Беларусь

Музычны кактэйль вышэйшага гатунку


Ужо на працягу 15 гадоў у вёсцы Бездзеж існуе самабытны ансамбль народнай песні і музыкі “Сваякі”

На культурнай карце вобласці вёска Бездзеж Драгічынскага раёна адзначылася не толькі ўнікальнымі льнянымі фартушкамі, але і самабытнымі музычнымі традыцыямі, якія па крупінках ствараюць таленавітыя вяскоўцы. Некаторыя з іх ужо на працягу 15 гадоў іграюць і спяваюць у ансамблі народнай песні і музыкі “Сваякі”.
Сваім нараджэннем калектыў абавязаны Леаніду Куроўскаму, тагачаснаму начальніку аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама, які здолеў аб’яднаць людзей агульнай ідэяй і запаліць у іх іскру творчасці. Над назвай доўга думаць не прыйшлося: яе падказала само жыццё. Справа ў тым, што сярод вяскоўцаў амаль заўжды можна выявіць нейкія сваяцкія сувязі, а калі ўсе адзін аднаму родзічы, хоць і далёкія, – дык чаму не назвацца “Сваякамі”? Так і вырашылі.
У 2000-м у калектыў прыйшоў няўрымслівы Аляксандр Вакула, які і дагэтуль з’яўляецца душой і сэрцам “Сваякоў”. Новы мастацкі кіраўнік – патомны музыкант. Асвойваць гармонік маленькі Сашка пачаў нават раней, чым навучыўся пісаць ды чытаць. У чатыры гады пад пільным наглядам дзеда, які таксама выдатна валодаў гэтым музычным інструментам, падрастаючы артыст ужо выдаваў сола. Сёння рэпетыцыі ды выступленні са “Сваякамі” Аляксандр Вакула сумяшчае з выкладаннем у школе мастацтваў і кіраўніцтвам яшчэ адным самабытным калектывам пры Бездзежскім СДК – “Таночак”. У адрозненне ад тых жа “Сваякоў”, дзе калектыў выключна мужчынскі, артысты гэтага ансамбля – вясёлыя і жыццярадасныя  прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва.
Аляксандр Вакула прыўнёс новае і ў рэпертуар “Сваякоў”: акрамя народных песень, калектыў пачаў выконваць аўтарскія творы свайго мастацкага кіраўніка. Усе яны – “Весялушка”, “Спявай”, “Каханне гэтае”, “Пакахаў дзяўчыну” і іншыя – адлюстроўваюць каларыт вясковай глыбінкі, а таму карыстаюцца неверагоднай папулярнасцю як у сябе дома, так і па іншы бок мяжы.
Сёння калектыў налічвае сем удзельнікаў, але не выключана, што хутка ў цесным коле “Сваякоў” адбудзецца перспектыўнае папаўненне за кошт маладых таленавітых музыкантаў. Самадзейныя артысты працуюць “на знос”, сумяшчаючы рэпетыцыі з асноўнай работай і хатнімі клопатамі. Яны – сапраўдныя майстры сваёй справы, якія шчыра любяць музыку і кожны раз падчас выступленняў перадаюць часцінку гэтага неўтаймаванага пачуцця шматлікім слухачам.
– Нашы салісты Аляксандр Кочык і Аляксандр Каласей умеюць распаліць публіку, – расказвае Аляксандр Вакула, – а баяністам Віктару Родаку і Віктару Страпко, сапраўды, няма роўных у плане віртуознай ігры і працавітасці.  Калі Родак бярэ ў рукі інструмент і заводзіць партыю, замежныя наведвальнікі музея “Бездзежскі фартушок” ад здзіўлення нават рот разяўляюць. Адзінае, што яны могуць вымавіць у гэты момант, –
“брава” – слова, якое не патрабуе слоўнікаў і перакладчыкаў.
Што ж, музыцы таксама не патрабуецца слоўнікаў, а таму “брава” ў свой адрас “Сваякам” даводзіцца чуць вельмі часта. Так, напрыклад, падчас выканання кампазіцыі “Гэй, жыві, Беларусь!” італьянскія госці не маглі стрымаць свайго захаплення і нават вырашылі, што гэта гімн краіны.
Наступным яркім уражаннем, пра якое Аляксандр Вакула ўзгадвае з асаблівай цеплынёй, былі польскія гастролі калектыву: у суседняй краіне нашых “Сваякоў” таксама горача сустракалі, а слухачы нават прытанцоўвалі падчас выступлення. На свяце горада Масквы бездзежскія артысты мелі гонар выступаць перад шматлікай публікай на Паклоннай гары. Калі заспявалі “Пакахаў дзяўчыну”, дык уся “гара” (а гэта амаль дзве тысячы чалавек) таксама пусцілася ў скокі – супраць магіі жывой музыкі не выстаяў ніхто. Можа, і сапраўды, магія? Але Аляксандр Вакула і кампанія не маюць чароўных амулетаў і не чытаюць перад канцэртамі замовы на поспех. Увесь сакрэт – у аўтэнтычным рэпертуары калектыву, падмацаваным чыстымі, моцнымі галасамі і “жывым” выкананнем. Такі музычны “кактэйль” нават прыхільнікам традыцыйнай “кухні” прыходзіцца да густу і ўспрымаецца як нешта сапраўды эксклюзіўнае.
У будучым “Сваякі” плануюць зрабіць сваё гучанне і вобраз яшчэ больш прывабнымі – за кошт набыцця новых інструментаў, сучаснай апаратуры ды шыкоўных касцюмаў. З першым, другім і трэцім абяцае дапамагчы Леанід Куроўскі, які хоць даўно адышоў ад абавязкаў мастацкага кіраўніка ансамбля, але пра старых сяброў не забывае ні на хвіліну. У яго асобе артысты заўжды маюць надзейную падтрымку. Ды і чаму б не падтрымаць, калі калектыў працуе, так мовіць, да сёмага поту і карыстаецца попытам у сваёй сферы дзейнасці.
Сярод бліжэйшых перспектыў – аднаўленне рэпертуару і праца над канцэртнай праграмай, з якой “Сваякі” плануюць падарожнічаць па гарадах Беларусі і краінах замежжа. У новай праграме, па задумцы Аляксандра Вакулы, будзе шмат песень мясцовага характару – фальклор, полькі, напевы, запісаныя на бездзежскім дыялекце. Адным словам, артысты ў чарговы раз дададуць у сваю музыку той магічны інгрэдыент, які прымушае сэрцы слухачоў заміраць пры кожным новым гуку.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
Драгічынскі раён.
Фота з архіва калектыву.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля