Беларусь

Рэха бронзавага і жалезнага стагоддзяў


На захаванне матэрыяльнай і духоўнай спадчыны для будучых пакаленняў  на Брэстчыне не шкадуюць бюджэтных сродкаў і актыўна прыцягваюць прыватнае фінансаванне
Наўрад ці хто стане спрачацца аб неабходнасці ведаць гісторыю свайго краю, народа, малой радзімы. У Беларусі шмат увагі надаецца зберажэнню тых нямногіх, але такіх важных помнікаў гісторыі і культуры. У прыватнасці, на Брэстчыне актыўна вядуцца археалагічныя і даследчыя работы, папаўняюцца фонды музеяў і аднаўляюцца старажытныя палацы, фальваркі, сядзібы. Вынікам і перспектывам гэтай работы было прысвечана нядаўняе пасяджэнне каардынацыйнага савета па ахове матэрыяльнай і духоўнай спадчыны на базе Камянецкага і Брэсцкага раёнаў. Каб на свае вочы ўбачыць, на што выдаткоўваюцца бюджэтныя сродкі і як заахвоціць мецэнатаў, удзельнікі пасяджэння пабывалі на шэрагу аб’ектаў.
Абласны краязнаўчы музей, з якога пачалася паездка, зацікавіў прысутных сваімі навінкамі. Зусім не сумна знаёміцца з экспазіцыяй, дзе можна, напрыклад, пачуць гукі з бронзавага і жалезнага стагоддзяў у спецыяльным гукавым суправаджэнні тэматычнай панарамы. А побач музейны работнік дэманструе работу друкарскага станка, які быў зроблены ў наш час па эскізах, што захаваліся з Сярэднявечча. Не менш уражвае наведвальнікаў вандроўка ў купэ цягніка “Брэст-Літоўск – Лунінец”. Дзякуючы створанаму інтэр’еру і мультымедыйнай графіцы, сапраўды, адчуваеш сябе нібы ў падарожжы паміж мінулым і будучым.
Далей удзельнікі пасяджэння накіраваліся ў вёску Воўчын Камянецкага раёна. Тут право-дзяцца рэстаўрацыйныя работы Троіцкага касцёла. Вядома, што ён будаваўся ў ХVIII стагоддзі. Падобныя архітэктурныя рашэнні маюць касцёлы ў Германіі і Італіі. Дарэчы, храм у Воўчыне некалькі год таму быў перададзены Пінскай епархіі Рымска-каталіцкай царквы, якая ініцыявала яго рэстаўрацыю.
– Будынак знаходзіўся ў жудасным стане, раней тут быў склад хімікатаў, – расказаў Віктар Вільк, дырэктар польскай фірмы “Рэнаватар-Вільк”. – Цяпер жа адноўлены дах, зроблены цёплая столь, ляпныя аздобы, узведзены крыж. Падчас унутраных работ мы ўсё ж спадзяёмся яшчэ ўстанавіць аўтарства архітэктара касцёла. Хочацца
ведаць, чыіх рук справа гэта прыгожая пабудова. Ужо хутка мы завершым работы, і касцёл будзе адкрыты…
У Брэсцкім раёне рэстаўрацыя праводзіцца на двух аб’ектах, уключаных у дзяржаўную праграму “Культура Беларусі на 2011 – 2015 гады”. Дзеючая Крыжаўзвіжанская царква ў вёсцы Вістычы з’яўляецца помнікам італьянскага барока з элементамі беларускага дойлідства. У 1678 годзе тут быў пабудаваны касцёл манахаў ордэна цыстэрыянцаў. У 1866-м касцёл ператварыўся ў праваслаўную царкву.
– У 2012 годзе прылягаючая да царквы тэрыторыя была добраўпарадкавана, з’явілася стаянка для аўтамабіляў, – расказаў настаяцель храма Анатоль Пашкевіч. – Сёлета зроблены драўляны каркас даху, пакладзена чарапіца, а таксама вядуцца ўнутраныя работы. Вясной пачнём работу над фасадам. Думаю, што вістыцкі храм стане адметнасцю Брэсцкага раёна.
А вось гісторыка-мемарыяльны музей “Сядзіба Нямцэвічаў” у Скоках ужо стаў цэнтрам турыстычным, гістарычным і культурным. Акрамя таго, што тут жылі і пахаваны прадстаўнікі вядомага беларускага роду, менавіта ў сядзібе было падпісана перамір’е паміж Савецкай Расіяй і Германіяй.
– Музей уключаны ў турыстычныя маршруты, вядзецца актыўная работа па назапашванні фондаў, – расказаў дырэктар музея Сяргей Семянюк. – З 14 снежня сядзіба адпаведна графіку работы адкрыта для наведвальнікаў.  Уваходны білет для дарослых каштуе 10 тысяч рублёў, для дзяцей – 6.
Пленарнае пасяджэнне праходзіла ў адным з залаў сядзібы ў Скоках. Яго ўдзельнікі дзяліліся ўражаннямі ад убачанага, затым падвялі вынікі зробленага і вызначыліся з планамі на будучыню.
Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, які вёў пася-джэнне, адзначыў, што работа па захаванні і аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны вельмі важная і яна будзе працягвацца.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”,
г. Брэст – Брэсцкі р-н –
Камянецкі р-н.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля