання, славутых мясцін горада. Для гасцей чэмпіянату свету па хакеі – асобыя “фішкі”: спецыяльная білетная каса №12, якая вылучаецца сімволікай чэмпіянату, кругласутачны інфармацыйны цэнтр, група валанцёраў-студэнтаў БрДУ імя А.С. Пушкіна, якія ведаюць англійскую і нямецкую мовы. Дарэчы, супрацоўнікі вакзала таксама “падцягнулі” замежную мову, а ў касіраў пад рукой англамоўныя размоўнікі.
Калі ў вас рукі заняты багажом – няма патрэбы спрабаваць адчыніць дзверы нагой, як тое здаралася раней, бо пры вашым набліжэнні яны расчыняцца самі – аўтаматыка. І код для ячэйкі камеры захоўвання можна смела забываць – адкрыць яе дапаможа сістэма, якая счытае неабходную інфармацыю з вашага квітка аб аплаце паслугі. Па зручных тунэлях пасажыр выходзіць на “падрослыя” да ўзроўню вагонаў платформы. Дарэчы, цяпер не трэба пераскокваць пуці на шляху да прыгараднага вакзала – тунэль давялі да яго. Безбар’ернае асяроддзе не застанецца без увагі людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі: спецыяльная тактыльная плітка падкажа дарогу тым, хто мае сур’ёзныя праблемы са зрокам, пад’ёмнікі дапамогуць інвалідам-калясачнікам дабрацца на перон. Пакой для маці з дзецьмі і для адпачынку, рэстаран і бар з выдатнай кухняй, vip-зала, аўтаматычны “стол даведак”…
А мясцовая сістэма бесправаднога доступу ў інтэрнэт дазваляе па купленай картцы дзейнічаць без збояў нават пры пераходзе з аднаго вакзальнага памяшкання ў другое, прычым тэрмін яе дзеяння – паўгода. Найноўшая сістэма відэаназірання дазваляе папярэджваць супрацьпраўныя замахі на пасажыраў і іх маёмасць. З абодвух бакоў вакзала ўсталяваны аўтамабільныя паркоўкі. Дарэчы, на Прывакзальнай плошчы сваё аўто можаце смела пакідаць бясплатна на 40 хвілін. Звыш гэтага ліміту, якога хапае, каб купіць білет ці сустрэць свайго госця з цягніка, давядзецца плаціць: лічыльнік уключаецца з разліку 10 тысяч беларускіх рублёў за першую гадзіну і 5 тысяч за кожную наступную.
… Пахарашэў наш вакзал. На чарзе – пешаходны мост, які цяпер ну зусім не ўпісваецца ў еўрастандарт нашага вакзала. Чыгуначнікі сказалі, што ўжо думаюць, як выправіць сітуацыю і паабяцалі: эфект пераўзыдзе чаканні брастаўчан.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Фота Аляксея ГАНЧУКА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля