Беларусь

Падведзены вынікі абласнога конкурсу юнкараў “Маршрут міласэрнасці”


Гэтае творчае спаборніцтва ўжо ў другі раз  арганізавалі газета “Народная трыбуна” і абласная арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. У конкурсе ўдзельнічалі вучні 8-11 класаў, студэнты ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, ВНУ, навучэнцы ўстаноў дадатковай адукацыі і члены валанцёрскіх атрадаў Чырвонага Крыжа.
Больш чым паўсотні інтэрв’ю, замалёвак і рэпартажаў ацаніла журы ў фінальным туры. Пераможцаў і прызёраў юнкараўскага конкурсу запрасілі ў Брэст. Сустрэчу ладзілі сумесна з кафедрай журналістыкі БрДУ імя А.С. Пушкіна. Дэкан філалагічнага факультэта Вольга Фелькіна, вітаючы юных карэспандэнтаў, зазначыла: “Любоў да слова і жаданне дзяліцца сваімі думкамі – добрая рыса характару, таму што менавіта ў наш час так не хапае годнага слова”.
Галоўны рэдактар “НТ” Галіна Мазіна звярнула ўвагу на высокі ўзровень конкурсных работ і пажадала юным карэспандэнтам і надалей шчыра прапагандаваць ідэі дабрыні і міласэрнасці, якія надаюць жыццю глыбокі змест.
Так, работы сёлета атрымаліся разнастайныя, але ў кожнай з іх – высокія думкі і пачуцці. Мо таму яны так уразілі старшыню абласной арганізацыі  Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Ларысу Варанко, якая адзначыла іх эмацыянальнасць і кранальнасць. Дарэчы, “Маршрут міласэрнасці” ладзілі, каб падтрымаць юнкараўскі рух, паказаць здабыткі валанцёраў Чырвонага Крыжа. Тэма конкурсу аказалася блізкай і зразумелай юным аўтарам, а валанцёрскі рух надзвычай папулярны ў маладзёжным асяроддзі на Брэстчыне.
Дыпломы, падарункі, падзякі… Пераможцы і прызёры конкурсу атрымалі заслужаныя ўзнагароды. А закончылася сустрэча экскурсіяй у Зімовы сад універсітэта.
Ганна ІВАШЧАНКА, “НТ”.
Пераможцы конкурсу
Намінацыя “Інтэрв’ю”:
1-е месца – Аляксандр Яроцкі, студэнт псіхолага-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна;
2-е месца – Ірына Ісаева, студэнтка факультэта банкаўскай справы ПалесДУ;
3-е месца – Аксана Шыкіла, член аб’яднання па інтарэсах “Юны журналіст” ДУА “Стытычаўская СШ” (Пінскі раён); Юлія Вінаград, вучаніца ДУА “Гарадзішчанская СШ” (Баранавіцкі раён).
Намінацыя “Замалёўка”:
1-е месца – Вольга Цепун, вучаніца ДУА “Гімназія №3 імя В.З. Каржа г. Пінска”;
2-е месца – Юлія Пазднякова, вучаніца ДУА “Зеляневіцкі ВПК дзіцячы сад – базавая школа” (Пружанскі раён);
3-е месца – Любоў Ігнатовіч, навучэнка УА “Пінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж машынабудавання”; валанцёрскі атрад “Крылы надзеі” УА “Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт”.
Намінацыя “Рэпартаж”:
1-е месца – Ілья Валастных, навучэнец УА “Баранавіцкі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй машынабудавання”;
2-е месца – Дар’я Міраеўская, член валанцёрскага гуртка “Эра міласэрнасці” УА “Баранавіцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сферы абслугоўвання”;
3-е месца – Крысціна Жушма, вучаніца ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Іванава”.
За актыўны ўдзел у абласным юнкараўскім конкурсе “Маршрут міласэрнасці” і прапаганду ідэй валанцёрскага руху Чырвонага Крыжа адзначаны: Юлія Шумская, вучаніца ДУА “Белалясоцкі ВПК дзіцячы сад – базавая школа” (Пружанскі раён), Хрысціна Зайко, член валанцёрскага атрада “Ювента” ДУА “Ахоўская СШ” (Пінскі раён), Паліна Варановіч, член гуртка “Юны карэспандэнт” ДУА “Краснавольская яслі-сад –
сярэдняя школа” (Лунінецкі раён), валанцёрскі атрад “Міласэрнасць” ДУА “Гнеўчыцкі ВПК дзіцячы сад – базавая школа” (Іванаўскі раён).

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля