Беларусь

Рукадзельніца- чараўніца


Вышывальшчыца з вёскі Аброва Івацэвіцкага раёна Ніна Тысевіч, якая ў першы дзень новага года адзначыць сваё 76-годдзе, упэўнена, што падораныя ёю маладажонам ручнікі – залог шчаслівай і моцнай сям’і

Таму яна заўсёды ахвотна згаджаецца вышыць вясельныя ручнікі, калі яе аб гэтым просяць маладыя людзі, якія вырашылі ўзяць шлюб. І ніколі не бярэ за гэта плату.  Вось і не так даўно падарыла  суседзям  аж тры ручнікі: пад ногі маладым, пад каравай і на ікону.
– На шчасце, на долю, – гаворыць Ніна Мікалаеўна. – Няхай заўжды жывуць у згодзе і любові, а дом іх будзе поўнай чашай.
Вядома ж, яна магла б сваё хобі, якое стала яе другім “я”, ператварыць у бізнес і нядрэнна зарабляць на ім. Ды толькі не ўсё мераецца грашыма, лічыць жанчына, і для яе яны ніколі не былі вызначальнымі. Таму свае вышыванкі заўсёды з задавальненнем дае на розныя мерапрыемствы, якія праводзяць работнікі культуры – як у Аброве, так і ў райцэнтры.
Яшчэ Ніна Мікалаеўна – актыўная ўдзельніца розных конкурсаў і фестываляў, на якіх яе ручнікі  атрымліваюць высокія ацэнкі. Пра гэта гавораць шматлікія ўзнагароды. Сярод іх – Ганаровая грамата за зберажэнне, захаванне традыцый народнага мастацтва і ўдзел у святочным праекце “Ручнік-абярэг”, а таксама дыплом I ступені ў намінацыі “За лепшую вышыўку” абласнога свята-конкурсу ткацтва, вышыўкі і народнага касцюма “Узор дзівосны на палатне і кроснах” II абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Галасы Палесся”, які праходзіў у Іванава ў 2007 годзе. Іх, як і іншыя ўзнагароды ды яшчэ газеты з артыкуламі  пра яе, аброўская рукадзельніца-чараўніца  складвае ў стос у пярэднім пакоі  вясковай хаты, які больш падобны на музей-выставу, чым на жыллё.  Чаго тут  толькі няма!.. Навалачкі і прасцірадлы, вышытыя крыжыкам і гладдзю, на ложку, а на сценах –
іконы, біблейскія і казачныя сюжэты, набіты дыван, вытканыя пакрывалы.
Ад мноства фарбаў і чароўных ўзораў навокал разбягаюцца вочы. А сама Ніна Мікалаеўна ў вышытых спадніцы і блузцы, нібы той экскурсавод ва ўласным музеі, расказвае пра сваё захапленне, пра “экспанаты” –
кожны з іх мае    асобную гісторыю стварэння. Слухаючы яе, пераводжу позірк з набітага дывана на вытканае пакрывала і разумею, што ў пакоі не  хапае кроснаў. Я прашу ў жанчыны  прабачэння за тое, што  перапыняю яе аповяд, і пытаюся, дзе яны.
– Аддала ў Дом культуры. Там ёсць гурток, у якім дзеці вучацца працаваць на кроснах, – гаворыць жанчына. – І гэта добра, што хоць нехта цікавіцца ткацтвам.  Няхай пасля яны і не будуць займацца гэтым рамяством, затое будуць ведаць сваю спадчыну. Раней я сама вучыла іх ткаць, а цяпер мне ўжо цяжка, таму з імі займаюцца работнікі Дома культуры.
Сама ж Ніна Мікала-еўна ўжо ў 14 гадоў прала каноплі і вышывала.  Ёй гэта было не ў цяжар, хоць сіроцкая доля выпала несалодкая – бацька загінуў на вайне ў 1943-м, а пазней і маці не стала.  Каб неяк выжыць у няпросты пасляваенны час, яна разам з двума малодшымі братамі дапамагала людзям у полі,  а вечарамі вышывала хусткі, спадніцы, фартухі. Нават на заробкі ва Украіну ездзіла з дзяўчатамі. Ды толькі год той выдаўся засушлівы, і яны нічога не зарабілі. А ў 17 гадоў пайшла замуж.   За такога ж гаротнага, як і сама, Івана Тысевіча.
Нягледзячы на беднасць і нягоды, што давялося перажыць сям’і, аброўская майстрыха, якую ў вёсцы, дзе шмат людзей з прозвішчам Тысевіч, ведаюць як Ніну Спораўку, зараз, як і тады, не губляе бадзёрасці духу. Такая ж працавітая, ветлівая і гасцінная. І хоць яна даўно на заслужаным адпачынку (працоўны стаж жанчыны –
без малога 39 гадоў, 22 з іх – даяркай), дома яе заспець няпроста. Летам Ніна Мікалаеўна ў ягадах або ў грыбах, а восенню, як сёлетняй, перабірала моркву ў мясцовага прадпрымальніка. Між іншым, у Тысевічаў яшчэ і тры казы,  столькі ж свіней, гусі, качкі, куры. І  ўсю гэтую жыўнасць жанчыне трэба дагледзець і накарміць. І толькі вечарамі, калі сціхаюць хатнія клопаты, яна спакойна можа ўзяцца за любімы занятак…
– А чаму Спораўка? – цікаўлюся ў жанчыны.
– Ды ўсё проста. Мая маці са Спорава. А ў Аброве цётка была замужам. Маці прыязджала да яе ў госці. Аднойчы  яна пазнаёмілася з бацькам, пасля выйшла за яго замуж і засталася тут жыць. Адсюль і Спораўка, – тлумачыць Ніна Мікалаеўна, –
каб не блыталі.
За 59 гадоў сумеснага жыцця Тысевічы  нарадзілі і выгадавалі пяцёра дзяцей. Дочкі, як гэта звычайна і бывае, выйшлі замуж і пакінулі маленькую радзіму. Старэйшая Вольга жыве ў Саратаўскай вобласці Расіі, Галіна – у Магілёве, Алена – у Мінску. А вось сыны Васіль і Мікалай засталіся ў Аброве і працуюць у мясцовай гаспадарцы.
Але не толькі на дзяцей багатая сям’я Тысевічаў. У Ніны Мікалаеўны і Івана Іванавіча сямёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў. Дарэчы, дзве ўнучкі, як і бабуля, захапіліся вышываннем. Асаблівы ж яе гонар –  Галя з Аленай, якія таксама вельмі прыгожа вышываюць. Нядаўна, гаварыла жанчына, яны прывозілі свае работы, якія больш падобны на габелены, каб маці абвязала  іх кручком.
А без любімага занятку яна проста не можа. Вышыўка для рукадзельніцы –
нібыта наркотык. Як прызналася Ніна Мікалаеўна, яна адчувае сябе хворай, калі  доўгі час  не вышывае. Нават калі суседкі збіраюцца на “вечаркі”, а іншым ра-зам і ў карты гуляюць, яна ўмудраецца адначасова яшчэ і вышываць. Як гэта? Па памяці. Як некалі па памяці сама малявала ўзоры для ручнікоў, а пасля пры дапамозе нітак увасабляла іх на палатне. Яркія, маляўнічыя кветкі, букеты, птушкі, казачныя і біблейскія героі нібыта ажываюць у яе творах.
Размаўляючы з гэтай незвычайна таленавітай жанчынай, я ўспомніла, як некалі ў школе спрабавала навучыцца вышываць гладдзю. У мяне нічога не атрымалася. Цяпер я ведаю – чаму: з гэтым неабходна нарадзіцца. Як аброўская рукадзельніца-чараўніца Ніна Тысевіч, вышыванкі якой ёсць нават у далёкай Амерыцы.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Івацэвіцкі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля