Беларусь

У Маскоўскім раёне Брэста прайшоў конкурс “ Настаўнік года”


У Маскоўскім раёне прайшоў конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “ Настаўнік года”
Конкурс дапамагае раскрыцца прафесійным кампетэнцыям педагогаў, стымулюе да прафесійнага і  асобаснога росту педагагічных работнікаў, раскрывае  творчы патэнцыял. Акрамя таго, ён спрыяе павышэнню прэстыжу прафесіі педагога, падтрымлівае і заахвочвае педагагічныя ініцыятывы.  Першы агляд талентаў прайшоў ва ўстановах адукацыі. Другі этап – адкрыты ўрок.
Члены журы, адпаведна пададзеным заяўкам, прысутнічалі на ўроках канкурсантаў. Цікавае падарожжа ў свет музыкі зрабіла настаўнік СШ №3  Жанна Жукоўская. Педагог пераканала членаў журы, што зацікаўленасць прадметам з боку вучняў залежыць у многім ад асобы настаўніка.
Урок гісторыі Ірыны  Гардзяйчук, настаўніцы сярэдняй школы №6 – гэта сапраўднае імправізаванае прадстаўленне. Яна лічыць, што майстэрства настаўніка  не выпадковая ўдача, не шчаслівая знаходка, а сістэматычны, карпатлівы пошук і праца, часта руцінная, але абавязкова напоўненая роздумам, і ўжо потым – адкрыццямі і поспехамі. Настаўніца марыць, каб працу педагога ацэньвалі дзеці, а не суддзі. Ірына не проста настаўнік, яна – абаяльная жанчына, маці, якая гадуе сына і мае  маральную падтрымку  мужа.
Людміла Марчук, настаўніца пачатковых класаў СШ  №14 выйшла на сцэну разам са сваімі выхаванцамі. Арыгінальнасць і змястоўнасць, пераканаўчасць і адукаванасць, унікальнасць і самабытнасць – вось “почырк” яе творчасці.
Кацярына Кіпко-Кулага выкладае англійскую мову ў “ВПК сад-школа №8” другі раз з’ўляецца на раённай сцэне ў ролі канкурсанта. Журы адзначала яе творчы падыход да самапрадстаўлення. Яна заслужыла перамогу ўпартай працай, самаадданасцю, верай у сваю справу.
Прыемна здзівіла Юлія Харчанка, настаўніца англійскай мовы гімназіі №6 імя  Маршала Савецкага Саюза Г.К. Жукава. Юлія Віктараўна свой урок аб’яднала адзінай тэмай: “Спорт”. Вучні працавалі ў групах, зменных парах, індывідуальна. Добра вытрыманы ўрок з пазіцый здароўезберажэння: змена відаў дзейнасці, цікавая фізкультхвілінка, пазітыўны настрой настаўніка – усё працавала на вынік і паспяховасць.
Актыўна выступілі  ў гэтым годзе  выхавальнікі дашкольнай адукацыі. У фінал выйшла Людміла Цамяноўская, якая працуе ў яслях- садзе №55. Гарманічнае адзінства: дзяцінства, творчасць, развіццё – выхавальнік  спалучыла ў сваіх занятках.
Згодна з  Палажэннем па-за конкурсам выступаў настаўнік фізічнай культуры і дапрызыўнай падрыхтоўкі школы №24 Аляксей Каверац, пераможца раённага конкурсу мінулага года “Малады настаўнік”, асоба неардынарная і творчая. Цікавая атрымалася прэзентацыя вопыту, у якой настаўнік паказаў розныя віды працы па патрыятычным выхаванні.
На фінал раённага конкурсу, які 20 снежня прайшоў у сярэдняй школе №12, былі запрошаны ветэраны працы і маладыя спецыялісты, а іх сёлета налічваецца у адукацыйных установах раёна 83. Аддзел адукацыі па традыцыі ўручыў  маладым “Наказы”. З вуснаў канкурсантаў са сцэны таксама прагучалі  рэкамендацыі, якія сталі сюрпрызам для прысутных. “Вочная” частка спаборніцтва паказала творчыя здольнасці педагогаў.
Упершыню пераможцаў вызначалі ў 7-мі прадметных намінацыях. А тытул “Настаўнік года” Маскоўскага раёна атрымала Юлія Харчанка. Яны ўзнагароджаны граматамі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму і прэміямі. Фіналісты ўключаны ў рэзерв кіруючых кадраў аддзела. Наперадзе ж  іх чакае ўдзел у абласным конкурсе, які адбудзецца ў лютым.

Ніна ДРЫК, намеснік загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета
аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі
Маскоўскага раёна г. Брэста.
Фота з архіва конкурсу.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля