“Не пакідаюць чалавека адзін на адзін з праблемай”
У чацвер старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар наведаў адкрытае акцыянернае
таварыства “Іванаўскі райаграсэрвіс” і правёў асабісты прыём грамадзян у райвыканкаме
Кіраўніка вобласці найперш цікавіла, як выконваецца даручэнне па выпуску 100 даільных установак з сістэмай ахалоджвання малака на пашы для малочнатаварных ферм Брэстчыны. Такое заданне ад губернатара атрымаў калектыў ААТ “Іванаўскі райаграсэрвіс” яшчэ ў лютым бягучага года.
Як растлумачыў кіраўнік гэтага калектыву Леанід Дзядзюк, прадпрыемства паспела паставіць у сельгаскааператывы толькі 36 камплектаў даільных установак. У прынцыпе, выраблены і ўсе астатнія, аднак паўсталі праблемы з абсталяваннем іх халадзільнікамі і кампрэсарамі, для закупкі якіх неабходна валюта. Цэны на камплектуючыя выраслі. Кошт пытання – 3,5 мільярда рублёў. Дзе знайсці грошы? Калі ў мінулым годзе прадпрыемства мела сваю валюту, то сёння яе няма. На думку губернатара, спецыялісты пусцілі на самацёк работу ў гэтым кірунку – не шукаюць рынкі збыту за межамі рэспублікі. Ён паабяцаў дапамагчы вырашыць валютнае пытанне.
Гэтыя ж праблемы абмяркоўваліся і на сустрэчы з калектывам. Канстанцін Сумар адказаў на пытанні, якія паступілі ад працаўнікоў прадпрыемства: аб будаўніцтве ў Іванава спартыўнага комплексу, магчымасці вырашэння праблемы з будаўніцтвам дзіцячага садка, правядзенні абласных дажынак на базе раёна…
У канцы сустрэчы кіраўнік вобласці адзначыў, што Іванаўскі раён па паказчыках знаходзіцца ў ліку лепшых. Аднак, на яго погляд, мае ўсе магчымасці для таго, каб стаць прыкладам для іншых.
У другой палове дня губернатар правёў прыём па асабістых пытаннях у Іванаўскім райвыканкаме. Пытанні іванаўцаў тычыліся, у асноўным, прыватызацыі жылля, выдачы крэдыту на яго будаўніцтва, правамоцнасці звальнення спецыяліста ў СВК, аплаты працы малаказборшчыкаў, будаўніцтва водаправода да новабудоўляў прыватнага сектара.
Канстанцін Андрэевіч цярпліва выслухоўваў кожнага, стараўся даць вычарпальныя адказы. Таму не дзіўна, што ўсе пытанні, якія паступілі ад жыхароў раёна (а іх было больш за 15), ён вырашыў на працягу некалькіх гадзін. Не забываючы пры гэтым нагадваць тым, па чыёй віне пытанні раней засталіся без адказу, што якасць работы любога чыноўніка залежыць ад умення не пакідаць чалавека адзін на адзін з праблемай.
Марыя ФЕДАРУК , “НТ”,
г. Іванава.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.