Беларусь

Пра анкалогію, аптымізм і… аліўкавы алей


Па праўдзе сказаць, дык мы ўсе баімся дактароў. Можа, таму і пазбягаем наведваць установы аховы здароўя, адцягваючы сустрэчу з людзьмі ў белых халатах, наколькі дазваляе самаадчуванне і ўзровень асабістай цярплівасці. Хоць многія з нас ведаюць: папярэдзіць сур’ёзную хваробу значна лягчэй, чым яе лячыць. А можа, паспрабуем хоць бы пракансультавацца ў спецыяліста? Чытачам “НТ” такую магчымасць дасць рэдакцыйная “прамая лінія”. Мы пачынаем серыю тэлефонных “сустрэч” з медыкамі. Ім вы зможаце задаць самыя розныя пытанні. Найбольш цікавыя і актуальныя для шырокага кола чытачоў разам з кампетэнтнымі адказамі змесцім на старонках газеты.

Наш сённяшні госць – прадстаўнік таго кірунку медыцыны, які актыўна развіваецца, бо дапамога патрабуецца найсур’ёзнейшая, а статыстыка, на жаль, гаворыць аб росце колькасці хворых гэтага профілю. На пытанні жыхароў Берасцейшчыны адказвае галоўны ўрач абласнога анкалагічнага дыспансера, кандыдат медыцынскіх навук, анколаг з 40-гадовым лячэбным стажам Канстанцін ШЭЛЕПЕНЬ.

Алена БУРЫК, г. Брэст:
– Канстанцін Георгіевіч, дзякуй Вам за ўвагу да лю-дзей і за тое, што стварылі такі дзеяздольны і прафесійны калектыў! Мой бацька (жыве ў Лунінецкім раёне) – пацыент  дыспансера. Ён трапіў на лячэнне ў маі мінулага года. У яго знайшлі рак прастаты. Мы думалі, што без аперацыі не абыдземся. А нам прапанавалі брахіятэрапеўтычны комплекс – і справы пайшлі на лад. Дзякуй урачам Сяргею Леанідавічу Лапічу і Дзмітрыю Іванавічу Сосіку за аператыўнасць у прыняцці рашэнняў, правільны выбар лячэння, за псіхалагічную, маральную падтрымку – майму бацьку гэта было вельмі неабходна ў той сітуацыі.
– Дзякуй на добрым слове! Абавязкова перадам па-дзяку ўрачам, якіх Вы назвалі. Брахіятэрапеўтычны комплекс, насамрэч, адна з эфектыўных новых методык у лячэнні раку прастаты. Ёсць пэўныя паказанні для яго прымянення, але Вашаму бацьку пашанцавала, і ён трапіў літаральна ў першую дзясятку пацыентаў дыспансера, якія такое лячэнне пачалі праходзіць. Гэта альтэрнатыва выключна аператыўнаму лячэнню. Працэдура складаная, разлік доз вядзецца індывідуальна, сеансы праходзяць тры разы на тыдзень. Мінімум ускладненняў. Мы стараемся, як кажуць, ісці ў нагу з часам, усё новае ў галіне лячэння анкалогіі імкнёмся прымяняць. А тата як сябе адчувае?
– Кажа, што значна лепш, чым раней.
– Мяркую, яму трэба прыехаць на кантрольную праверку. Вельмі важна замацаваць дасягнуты вынік.
Таццяна ВАСІЛЬЕВА, г. Брэст:
– Ці залежыць рызыка развіцця анкалагічнай хваробы ад лішняй вагі?
– Лішняя вага, адназначна, з’яўляецца фактарам рызыкі развіцця анкалогіі. Статыстыка Сусветнай арганізацыі аховы здароўя пацвярджае, што тыя, хто мае лішнюю вагу, часцей трапляюць у шэрагі пацыентаў анколагаў. Асабліва небяспечна атлусценне 3-й ступені. Магу назваць віды злаякасных пухлін, на ўзнікненне якіх уплывае вагавы фактар: рак яічніка, цела маткі, абадочнай кішкі, малочных залоз. Але я не скажу, што 100-працэнтна ўсе “дамы ў целе” сутыкаюцца з анкалагічнымі праблемамі. Ды рызыку не трэба ігнараваць і лепш сачыць за сваёй вагой.
Анастасія РЫБЧЭЎСКАЯ, Брэсцкі раён:
– Стараюся сачыць за правільнасцю харчавання. Хачу ведаць, якіх асноўных прынцыпаў у ежы варта прытрымлівацца, каб знізіць рызыку анкалогіі?
– Па розных крыніцах да 30 працэнтаў анкалагічных хвароб звязаны з дрэнным харчаваннем – а значыць, іх можна папярэдзіць. Так што і далей прытрымлівайцеся здаровага ладу жыцця і правільнага харчавання. Узгадаю выказванне: мы ёсць тое, што мы ядзім. Таму глядзіце, што ў талерцы. Безумоўна, павінна быць абмежаванне тлустай ежы, а вось садавіны ды гародніны спажывайце як мага больш.
Павел ЖУК, Камянецкі раён, Дар’я КРАГЕЛЬ, г. Бяроза:
– Падкажыце, ці ёсць сувязь паміж узростам чалавека і тым, як часта ўзнікаюць анкалагічныя хваробы?
– У нас у структуры смяротнасці анкалогія займае другое месца (13 – 14 працэнтаў), а вось у развітых еўрапейскіх краінах – першае. Тлумачэнне простае: у Еўропе працягласць жыцця вышэйшая. Старэнне ж – адзін з фактараў рызыкі развіцця раку. Злаякасныя пухліны бываюць у людзей розных узростаў, але ў пажылых яны сустракаюцца часцей. Пік такіх новаўтварэнняў прыпадае на 60 год і старэйшых. Гадоў 20 таму 70-гадоваму пацыенту пісалі, што, улічваючы ўзрост і спадарожныя хваробы, радыкальнае лячэнне правесці нельга. Цяпер жа ўзроставай мяжы для лячэння анкалогіі няма.
Марына КІРЫЛЮК, г. Пінск:
– Прачытала ў інтэрнэце, што добрыя сродкі ў барацьбе з анкалогіяй – зялёны чай, рапсавы, аліўкавы і льняны алеі. Гэта сапраўды так?
– Навуковых даследаванняў наконт гэтага я не ведаю. Зялёны чай – усходняя традыцыя, чорны – у пашане на Каўказе. Асабіста я люблю змешваць гэтыя гатункі чаю. Не думаю, што ёсць нейкая залежнасць у прафілактыцы, а тым больш лячэнні анкалогіі ад віду напітку. Што да алеяў, дык усе яны (асабліва аліўкавы) карысныя для страўнікава-кішэчнага тракту. Але і тут навукова пацверджанага зніжэння рызыкі з’яўлення злаякасных пухлін няма.
Марыя Іванаўна, г. Іванава:
– Ці можна прайсці абследаванне ў абласным дыспансеры без накіравання з раённай бальніцы?
– Абследаванне якога характару?
– Каб высветліць, ёсць якая-небудзь анкалогія ці не.
– У анколагаў трошкі іншыя задачы: мы займаемся лячэннем анкалагічных хвароб. А вызначэнне наяўнасці анкалагічнай паталогіі – абавязак, як кажуць, урачоў першага кантакту: тэрапеўта, гінеколага і іншых па месцы жыхарства. Тым не менш, у дыспансеры аказваем платнае кансультаванне, якое можна атрымаць без накіравання. Звяртайцеся ў рэгістратуру нашай лячэбнай установы (тэлефон у Брэсце 8(0162)97-76-74). Толькі хачу папярэдзіць, што не існуе ўніверсальнага маркёра, каб высветліць, ці ёсць ракавая праблема і якога віду. Найбольш агульны маркёр – РЭА, яго магчыма ў нас зрабіць, а таксама атрымаць рэкамендацыі анколага. Цэны ў нас дэмакратычныя. Усё можна даведацца ці патэлефанаваўшы, ці на сайце дыспансера.
– У мяне апошнім часам праблемы з гартанню…
– У штаце дыспансера ёсць ЛОР-анколаг, да яго і запішыцеся на кансультацыю. Але, можа, спачатку варта ў Пінскі анкалагічны дыспансер звярнуцца – Іванава тэрытарыяльна аднесена да яго. Нашу паліклініку здалі 12 год таму, яна была разлічана на 250 наведванняў у змену. Мы цяпер значна перакрываем магутнасці, таму ўсё ж пажадана не перагружаць яе дыспансернымі абследаваннямі.
Людміла ВІКТАРОВІЧ, г. Баранавічы:
– Якія фактары рызыкі ўзнікнення анкалагічных хвароб Вы вылучылі б найперш? Ці магчыма зменшыць рызыку?
– Спецыялісты лічаць, што больш за 30 працэнтаў выпадкаў смерці ад анкалагічных хвароб можна пазбегнуць шляхам папярэджання ці змянення асноўных фактараў іх узнікнення. Гэта, безумоўна, атлусценне, курэнне, нізкая фізічная актыўнасць, экалогія (у прыватнасці, забру-джванне паветра). Ёсць такое выказванне: працяглы смутак – доўгая дарога да раку. Стрэс мае вельмі дрэнныя наступствы для нашага арганізма, таму старайцеся не нервавацца. У нас доўгі час у грамадстве дэкларавалася: праз церні – да зорак. Мы часта ствараем сабе цяжкасці, а потым старанна іх пераадольваем. Лепей узяць на ўзбраенне ўсходні падыход: любую перашкоду трэба паспрабаваць абысці. Жадаю ўсім нам як мага больш пазітыву.
Аляксандра СМІРНОВА, г. Брэст:
– Ці магчыма пазбегнуць анкалогіі?
– Аптымізм і правільны лад жыцця – вось рэцэпт, які магу даць. Няма ў нас прышчэпак ад анкалагічных хвароб, а таму варта думаць аб здароўі з маленства і штодня, а не тады, калі хвароба ўчэпіцца ў твой арганізм.
Марына КАНАНОВІЧ, Івацэвіцкі раён:
– На форумах у інтэрнэце, а часам і ў іншых сродках масавай інфармацыі даводзілася чытаць, што ёсць народныя сродкі, якія дапамагаюць справіцца з анкалогіяй. Ці варта спрабаваць лячыць гэтую небяспечную хваробу з дапамогай нетрадыцыйнай медыцыны?
– Не ведаю я такіх сродкаў. Хутка будзе, як 40 год працую ў анкалогіі, і ўсе 40 год выслухоўваю адны і тыя ж пытанні пра народныя сродкі. Толькі раней “цудадзейныя” рэцэпты прыносілі напісанымі ад рукі ці надрукаванымі на машынцы, а цяпер – раздрукаваныя на прынтары. У нас з’явілася шмат новых прэпаратаў, анколагі шукаюць новыя методыкі лячэння. На жаль, універсальнага сродку няма.  Карыстацца трэба праверанымі народнымі рэцэптамі і толькі ў тых сферах, дзе пацверджаны ўжо іх лекавы і прафілактычны эфект. Да анкалогіі гэта не адносіцца.
Дар’я ЧАЙЧЫЦ, г. Брэст:
– Скажыце, калі трэба звяртацца да ўрача-анколага для прафілактычнага агляду? Бо, вядома ж, у гэтай сферы надзвычай важны своечасовы зварот.
– Ва ўсім свеце ўрач-анколаг – гэта спецыяліст, які займаецца лячэннем, а не першаснай дыягностыкай. У нас мы пакуль яшчэ выступаем і арганізатарамі. Напрыклад, ладзім скрынінгавыя праграмы ў Брэсце, Пінску, Баранавічах. У нас захавалася спецыялізаваная анкалагічная служба, і яе задачы трошкі іншыя, чым прафілактычныя агляды.
Калі ў Вас узнікла нейкае сумненне ці Вам захацелася для сябе прайсці абследаванне, дык задавайце пытанне ўчастковаму тэрапеўту, гінеколагу і г. д. Пры неабходнасці яны дадуць накіраванне на даследаванне ў анкалагічны дыспансер. А жанчынам, напрыклад, настойліва рэкамендую праводзіць рэгулярна самаабследаванне грудзей –
як паказвае практыка, гэта дазваляе выявіць непрыемнасць раней і паспяхова пралячыць жанчыну.
Святлана Канстанцінаўна, г. Іванава:
– Апошнім часам на целе сталі з’яўляцца радзімкі, і гэта мяне турбуе. Можа, трэба здаць які аналіз, каб выключыць анкалогію?
– Чаму Вы адразу думаеце, што радзімкі звязаны з анкалогіяй? З узростам скура чалавека мяняецца і новаўтварэнні на ёй могуць з’яўляцца – у такой сітуацыі ніякіх аналізаў здаваць не трэба, а варта, каб паглядзеў кваліфікаваны доктар. Калі радзімкі размешчаны на траўманебяспечных месцах (паясніца, плячо, дзе звычайна сумачку носіце і г. д.), дык іх варта выдаліць. У 99 працэнтах гэтыя радзімкі не з’яўляюцца злаякаснымі новаўтварэннямі.
– І ўсё ж я хацела б атрымаць кансультацыю спецыяліста…
– Раю Вам звярнуцца да дэрматолага. Прынамсі, у Іванава ёсць анколаг, хірург. Яны могуць даць накіраванне ў дыспансер, мы паглядзім, зробім заключэнне (выдаліць тое і тое), а працэдуру выканаюць у агульнай лячэбнай сетцы.
Уладзіслаў БОНДАР, г. Брэст:
– У нас практыкуюцца прафагляды, дыспансерызацыя. А з якой перыядычнасцю рэкамендуюцца анкалагічныя прафілактычныя абследаванні?
– Ёсць штогадовы прафілактычны агляд. Што жанчыны, што мужчыны – усе павінны яго праходзіць. У медыцынскіх колах прымяняецца вызначэнне “анкалагічная насцярожанасць”. Урачы ў паліклініках абавязаны звяртаць увагу на пэўныя праяўленні хваробы і пры любым сумненні накіроўваць на дадатковае абследаванне. Сёлета мы пачнём у абласным цэнтры пілотны праект для жанчын. У гарадскіх паліклініках №№2 і 6 пастаўлены мамографы. Жанчыны ўзросту 50 – 69 год павінны прайсці мамаграфію. Не для таго, каб нешта знайсці, а каб упэўніцца, што паталогіі няма. Рэкамендую і мужчынам так ставіцца да прафілактычных аглядаў.
– А ўсе пацыенты праходзяць аднолькавую праграму анкалагічнага агляду?
– Ёсць розныя групы рызыкі па анкалогіі, розныя лакалізацыі раку, мужчыны і жанчыны, розны ўзрост. Таму ў анкалагічным аглядзе індывідуальны падыход надзвычай важны.
Вольга ГАРЭЛІК, г. Брэст:
– Канстанцін Георгіевіч, якія прафілактычныя мерапрыемствы лічацца найбольш эфектыўнымі ў прафілактыцы анкалагічных хвароб?
– Пазбягаць фактараў рызыкі анкалагічных хвароб. Рэкамендую захоўваць рэжым харчавання, выкарыстоўваць экалагічна чыстыя прадукты, падтрымліваць фізічную актыўнасць, пазбаўляцца шкодных звычак. Эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя да ліку эфектыўных прафілактычных мерапрыемстваў адносяць вакцынацыю супраць інфекцый, якія выклікаюцца вірусам папіломы чалавека (HPV) і вірусам гепатыту B (HBV).
Таксама неабходна кантраляваць шкодныя і небяспечныя фактары на месцы працы і скарачаць час знаходжання на сонцы. Прынамсі, у мінулым стагоддзі анкалагічны дыягназ гучаў як прыгавор. Сёння гэта не так. Многіх вылечваем, многім значна прадаўжаем жыццё. Даследаванні па раку вядуцца актыўна, таму з’яўляюцца новыя дыягнастычныя падыходы, удасканальваюцца існуючыя метады абследавання і лячэння.
Барацьба з ракам вымагае не толькі работы доктара, але і пацыент павінен імкнуцца да станоўчага выніку, па-сапраўднаму быць змагаром са сваёй хваробай. Нельга здавацца, бо ніхто з нас не ведае сілы свайго арганізма. Скажу, што нават пры вельмі неспрыяльных прагнозах здараюцца змены ў лепшы бок, з’яўляецца надзея, што хваробу адолеем. Беражыце сябе і памятайце, што ў нас заўсёды ёсць надзея.
Дзяжурыла на “прамой лініі”
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Фота Аляксея ГАНЧУКА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля