Беларусь

Раёнам Брэста – 35!“Невялікі. Ды славуты, утульны, прыгожы…”


“Ленінцы” не шкадуюць добрых слоў пра родны раён, 35-годдзе якога брастаўчане
адзначаць вялікім святам заўтра, 1 чэрвеня
У Ленінскім раёне Брэста дзіўным чынам адчуваецца прысутнасць гісторыі. Так, юрыдычна раён з’явіўся ўсяго толькі 35 год таму, але ж нашаму абласному цэнтру амаль 1000! І колькі значных падзей, што адбываліся на гэтай тэрыторыі, занесены на скрыжалі не мясцовай, а сусветнай гісторыі! У часе пераплецены і лёсы многіх лю-дзей. Можа, таму няма ў “ленінцаў” зайздрасці да суседняга Маскоўскага раёна, што ў сваім родным яны выразна бачаць повязь часоў у помніках гісторыі і культуры, якія суседнічаюць з сучаснымі прадпрыемствамі, прыгожымі ўстановамі адукацыі, спорту… І справядліва называюць гэтую частку Брэста сэрцам горада, у якім жыве наша ўчора, сёння і заўтра.
І ўсё ж такі цікава, у чым адметнасць Ленінскага раёна? Куды б “ленінцы” параілі схадзіць чалавеку, які ўпершыню трапіў на іх тэрыторыю?

Валянціна ПРОХА, медыцынская сястра тэрапеўтычнага
аддзялення філіяла №1 “Брэсцкая дзіцячая стаматалагічная паліклініка”:
– У 1980 годзе мужа-вайскоўца перавялі ў Брэст з Кіргізіі. З таго часу я і працую ў Ленінскім раёне ў дзіцячай стаматалогіі. І з кожным годам адчуваю, як мацуецца наша з ім сувязь. Па сённяшні дзень не прайшло маё захапленне ад знаёмства з Брэсцкай крэпасцю. Кожнаму скажу: найперш, куды варта схадзіць, –
мемарыяльны комплекс. Дакрануцца да сівой даўніны можна ў нашых музеях, якія таксама парэкамендую наведаць. (Дарэчы, у раёне знахо-дзяцца 6 музеяў рэспубліканскага, абласнога і гарадскога падпарадкавання, а  яшчэ 8 ёсць у школах і гімназіях – С.Т.).

Мікалай НАЗАРУК, вадзіцель філіяла “Аўтобусны парк №1 г. Брэста” ААТ “Брэстаблаўтатранс”:
–  Я – “ленінец” са стажам, бо з 1979 года жыву ў Ленінскім раёне: спачатку – на Дуброўцы, цяпер – на Рэчыцы. Тут з жонкай выгадавалі дзвюх дачок, сюды пагуляць прыходзяць чацвёра ўнучак. Госця нашага горада найперш накіраваў бы ў парк культуры і адпачынку імя 1 Мая. Няхай бы чалавек паглядзеў і на прыроду, і на тое, як берасцейцы адпачываюць. Мы сям’ёй ахвотна гуляем у парку, асабліва калі яго так упрыгожылі і старанна даглядаюць. А на свята 1 чэрвеня зазірнём на вуліцу Гогаля, дзе разгорнецца кірмаш з продажам і дэгустацыяй прадукцыі прадпрыемстваў раёна. Думаю – і “Брэсхлебпрам” парадуе, і “Брэсцкае піва”, і мясакамбінат, і “Санта-Брэмар”, ды іншыя ў баку ад раённага свята таксама не застануцца.

Казімір РЫНГЕВІЧ, дырэктар абласнога спартыўнага
комплексу “Брэсцкі”:
– Перш-наперш запрасіў бы на наш стадыён. Між іншым, пасля рэканструкцыі жыхары Ленінскага раёна (і не толькі) ахвотна прыходзяць сюды і на спартыўныя мерапрыемствы, і пазаймацца фізкультурай: выходзяць на бегавыя дарожкі, трэніруюцца ў трэнажорнай зале. Насамрэч, у раёне шмат зроблена, каб людзі маглі клапаціцца аб сваім здароўі. Да іх паслуг – 3 спартыўныя комплексы, 2 басейны, стралковы цір, а яшчэ ў нас ёсць абласное вучылішча алімпійскага рэзерву і 5 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Па-мойму, у нашага раёна шмат перспектыў, нягледзячы на статус гістарычнага цэнтра Брэста, таму ў кожнага ёсць магчымасці напісаць свой выдатны радок у гісторыю і раёна, і горада.

Галіна ЕХАЛКІНА, выдатнік гандлю Рэспублікі Беларусь, прадавец 6-га разраду
Брэсцкага цэнтральнага ўнівермага:
–  Ведаеце, я зачараваная раёнам, у якім жыву. Тут і працую 35 год у ЦУМе. Таму што ён – працаўнік і творца. Больш таго, мой раён – мой лёс. Гэта кажу без пафасу, а ад шчырага сэрца. Мяркую, мы ўсе павінны паважаць і берагчы тое, што зроблена для дабрабыту і спакою брастаўчан. І, вядома ж, самім шчыраваць і мацаваць свой раён. А госця я  накіравала б на вуліцу Савецкую, дзе так прыгожа, утульна і камфортна. Тым больш, што менавіта на ёй 1 чэрвеня пройдуць асноўныя святочныя мерапрыемствы з нагоды 35-годдзя Ленінскага раёна.
Хачу пажадаць свайму раёну, каб ён яшчэ болей квітнеў і прыгажэў. Няхай энтузіязм, адказнасць “ленінцаў” служыць дабрабыту і горада, і людзей. 35 – мы ж такія маладыя! А значыць, наперадзе шмат перспектыў!
Запісала Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ“.
Фота Аляксея ГАНЧУКА, “НТ“.

Праграма свята
Ленінскага раёна
Субота, 1 чэрвеня
Вул. Гогаля – “Зроблена ў Ленінскім раёне”: выстава-продаж і дэгустацыя (10.00 – 18.00).
Парк імя 1 Мая (ля тэатра эстрады) – “Мы за здаровы лад жыцця”: велапрабег у гонар 35-годдзя раёна (старт у 10.00).
Сцэнічная пляцоўка ля Брэсцкага вузла электрасувязі (вул. Савецкая,33) – “Доблесць. Адвага. Гонар”: прэзентацыі сілавых структур, выступленне ваеннаслужачых, канцэртная праграма (13.00 – 16.30).
Пляцоўка ля кінатэатра “Беларусь” – “Мы – маладыя!”: выступленні спартсменаў, выставы, танцавальны вечар з гарадскім духавым аркестрам пад кіраўніцтвам В. Коваля (14.00 – 20.00).
Пляцоўка ля помніка 1000-годдзю Брэста – “Мой раён –
мой лёс!”: ушанаванне заслужаных людзей раёна, выступленне лепшых калектываў і салістаў, канцэрт ансамбля народнай песні “Бяседа” (14.00 –
21.00).
Плошча Свабоды – “Парад калясак”: сямейная акцыя-конкурс (17.00).
Перакрыжаванне вул. Савецкай і Астроўскага – “З любоўю да Ленінскага раёна”: маладзёжная акцыя па запуску лятаючых ліхтароў з пажаданнямі раёну (з 22.30).
Мовай лічбаў
* У Ленінскім раёне г. Брэста пражывае больш за 104 тысячы чалавек 75-ці нацыянальнасцей.
* Тут працуе 51 прадпрыемства, у тым ліку 15 – рэзідэнты СЭЗ “Брэст”. Па выніках 2012 года прамысловая вытворчасць прадукцыі наблізілася да 10-трыльённага рубяжу, што склала больш за 63 працэнты гарадскіх аб’ёмаў вытворчасці.
* Эканоміку раёна дапаўняюць больш  за  6,5  тысячы зарэгістра-ваных суб’ектаў малога бізнесу і прадпрымальніцтва, на долю якіх прыходзіцца 18,3 працэнта раённых падатковых паступленняў.
* 25 устаноў адукацыі ад школы да ўніверсітэта (БрДУ імя А.С. Пушкіна) і 30 дашкольных устаноў – такі адукацыйны складальнік раёна.
* У Ленінскім знаходзяцца 13 устаноў аховы здароўя і 18 – культуры.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля