Беларусь

Пётр Пракаповіч сустрэўся са студэнтамі БрДТУ


Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Пётр Пракаповіч сустрэўся са студэнтамі БрДТУ.
Пасля апошняга візіту Пятра Пракаповіча ў тэхнічны ўніверсітэт прайшло ўжо дзевяць гадоў, таму ён з цікавасцю пазнаёміўся з апошнімі дасягненнямі студэнтаў і даведаўся аб сучасных распрацоўках выкладчыкаў і юных навукоўцаў. Асаблівую ўвагу Пётр Пятровіч звярнуў на інавацыйны падыход і свежыя ідэі маладых у фарміраванні новай стабільнай эканомікі краіны.
– Цяперашнія студэнты маюць вялікі патэнцыял, – адзначыў Пётр Пракаповіч. – У маладых ёсць здольнасці і жаданне быць карыснымі сваёй краіне. Яны будуць запатрабаваны заўтра – як кваліфікаваныя спецыялісты і таленавітыя навукоўцы. Мы гадуем новае пакаленне эфектыўных менеджараў і ўскладаем на іх вялікія надзеі. Спадзяюся, што маладыя спецыялісты ўнясуць важкі ўклад у развіццё эканомікі.
Студэнты і выкладчыкі змаглі задаць пытанні старшыні праўлення Нацбанка краіны. Цікавіліся яны і рацыянальнасцю спажывання венесуэльскай нафты, і ростам цэн, і нестабільным курсам папулярных у краіне валют. Задавалі студэнты і пытанні прыватнага характару, якія тычыліся канкрэтных сітуацый. З імі дапамаглі разабрацца госці. На сустрэчы прысутнічалі: старшыня галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці Іван Пацоўскі, намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама Вячаслаў Хафізаў, намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна г.Брэста Ігар Дашкевіч.
Пётр Пракаповіч адзначыў актыўнасць брэсцкіх студэнтаў і іх зацікаўленасць эканамічным становішчам краіны. Ён выказаў пажаданне: захаваць гэты запал і ў будучым.

Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля