Беларусь

Мільянеры… з дзяцінства


Фінансавай граматнасці будуць вучыць у школах і дзіцячых садках?
Здаецца, няма сярод нас таго, хто ў дзяцінстве, гуляючы ў “магазін”, не разлічваўся б фанцікамі, лісцікамі з дрэўца ці грашыма з гульні “Манаполія”. Вось так, праз гульню, не адно пакаленне спасцігала азы фінансавай граматнасці і простую ісціну, што за ўсё трэба плаціць. З часам фанцікі ды лісцікі згубілі сваю актуальнасць. У цяперашніх дзяцей у фаворы еўра, долары, золата, каштоўныя паперы…
Няхай у курсах валют многія хлопчыкі і дзяўчынкі не разбіраюцца, аднак добра ведаюць, за якія грошы можна больш выгадна купіць цацкі ды ласункі. Тэхнічны прагрэс, новае мысленне, эвалюцыя светапогляду і сучаснае жыццё, якое дыктуе свае правілы, абумовілі такое ранняе развіццё падрастаючага пакалення.
Для таго, каб замацаваць імкненне да новых ведаў і развіць навыкі грашовай дзейнасці, беларускіх школьнікаў плануецца вучыць фінансавай граматнасці. Як заявілі на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь, павышаць фінансавую граматнасць насельніцтва будуць у цесным узаемадзеянні з Міністэрствам адукацыі. Намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Дубкоў агучыў праблемы на шляху фінансавага лікбезу. У першую чаргу, гэта недахоп вучэбных гадзін і загружанасць настаўнікаў. Акрамя таго, большасць педагогаў не могуць весці такія заняткі з-за адсутнасці спецыяльнай падрыхтоўкі.
Часткова вырашыць праблему непадкаваных фінансава педагогаў змогуць замежныя вучэбныя праграмы, метадалагічныя распрацоўкі і інш. Навучальны працэс прадугледжвае нават забаўляльныя гульні для дашкалят, у якіх тлумачацца многія паняцці са сферы фінансаў. Да ўдзелу ў адукацыйным працэсе прыцягнуць таксама спецыяльных трэнераў –
прадстаўнікоў Асацыяцыі беларускіх банкаў. Яны будуць арганізоўваць семінары, у тым ліку і для дарослых. Па словах Сяргея Дубкова, цяпер больш інфармацыі аб рабоце фінансавай сістэмы будзе размешчана ў сродках масавай інфармацыі і на спецыяльных сайтах у інтэрнэце. Неабходныя дадзеныя стане магчымым атрымаць і ў кантакт-цэнтры Нацбанка.
Асноўны цяжар па ліквідацыі фінансавай бязграматнасці, верагодна, ляжа на плечы настаўнікаў. І, акрамя “разумнага, добрага, вечнага”, ім прыйдзецца скіраваць маладое пакаленне ў больш прагматычных пытаннях. Невядома, ці спатрэбяцца новыя веды самім настаўнікам. Але, па задумках Нацбанка, насельніцтва ў першую чаргу павінна стаць больш свядомым у тэме банкаўскіх паслуг, сферах страхавання і падаткаў. А робіцца ўсё гэта для таго, каб грамадзяне маглі самастойна прымаць правільныя рашэнні ў адносінах сваіх фінансаў, а таксама ўдзельнічаць у развіцці фінансавага рынку нашай краіны. У Нацбанку таксама заўважылі, што важна навучыць людзей, напрыклад, не верыць чуткам пра дэвальвацыю і не скупляць валюту ў абменніках. Кампанія па павышэнні фінансавай граматнасці дазволіць звесці да мінімуму страты грама-дзян ад чутак і разнастайных інфармацыйных атак.
Памятаеце прынцып “грошы павінны рабіць грошы”? Калі не – дык прыйдзецца ўспомніць. Плануецца навучыць насельніцтва не хаваць грошы пад падушку ці ў слоікі, а інвесціраваць у развіццё айчыннай эканомікі і, безумоўна, атрымліваць ад гэтага выгаду. На думку банкіраў, у выніку гэтай кампаніі павысіцца кваліфікацыя ў прыняцці што-дзённых рашэнняў у адносінах сямейнага бюджэту і ўзрасце давер да банкаў. У якасці канчатковых мэт акрэслены дзве: прадказальнасць паводзін лю-дзей і іх рэакцыя на  эканамічныя падзеі, а таксама больш шырокае выкарыстанне фінансавых інструментаў.
У прэсе неаднойчы праходзіла інфармацыя аб недастаткова актыўнай прысутнасці грама-дзян на рынку каштоўных папер. Беларусы не давяраюць такому віду фінансавых укладанняў і часта недаацэньваюць тыя магчымасці, што могуць адкрыцца перад імі. Важна таксама праінфармаваць людзей і па гэтай тэме, перакананы ў Міністэрстве фінансаў.
Любая вучоба будзе на карысць, калі ёсць прага да ведаў і людзі бачаць у навучанні неабходнасць.  Выпадкова сустрэла сваю настаўніцу матэматыкі, дарэчы, пенсіянерку. Пацікавілася яе думкамі аб фінансавых уроках для школьнікаў. На што пачула толькі абурэнне і непаразуменне: чаму могуць навучыць настаўнікі са сваім мізэрным заробкам, а тым больш – у банкаўскай сферы ці на рынку каштоўных папер?
У свеце не існуе адзінага погляду на стандарты навучання фінансавай граматнасці. Школьная адукацыя з’яўляецца самай масавай, і ў многіх краінах робяць спробы ўвесці фінансавую граматнасць у якасці самастойнага прадмета ці ў рамках існуючых. Пакуль нельга гаварыць пра масавае ўкараненне фінансавага лікбезу ў школьнае навучанне, аднак тэндэнцыя такая ёсць. Многія еўрапейскія эксперты называюць фінансавую граматнасць школьнікаў і студэнтаў важным сродкам аздараўлення сусветнай фінансавай сістэмы.
З 1 верасня 2012 года ў Беларусі на базе трох навучальных устаноў рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі стварэння крэатыўнага адукацыйнага асяроддзя па павышэнні фінансавай граматнасці навучэнцаў”. У эксперымент трапілі ліцэй УА “Палескі дзяржаўны ўніверсітэт” і гімназія №3 імя В. Каржа ў Пінску. Дзеці на прыкладзе арганізацыі турыстычных паездак, закупак школьнага абсталявання вучацца выкарыстоўваць грошы эфектыўна. Юнакі і дзяўчаты распрацоўваюць свае эканамічныя праекты. Акрамя таго, для іх арганізоўваюць семінары, трэнінгі, сустрэчы з вопытнымі фінансістамі. Праект пакуль толькі набірае абароты.
Цікава, а што скажуць маладыя? Тэлефаную сяброўцы, якая трэці год працуе ў пачатковай школе. На маю просьбу падзяліцца разважаннямі наконт фінансавай навацыі ў адукацыі, пачула: “Крута!” На яе думку, даўно трэба было арганізаваць штосьці такое, таму што гэта цудоўная магчымасць і самой стаць больш прасунутай у грашовых пытаннях. Жартуючы, мая сяброўка нават прапанавала ўключыць у гэтую кампанію некалькі заняткаў ці трэнінгаў аб тым, як правільна траціць грошы і дзе можна сэканоміць.
Зразумела, адразу  не стануць усе спецыялістамі і фінансістамі, аднак лепш арыентавацца ў галіне змогуць. Цудоўна, што кампанія па ліквідацыі фінансавай бязграматнасці закранае пераважна маладое пакаленне. Толькі не варта забываць, што сённяшнія школьнікі дадуць фору многім дарослым, у тым ліку ў фінансавай сферы.
Нядаўна давялося рабіць буйную пакупку ў кітайскім інтэрнэт-магазіне. Калі заказаць тавар нескладана, дык аплаціць аказалася не так проста нават для мяне. Звычайны паштовы перавод стаў немагчымым з-за таго, што наша пошта не мае дагавора з Кітаем. Пасля доўгіх пошукаў, як цывілізаваны чалавек, вырашыла плаціць электроннымі грашыма. На першы погляд простая працэдура выклікала шэраг праблем.
Папоўніць свой электронны кашалёк я вырашыла праз плацежны тэрмінал у бліжэйшым магазіне. Не атрымалася: машына ўпарта не хацела прымаць грошы, “выплёўваючы” купюры. За маімі пакутамі назіраў хлопец-шасцікласнік. Неўзабаве ён падышоў і сказаў, каб я перастала “тэрарызаваць” тэрмінал, бо немагчыма з яго папоўніць кашалёк на буйную суму – там усталяваны ліміт. Гэтае разумнае дзіця, безумоўна, растлумачыла сітуацыю, аднак праблему маю не вырашыла. Пранеслася думка: “А можа, адмовіцца ад пакупкі ўвогуле?” Аднак хлопец назіраў за мной з непадробнай цікавасцю. Падышла да яго і папрасіла дапамагчы. Ён з радасцю расказаў, што неабходна зрабіць, і нават пайшоў са мной у банк. Калі патрэбная сума ўсё ж такі трапіла ў мой электронны кашалёк, я расказала яму сваю гісторыю пра пакупку ў інтэрнэт-магазіне. Хлопец, які назваўся Цімафеем, паглядзеў на мяне так, быццам я –
іншапланецянін. Потым гэты вундэркінд растлумачыў, што можна было згуляць ды значна сэканоміць на розніцы ў курсах валют між нашымі краінамі і яшчэ штосьці вельмі разумнае. Я ў гэты момант успамінала сябе ў шостым класе і толькі ўсміхалася…
Ну і хто каго будзе вучыць?
Спадзяюся, калі стануць распрацоўваць заняткі для школьнікаў, то не забудуць пра тое, што падрастаючае пакаленне па хуткасці і аб’ёме апрацоўкі інфармацыі далёка наперадзе сваіх папярэднікаў, да таго ж – не варта загружаць дзяцей лішнімі дарослымі замарочкамі. Ёсць цудоўны афарызм у тэму: “Мы ў даўгу перад дзецьмі, таму што мы вучым іх лічыць, а яны нас – быць шчаслівымі”. У школе і ў дзіцячым садку дзеці ўсё ж такі павінны заставацца дзецьмі. Ці не? А як мяркуеце вы, паважаныя нашы чытачы?
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
АНЕКДОТ У ТЭМУ:
Дзеці пішуць сачыненне “Што б я зрабіў, калі б меў мільён?”. Адзін з вучняў паглядзеў у свой сшытак, дзе слупкамі складаных вылічэнняў спісана не адна старонка, і цягне ўгору руку:
– Прабачце, а можна яшчэ 100 тысяч дабавіць?

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля