Беларусь

”Прамая лінія“ ”НТ“: Ах, сэрцайка ты маё…


Сэрца працуе – чалавек жыве. Ніхто не стане аспрэчваць важнасць органа, які падтрымлівае жыццядзейнасць усяго арганізма. І наўрад ці трэба каго пераконваць, што сардэчна-сасудзістая сістэма патрабуе ўвагі і клопату. Як зберагчы сэрца, каб яно працавала без збояў? Што можа падтрымаць і ўмацаваць гэты орган? Якія фактары рызыкі асабліва небяспечныя для яго? На гэтыя і іншыя пытанні чытачоў “НТ” адказала галоўны ўрач абласнога кардыялагічнага дыспансера Наталля ПАБІВАНЦАВА.
Марыя МІЦКЕВІЧ,
Столінскі раён:
– Апошнім часам стала заўважаць, што, засынаючы, адчуваю, як моцна б’ецца сэрца. На левым баку з цяжкасцю засынаю. Можа, такая з’ява звязана з нейкай сур’ёзнай хваробай?
– Калі чуеце, што сэрца б’ецца, – гэта добра. Дрэнна, калі яно не б’ецца. Безумоўна, важна, якім чынам працуе сэрца: з якой частатой, наколькі рытмічна, ці ёсць нейкія непрыемныя адчуванні. Зыходзячы з Вашых скаргаў, Марыя, заўчасна гаварыць аб сур’ёзнай хваробе ці нейкай кардыялагічнай праблеме. Трэба абследавацца. Парэкамендую зрабіць холтэраўскае даследаванне – з дапамогай спецыяльнага апарата зафіксаваць кардыяграму за суткі. Звярніцеся ў сваю тэрытарыяльную паліклініку. У раёне неабходнае абсталяванне ёсць, ніякай спецыфічнай падрыхтоўкі да гэтай працэдуры не спатрэбіцца. Пасля расшыфроўкі паказанняў прыбора можна будзе гаварыць (з пэўнай доляй верагоднасці), ёсць сардэчная праблема ці не.
Што да цяжкага засынання на левым баку, дык яно можа быць звязана з астэахандрозам, праблемамі кровазвароту і іншымі. Нават псіхаэмацыянальны стан можа паўплываць, бо чалавек пачынае да сябе прыслухоўвацца, як кажуць, выбіваецца са сну. Таму адна парада: звярніцеся ў паліклініку.
Валянціна ЖУК,
г. Івацэвічы:
– Якое неабходна прайсці абследаванне, каб паставіць ці выключыць дыягназ ішэмічнай хваробы сэрца?
– Доктар заўсёды кіруецца скаргамі на самаадчуванне, з якімі да яго прыходзіць пацыент. У выпадку з ішэмічнай хваробай чалавек будзе скардзіцца на загрудзінныя болі, якія сціскаюць, пры хадзьбе (мае значэнне, на якую адлегласць ходзіце), пры пад’ёме па лесвіцы (зноў жа – на які паверх), з’яўленне задышкі, арытміі і інш. Абавязкова замер ціску, выслухоўванне рытму сэрца…
Калі ў доктара ўзнікне падазрэнне на ішэмічную хваробу, тады спатрэбіцца дадатковае абследаванне. Найперш, біяхімічны аналіз крыві, у якім трэба звярнуць увагу на спектр ліпідаграмы. Яна дапамагае высветліць наяўнасць атэрасклерозу, бо ён – прычына ішэміі міякарда. Далей спатрэбіцца кардыяграма, якую пажадана зрабіць, калі сэрца знаходзіцца ў стане фізічнай нагрузкі – так званая проба з нагрузкай ці веламетрычная проба (“веласіпед” – як называюць яе ў народзе). Праводзіцца пад кантролем доктара. Таксама даследаванне артэрыяльнага ціску, магчыма, і ўльтрагукавое даследаванне (але яно ў большай ступені паказвае наступствы перанесенай хваробы сэрца). Калі пацыент мае некаторыя абмежаванні (напрыклад, хваробы апорна-рухальнай сістэмы), дык можна замяніць “веласіпед” на трэдміл-тэст – чалавек праходзіць па спецыяльнай дарожцы (ёсць у абласным кардыялагічным дыспансеры). Толькі па суме атрыманых вынікаў урач зробіць больш канкрэтнае заключэнне, а пры неабходнасці – дасць накіраванне ў наш дыспансер. Нагадаю, што прыём па накіраваннях праводзіцца бяс-платна.
І вось яшчэ што. Калі згаданыя даследаванні не праяснілі сітуацыю, будзе выкарыстаны яшчэ адзін спосаб – пад кантрасным рэчывам і рэнтгенаўскімі промнямі можна вызначыць праблему ў току крыві ў сасудах сэрца. Даследаванне праводзіцца выключна па паказаннях, бо ўсё ж такі каранаграфія – аперацыя, хоць і зусім бяскроўная.
Марыя Сяргееўна,
г. Іванава:
– Мужу 54 гады, павышаны ціск з сярэдняга ўзросту, вельмі часта істотна павышаецца ніжні паказчык, напрыклад, 200/140. З чым гэта можа быць звязана, і ці ёсць спосаб пазбавіцца ад такой праблемы?
– Прычын можа быць шмат: павышаная маса цела, паталогія шчытападобнай залозы, парушэнне гарманальнага фону наднырачнікаў, паталогія сасудаў нырак і інш. Калі муж рэгулярна прымае лячэнне, а ў яго захоўваюцца такія лічбы, дык магчыма паправіць сітуацыю хірургічным метадам. Лячэнне артэрыяльнай гіпертэнзіі такім чынам вядзецца і ў нас, але неабходна высветліць, наколькі такое ўмяшанне патрэбна канкрэтна Вашаму мужу і ці няма проціпаказанняў для аперацыі. Таму няхай прыязджае на кансультацыю.
Людміла КРАЎЧУК,
г. Брэст:
– Звярнулася да ўрача, а там выявілі павышаны артэрыяльны ціск (140 на 90). Прапісалі лекі. Але ніхто не высвятляе, чаму такі ціск. Змагаюся з сімптомам. А калі прычына ў рабоце сэрца?
– Артэрыяльная гіпертэнзія ў Вас можа быць сімптаматычнай – а значыць, выклікана не сардэчнай паталогіяй, а праблемамі са шчытападобнай залозай, наднырачнікамі, сасудамі нырак, змяненнямі гарманальнага фону і інш. Трэба вызначаць узровень картызолу. Неабходна выключыць прычыны павышанага ціску, а гэта дасць магчымасць лічыць, што ў Вас беспрычынная гіпертэнзія. Сустракаецца яна найчасцей. Таму рабіце ўльтрагукавыя даследаванні шчытападобнай залозы, камп’ютарную тамаграфію наднырачнікаў, вызначце ўзровень халестэрыну, зрабіце УГД сасудаў нырак і іншыя даследаванні. У кардыядыспансеры вызначаць, што трэба праверыць, каб удакладніць дыягназ і знайсці прычыну хваробы.
Лекі, якія прапісаны, неабходна прымаць, бо яны не толькі зніжаюць ціск, але змагаюцца з пабочнымі з’явамі, якія выклікае артэрыяльная гіпертэнзія: высокі ціск негатыўна ўздзейнічае на сардэчную мышцу, а таксама на сценкі сасудаў, ныркі. Важна паменшыць працэсы рэмадулявання міякарда, каб сардэчная мышца не змяняла сваю структуру. Гэта і ёсць прафілактыка сардэчнай недастатковасці.
Наталля ГАРАЧКА,
г. Белаазёрск:
– Мяне турбуе сэрца. Вялікая задышка. Па лесвіцы не магу падымацца. Рабіла ўльтрагукавое даследаванне сэрца. Сур’ёзных праблем не ўбачылі, толькі ўзроставыя змяненні, але параілі жыць у цесным кантакце з кардыёлагам.  Чаму ж мне кепска з сэрцам?
– Ультрагукавое даследаванне – усяго толькі адзін з метадаў дыягностыкі. Нават пры нармальным выніку УГД нельга сказаць, што з сэрцам усё ў парадку. Вы можаце звярнуцца да кардыёлага ў сваю раённую бальніцу ці запісацца на прыём да спецыяліста нашага дыспансера. Такія скаргі, як у Вас, могуць быць выкліканы: 1) паталогіяй сардэчных сасудаў, якую на УГД-апараце мы не ўбачым; 2) у выпадках складаных парушэнняў рытму; 3) як вынік запушчанай артэрыяльнай гіпертэнзіі;
4) праблемамі шчытападобнай залозы. Каб адкарэкціраваць лячэнне, гутаркі па тэлефоне недастаткова. Нават узроставыя змены можна паправіць, таму парада адна: да спецыяліста!
Ганна ШАЎЧУК,
г. Брэст:
– Турбуюць пастаянныя болі ў вобласці сэрца і перапады артэрыяльнага ціску. Пры гэтым у мяне нармальныя аналізы, кардыяграма. Урачы прапісваюць таблеткі, але эфекту ніякага. Асабліва страшна ноччу: каля поўначы сэрца замірае, з’яўляецца галавакружэнне, потым сэрца пачынае біцца так, быццам выскачыць хоча. Ціск павышаецца да 190 на 130, пульс 120. Чаму так? Дапамагае толькі капатэн. Засынаю пад раніцу. Днём сэрца ные.
– Вельмі шмат сімптомаў ды праблем. Калі назначылі лячэнне, дык яго сэнс у выпадку з Вамі не ў тым, каб “збіць” ціск, а каб не дапусціць яго росту. Усё залежыць ад таго, наколькі добрасумленна будзеце прымаць лекі: штодзённа, у прапісаных дозах. Калі ж таблеткі не дапамагаюць, трэба ацаніць іх эфектыўнасць. Для гэтага рэкамендую зрабіць сутачнае манітарыраванне ціску (такое ж, як холтэраўскае – для сэрца). Адпаведнае абсталяванне ў паліклініках ёсць. Тады можна будзе змяняць дозу, час прыёму лекаў.
Што да капатэна – дык гэта прэпарат аднаразовага ўздзеяння, які аднаразова здымае ціск, але ніяк не ўплывае на тое, каб трымаць яго ў норме. Вы выпілі капатэн, праз 3 гадзіны яго дзеянне закончылася, і ціск вярнуўся. Мяркуючы па лічбах, у Вас гіпертэнзія III ступені, і трэба сур’ёзна заняцца выпраўленнем сітуацыі.
– А ці магу звярнуцца ў дыспансер?
– Так. Па накіраванні свайго ўрача, калі трэба ўдакладніць дыягназ ці змяніць схему лячэння, – бясплатны прыём, без накіравання –
платны.
Надзея ПЕТРУШЭВІЧ,
Іванаўскі раён:
– Сыну 35 год. На мой погляд, ён надта захапляецца півам, хоць іншым алкаголем не злоўжывае, не курыць. Ці могуць з-за гэтага ўзнікнуць праблемы з сэрцам?
– Безумоўна, залішняе спажыванне алкаголю негатыўна ўплывае на сардэчную мышцу, а піва – гэта алкаголь.
– А калі безалкагольнае піва п’е?
– Нават спажыванне проста вадкасці больш чым 5 літраў у дзень можа негатыўна ўплываць на сардэчна-сасудзістую сістэму і ныркі. Таму рэкамендую пераглядзець “узаемаадносіны” з півам незалежна ад градуса напою.
Дзіна САМУСЕВІЧ,
г. Брэст:
– Ці варта рабіць аперацыю (шунціраванне) пры вялікім утрыманні цукру ў крыві (9 – 12)?
Наколькі шунціраванне будзе паспяховым?
– Наяўнасць ці адсутнасць высокага  цукру ў крыві не з’яўляецца паказаннем або проціпаказаннем для шунціравання, але цукровы дыябет – гэта ўскладняючы фактар ва ўсім, у тым ліку і для прагнозу працякання хваробы сэрца. Шунціраванне – аперацыя, якая паказана пры наяўнасці значнага стэноза каранарных артэрый, калі інфаркт можа ў любы момант здарыцца. А ўскладненне ад цукровага дыябету праяўляецца ў тым, што ўзнікаюць так званыя бязболевыя формы: чалавек нічога не адчувае, хоць у яго ўжо ідзе інфарктны працэс.
Калі шунціраванне кардыёхірургі назначылі, дык трэба ісці на аперацыю. А лічбы па цукры крыві неабходна папярэдне адкарэкціраваць, каб стабілізаваць паказчык.
Аляксандр КАНАНЧУК,
г. Драгічын:
– Быў артэрыяльны ціск 170/100. Пасля прыёму лекаў (канкор і берліпрыл) – 90/60. Аднак часам цісне патыліцу. Гэта нармальна?
– Ваш першасны ціск адносіцца да артэрыяльнай гіпертэнзіі. Лячэнне прызначана правільна. Чаму 90/60? Хутчэй за ўсё трэба адрэгуляваць дозу лекаў, а для гэтага на працягу сутак маніторынг ціску зрабіць. У патыліцы цісне пры скачках высокага ціску, але ў Вашым выпадку трэба выправіць найперш дазіроўку.
Таццяна МАРОЗ,
г. Брэст:
– У мяне сінусовая тахікардыя, але нізкі ціск. Раблю зарадку, адчуваю сябе пасля яе добра. Што парэкамендуеце для павелічэння ціску? Можна мне заняцца якім-небудзь відам спорту?
– Зарадка абсалютна ўсім паказана і рэкамендуецца. Пытанне аб спартыўных сур’ёзных нагрузках магчыма вырашыць толькі пасля паглыбленага даследавання. Трэба паглядзець параметры сінусовай тахікардыі: частата, ці ёсць парушэнні рытму. У такім даследаванні дапаможа холтэраўскае манітарыраванне і кардыяграма. Памерайце свой ціск хоць бы з тыдзень, тады можна будзе нейкія вывады рабіць у дачыненні да прэпаратаў, каб яго павысіць. А можа, гэта не спатрэбіцца. Усё вырашыць урач, у якога назіраецеся.
Наталля ВАСІЛЬЕВА,
г. Баранавічы:
– Летам, як вядома, прыродныя вітаміны даступныя. Парэкамендуйце, якую садавіну-агародніну з ліку нашых, беларускіх, трэба спажываць, каб умацаваць сардэчную мышцу і ўвогуле сардэчна-сасудзістую сістэму?
– Для сасудаў, для работы сэрца ўсе фрукты, мясцовая гародніна няшкодныя. Значэнне маюць мікраэлементы. Нашаму сэрцу неабходны магній, калій. Таму ешце капусту, яблыкі, памідоры, бульбу. Але патрэбна мера ў спажыванні вугляводаў. Збалансаванае харчаванне – найлепшы з варыянтаў. Бо немагчыма аддаць перавагу сэрцу і пры гэтым сапсаваць баланс бялкоў, цукраў… І абавязкова –
малочныя прадукты, для людзей старэйшага ўзросту лепей падыдуць кісламалочныя.
Васіль ЮДЧЫЦ,
г. Брэст:
– У дачкі (ёй 8 год) праблемы з сэрцам. Так сказалі ў паліклініцы і далі накіраванне на кардыяграму. А ці ёсць у нас спецыяліст па дзіцячых сардэчных праблемах?
– Наш дыспансер разлічаны на дарослых пацыентаў, але ёсць дзіцячы пазаштатны кардыёлаг абласнога ўпраўлення аховы здароўя Таццяна Мікалаеўна Сукачова. Яна загадвае аддзяленнем кардыялогіі ў абласной дзіцячай бальніцы і вядзе штодзённы кансультацыйны прыём у дзіцячай кансультацыйнай паліклініцы па вул. Халтурына. У рэгістратуры падкажуць гадзіны прыёму.
Віктар КАНАНОВІЧ,
Івацэвіцкі раён:
– У мяне гіпертанічная хвароба I ступені. Рабіў УГД сэрца. Паталогіі не выявілі. А як хутка працякае працэс уздзеяння гіпертаніі на сэрца?
– Ультрагукавое даследаванне ацэньвае работу клапанаў і помпавую функцыю сэрца. Гіпертанічная хвароба I ступені на УГД пакуль бачна не будзе, але з прагрэсуючым станам хваробы праблема ўскладніцца. Калі сэрца працуе пад вялікім ціскам, адбываецца нарастанне мышачнай масы, галоўная мышца чалавека пачынае “здаваць”. Не трэба даводзіць сэрца да такога стану: кідайце шкодныя звычкі, не курыце, збалансуйце харчаванне. Гіпертанія –
прамы фактар рызыкі развіцця ўсіх хвароб сістэмы кровазвароту. Нармальным з’яўляецца ціск да 140/90 нават пры фізічных, эмацыянальных нагрузках. Не суцяшайце сябе “рабочым ціскам”, а імкніцеся да згаданых вышэй лічбаў.
Дарэчы, 26 чэрвеня вобласць далучылася да агульнарэспубліканскай медыка-асветніцкай акцыі “Скажы здароваму сэрцу – ТАК!”. Наведайце яе мерапрыемствы – яны праходзяць і сёння ва ўсіх гарадах вобласці, многіх сельскіх населеных пунктах. Ва ўстановах аховы здароўя працуюць тэматычныя кансультацыйныя “лініі”.
Беражыце сэрца – вось мая рэкамендацыя. Калі ж нешта турбуе, дык неадкладна звяртайцеся да спецыяліста.
На “прамой лініі” дзяжурыла
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Фота Аляксея ГАНЧУКА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля