Па тэхналогіях мінулых стагоддзяў вырабляе ўпрыгажэнні народны майстар Беларусі Аляксей Вярбіцкі з Брэстчыны
Ці можна насіць сёння бранзалеты, фібулы, калье, вырабленыя па тэхналогіях, якія прымяняліся ажно ў ХI-ХIV стагоддзях? Можна, сцвярджае Аляксей Вярбіцкі, член Беларускага саюза народных майстроў, аўтар незвычайных упрыгажэнняў, якія паказаны на выставе ў Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах –
філіяле Нацыянальнага музея Рэспублікі Беларусь.
У дзяцінстве мы атрымліваем шмат уражанняў, якія часам ператвараюцца ў мару. Так здарылася і з Аляксеем Вярбіцкім падчас яго вучобы ў Астроміцкай сярэдняй школе Кобрынскага раёна. Ужо тады яму падабалася майстраваць штосьці са звычайнага дроту.
– Спачатку “нараджаліся” розныя бірулькі, ланцужкі, зразумела, выкананыя на дылетанцкім узроўні, –
распавёў майстар. – На ўсё жыццё мне запомніўся адкрыты ўрок, які праводзіла ў 1999 годзе любімая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ніна Васільеўна Хамічэнка. Тэмай для яго быў абраны Крыж Еўфрасінні Полацкай. Якраз за некалькі гадоў да гэтага брэсцкі мастак і ювелір Мікалай Кузьміч узнавіў даўно згублены сімвал Беларусі.
Настаўніца падрыхтавала вялікія пано з выявамі адноўленага Крыжа. Верагодна, менавіта тое, як яна распавядала пра значны для беларусаў старажытны духоўны сімвал, прыгожыя карцінкі надзвычай уразілі падлетка. Для Аляксея было дзіўным, што яго зямляк так па-майстэрску паўтарыў працу Лазара Богшы з Полацка і што сёння гэту цудоўную рэч можна ўбачыць не толькі на малюнку, але і на свае вочы.
Асабліва ўразіла тая акалічнасць, што Мікалай Кузьміч змог вярнуць з небыцця тэхніку вырабу візантыйскай эмалі, а на яе даследаванне і адраджэнне спатрэбіліся гады. Наколькі карпатлівая і ўпартая праца ювеліра! Менавіта тады ў юнай і дапытлівай галаве з’явілася мара пра тое, каб стаць майстрам, які стварае і ўзнаўляе прыгажосць. Але так склалася, што пасля школы хлопец паступіў у каледж, зусім не звязаны з ювелірнай справай, таму тое, што стварыў Мікалай Кузьміч, здавалася яму недасяжнай марай.
Прафесійны і творчы шлях Аляксея Вярбіцкага ў ювелірнай справе пачаўся ў 2004 годзе з маленькай майстэрні па перапрацоўцы срэбра. Доўгі час проста дапамагаў майстру, займаўся “чорнай” працай і вучыўся, стоячы за спінай у настаўніка. За паўтара года набыў неабходную кваліфікацыю і ступіў на самастойны шлях. Працаваў з каштоўнымі металамі, выконваў індывідуальныя заказы.
Воляю лёсу ён у 2004 годзе выпадкова пазнаёміўся са сваім кумірам, знакамітым майстрам эмальернага мастацтва. Імкненне і мара маладога чалавека зразумець усе таямніцы і сакрэты эмальернай справы прывялі Аляксея ў майстэрню Мікалая Пятровіча, які не адмовіўся дапамагчы яму спасцігнуць сакрэты не толькі старажытнай тэхналогіі перагародкавай візантыйскай эмалі, але і тонкасцей мастацтва дробнай пластыкі. Сёння Аляксея Вярбіцкага смела можна назваць вучнем Мікалая Кузьміча. Дарэчы, адзіным.
– Да старых тэхналогій прыйшоў выпадкова, – дзеліцца Аляксей. – Неяк у рукі трапіў бранзалет, які знайшлі археолагі падчас раскопак. Вельмі ўразілі прастата яго форм і прыгажосць, якую яны пры гэтым стваралі. Звярнуўся да літаратуры па ювелірных вырабах ХI-ХIV стагоддзяў і прыйшоў да высновы, што патрэбна паказаць людзям гэтыя дзіўныя вырабы ва ўзноўленым выглядзе. Чаму некаторыя рэчы, тыя ж скроневыя кольцы, фібулы (металічныя засцежкі для адзення, якія адначасова служаць і ўпрыгажэннем) не выкарыстоўваць сёння? Некаторыя інтэрпрэтацыі фібул і бранзалетаў цікавыя і ў наш час найперш сваёй забытай навізной. А яшчэ праз такія вось вырабы мы можам пазнаваць сваю гісторыю.
Вядома ж, зрэдку людзі бачылі гэтыя рарытэты ў музеях, але цяпер падобныя ўпрыгажэнні можна заказаць у майстра. Часцей жадаюць займець бранзалеты, фібулы для плашчоў, хустак, шаляў. На фібулах можна падвешваць розныя ланцужкі –
адным словам, для модніц шырокае поле дзейнасці. Усе гэтыя рэчы Аляксей вырабляе ўручную па тэхналогіях, якія існавалі ў даўніну, карыстаючыся ў асноўным малатком і агнём. Выстаўка ў Раўбічах не з’яўляецца зборам абсалютных копій. Асноўная ідэя яе аўтара – інтэрпрэтацыя форм і тэхналогіі апрацоўкі металу, а таксама аднаўленне археалагічных узораў сярэдневяковых вырабаў.
– На гэтай выставе мы бачым прадметы, ідэнтычныя музейным экспанатам, якія карысталіся вялікай папулярнасцю сярод мясцовага насельніцтва ў тыя далёкія часы, – зазначае мастацтвазнаўца і куратар выстаўкі Святлана Крэль. –
Гэта паўторы рарытэтаў плюс аўтарская інтэрпрэтацыя. Вось майстар робіць бранзалет і разумее, што тут “просіцца” менавіта такі элемент, і дадае яго –
атрымліваецца вельмі цікавы падыход з эстэтычнага пункта гледжання. Гэта не выстаўка гістарычных рэчаў, а дэманстрацыя мастацкіх твораў – дробнай пластыкі. Чым яшчэ прываблівае выстава? Тым, што дасюль ніхто такога не рабіў. Чым цікавы чалавек, калі ён у душы мастак? Жаданнем паказаць іншым свае работы, зрабіць штосьці такое, на што мы звярнулі б увагу і пашырылі свае веды. Людзі адыходзяць у нябыт, а рэчы застаюцца і могуць “гаварыць”…
Раіса МАРЧУК,
г. Мінск.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.