У рамках “Марафону мужнасці” ў Брэсце прэзентавалі кліп на песню “Мы хацелі любіць” і “паўтарылі” подзвіг Аляксандра Матросава
У сераду ў кінатэатры “Беларусь” ва ўрачыстай абстаноўцы быў дадзены старт патрыятычнаму праекту “Марафон мужнасці”. Яго арганізуюць абласны камітэт ГА “БРСМ”, упраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама, абласны ваенны камісарыят і аддзел па справах моладзі аблвыканкама пры падтрымцы ўпраўленняў культуры і адукацыі, а таксама абласных грамадскіх арганізацый ветэранаў і воінаў-афганцаў. Прысвечаны праект 95-годдзю Узброеных Сіл, 95-годдзю ВЛКСМ і Дню заснавання беларускай міліцыі.
У дзень адкрыцця арганізатары падрыхтавалі шэраг сюрпрызаў для моладзі. У фае кінатэатра працавала выстава, на якой дэманстраваліся зброя, абмундзіраванне розных часоў.
– “Марафон мужнасці” праводзіцца для таго, каб папулярызаваць службу ў арміі і нагадаць маладому пакаленню, што месца подзвігу ёсць заўсёды, – расказаў першы сакратар абласнога камітэта ГА “БРСМ” Віктар Іваноў. – Да чэрвеня мы плануем правесці ўрокі мужнасці ў навучальных установах, шэраг творчых сустрэч з вядомымі артыстамі і шмат карысных ды цікавых акцый.
У гэты ж дзень на сцэне кінатэатра “Беларусь” адбылася прэм’ера песні “Мы хацелі любіць” у выкананні брэсцкіх артыстаў Аляксандра Саладоўнікава, Віталя Пракаповіча і Ігара Пашэчкі. Публіка прыняла кампазіцыю вельмі цёпла.
На думку намесніка старшыні аблвыканкама Леаніда Цупрыка, сёння вельмі важна расказваць моладзі пра подзвігі продкаў, бо, напрыклад, у інтэрнэце можна знайсці амаль усё, акрамя аповядаў пра тое, як змагаліся нашы дзяды на вайне.
– Калісьці да маёй дачкі-школьніцы прыехала сяброўка з Германіі, – расказаў Леанід Цупрык. – Па традыцыі мы ўсёй сям’ёй, як і многія брастаўчане, 22 чэрвеня ходзім у чатыры гадзіны раніцы ў Брэсцкую крэпасць. Зразумела, узялі госцю з сабой. Дзяўчына была вельмі ўражана і толькі спытала: “А што, была такая вайна?” Нельга дапусціць, каб людзі забывалі пра тое, што не павінна ніколі больш паўтарыцца.
Словы наказу будучым удзельнікам праекта “Марафон мужнасці”, а таксама віншаванні з надыходзячым Днём абаронцаў Айчыны сказалі і шматлікія госці, сярод якіх былі вайскоўцы, міліцыянеры, дыпламаты, ветэраны і артысты.
Яркім акордам завяршэння першага марафонскага дня стала ваенна-гістарычная рэканструкцыя, прысвечаная 70-й гадавіне подзвігу Аляксандра Матросава. Нягледзячы на халоднае надвор’е, на базе ваеннай часці 11921 сабралася шмат жадаючых паглядзець на подзвіг, які быў здзейснены 70 год таму. Вось так бойка стартаваў новы патрыятычны маладзёжны праект, які абяцае быць насычаным, цікавым і, вядома ж, без подзвігаў не абыдзецца.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.