Беларусь

Прэм’ера спектакля “На дне” адбылася ў Брэсце на мінулым тыдні


Нават праз 111 гадоў п’еса Максіма Горкага не страціла сваёй актуальнасці і сацыяльнай вастрыні, а таму цудоўна ўпісалася ў сучасныя рэаліі. Начлежкі XXI стагоддзя (на сучасны лад – баракі) – першае, што прыцягвае ўвагу гледача на сцэне. Дзверы і сцены імправізаванай пабудовы ўпрыгожваюць графіці. Падобныя элементы гарадскога пейзажу – адзіныя яркія плямы ў жыцці галоўных герояў – лю-дзей, чый арганізм даўно атручаны алкаголем. Хто канчаткова і беспаваротна страціў імя, хоць мянушкі ёсць нават у жывёл. Гэта іх мы кожны дзень сустракаем на вуліцах – каля сметнікаў, магазінаў ці піўных.
На прэм’еру спектакля “На дне” ў Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы ў пераважнай большасці прыйшла моладзь. Учарашнія і сённяшнія школьнікі ды студэнты фактычна і ёсць тая мэтавая аўдыторыя, на разуменне якой у першую чаргу разлічаны варыяцыі рэжысёра Цімафея Ільеўскага. Але зацікавіць такога гледача вельмі няпроста: трэба, як мінімум, размаўляць з ім на адной мове. Можа, таму хоць і не юнацкі, аднак усё ж максімалізм знайшоў адбітак і ў сцэнаграфіі Паўла Рабава. Увага да дэталей, што ствараюць быт персанажаў, атрымалася вычарпальнай, месцамі нават празмернай.
Літаральна адным махам расстаўлены ўсе кропкі над “і” ў вобразах галоўных герояў. Зусім няма месца для ўяўлення, бо брутальны “качок” у спартыўным касцюме і з ланцугом на шыі – ніхто іншы, як злодзей Васька Пепел (Аляксей Шчарбакоў), а лэдзі ў высокіх белых боціках і такога ж колеру плашчы – яго палюбоўніца Васіліса Карпаўна (Наталля Лабко). У спадарыні ў спецадзенні тэхнічкі лёгка пазнаецца малодшая сястра гаспадыні начлежкі – Наталля (Вольга Жук). Летуценніца Настасся (Кацярына Яцкавец) па чарзе прымярае на сябе то аблічча німфеткі ў сеткавых панчохах, то вобраз нефармалкі, якая спрабуе адгарадзіцца ад жорсткай рэчаіснасці з дапамогай велізарных навушнікаў. Яна па-дзіцячы верыць у цуды, можа, таму і не спяшаецца выкідваць старэнькую засохлую ёлку – каб не адпускаць ад сябе нейкае адчуванне свята і надзеі.
Уціхамірвальная кашуля на паміраючай Ганне (Ірына Пашэчка) нібы сведчыць пра тое, што жанчына скарылася свайму лёсу. Сапраўды, калі там не будзе пакут, дык на гэтым свеце можна і пацярпець. Хоць у творы Горкага не адчувалася ўпэўненасці ў тым, што гераіня ўсё ж знойдзе спакой, Цімафей Ільеўскі дае яе нам. Атрымліваецца, гэта і ёсць тое лепшае, дзеля чаго жыве чалавек…
Фірменны шалік футбольнага клуба “Дынама-Брэст” на шыі аднаго з герояў пастаноўкі дазваляе думаць, што менавіта ў нашым горадзе разыгрываецца гэта пранізлівая бытавая драма. Аднак месцам дзеі можа быць і іншы населены пункт, бо падобныя персанажы – абсалютна ўніверсальныя, не абмежаваныя ніякімі геаграфічнымі рамкамі.
Насельнікі начлежкі быццам жывуць адным днём, але не толькі ў тым сэнсе, што не клапоцяцца пра будучыню. Само паняцце часу ў спектаклі вельмі расплывістае: ён вымяраецца толькі гулам чарговага цягніка, які набліжаецца. Менавіта ў іх – стальных скакунах, што імчаць у кірунку Берліна, Варшавы ці Масквы – Цімафей Ільеўскі бачыць альтэрнатыву горкаўскім “карэтам мінулага”. Яны – як рухомая рэклама лепшага жыцця, трапіць у якое героям, на жаль,  не суджана.
Нягледзячы на сучаснасць трактоўкі, горкаўскі тэкст зусім не губляецца, а гучыць надзвычай арганічна. Адна мая выпадковая суразмоўніца спачатку нават не пазнала першакрыніцу. “Склалася ўражанне, што гэта нейкі іншы твор, – падзялілася жанчына. – Але спектакль выглядаў досыць кінематаграфічным, а таму спадабаўся”. Што ж, падобны крытэрый якасці таксама мае права на існаванне. А параўнанне з сінематографам, тым не менш, не такое ўжо недарэчнае. Апошнім часам рускае аўтарскае кіно ўсё часцей схіляецца да падобных ўпадніцкіх настрояў і бытавых сюжэтаў.
Атмасферу безвыходнасці ў фінале спектакля падкрэслівае і агрэсіўны саўндтрэк, калі гаварыць “кіношнымі” тэрмінамі. Кампазіцыя “Без шансаў” з новага альбома папулярнай сярод моладзі спявачкі Земфіры – вось рэжысёрскі вердыкт жыхарам сучаснай начлежкі. І нездарма прагучаў ён менавіта з вуснаў рамантычнай Настассі, якая растварылася ў натоўпе гэтак жа нечакана, як і ўзнікла пасярод глядзельнай залы ў пачатку спектакля. Што і казаць, Цімафей Ільеўскі даўно зарэкамендаваў сябе як рэжысёр з фантазіяй, якая ў адных выклікае захапленне, а ў іншых – абурэнне. Чый бок прыняць у дадзеным выпадку – рашаць вам, шаноўныя прыхільнікі Мельпамены.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля