Беларусь

Поруч з міласэрнасцю, або Чаму рускі доктар любіць Беларусь


Апошнія дні перад Новым годам напоўнены хаатычным рухам. Нехта метадычна “інспектуе” гандлёвыя кропкі ў пошуках падарункаў пад прыгажуню-ёлку для родных і блізкіх. Хтосьці закупляе правізію – навагодні стол павінен быць багатым, каб і год надыходзячы хлебасоламі радаваў усе 365 дзён. Камусьці трэба спяшацца, каб разлічыцца з даўгамі – яшчэ адна пераднавагодняя прыкмета: ніякіх “хвастоў” са старога года не перацягваць у новы. Тэлефанаванні, паездкі, сустрэчы – бы тыя вавёркі ў коле. Амаль што ўсе, але толькі не Валерый Тарасаў, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі Брэсцкай цэнтральнай паліклінікі. Не, ён зусім не інфантыльны чалавек. Наадварот – адказных службовых абавязкаў мае дастаткова, у дадатак яшчэ і дэпутат Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў. Ды і прафесія яго ніколі не адпускае: урач Тарасаў, адпрацаваўшы ў паліклініцы, застаецца доктарам і за парогам установы аховы здароўя – на вуліцы, дома, у гасцях. Яго прафесія – не работа з гэтай гадзіны і да гэтай, а лад жыцця. Гады ж службы ў арміі (Валерый Васільевіч пасля школы абраў ваенную медыцыну, вучыўся ў Томску на ваенна-медыцынскім факультэце, а потым – у славутай Санкт-Пецярбургскай ваеннай медыцынскай акадэміі) прывучылі да дысцыпліны, арганізаванасці, нават, можна сказаць, дакладнасці рухаў. Таму любая перадсвяточная мітусня застаецца для палкоўніка медыцынскай службы ў запасе нібы збоку. Хоць ад гэтага навагодні настрой зусім не псуецца.
Пасля службы ў розных гарнізонах Валерый Тарасаў прыбыў у Брэст. Тут ён стаў галоўным урачом, начальнікам мясцовага ваеннага шпіталя. Калі ж установу некалькі год таму расфарміравалі, Валерый Васільевіч атрымаў прапанову перайсці ў “цывільную” медыцыну – так вось і трапіў у Брэсцкую цэнтральную паліклініку.
– Я заўсёды вельмі любіў сваю работу, – прызнаецца Валерый Васільевіч. –  Словамі не выказаць тое маральнае задавальненне, якое адчуваю кожны раз, як атрымліваецца дапамагчы чалавеку. І так радасна, што маеш дачыненне да самай міласэрнай прафесіі на свеце. Рабіць людзям дабро – гэта высакародна і па-мужчынску.
Кажуць, што чалавека найлепшым чынам характарызуюць яго ўчынкі. Прыгадаўся адзін успамін Валерыя Васільевіча, якраз у канцэпцыі навагодняй тэмы.
…Было гэта 31 снежня 1983 года. Ваенурач Тарасаў толькі-толькі сеў з жонкай за святочны стол (у іх сям’і некалькі месяцаў таму нарадзіўся сын, а тут так склалася служба, што Тарасавы атрымалі магчымасць сустрэць Новы год дома, па-сямейнаму), і нечакана ў дзверы пастукалі (Дзед Мароз за які дзясятак хвілін да Новага года?). На парозе стаяў прапаршчык – усхваляваны, перапужаны. Збіваючыся, ён патлумачыў, што нешта дрэннае робіцца з ягоным нованароджаным сынам – сутаргі ў дзіцяці. Прасіць аб дапамозе двойчы не давялося – Тарасаў хуценька сабраўся і пайшоў да маленькага пацыента. А таму, насамрэч, станавілася горш. Валерый Васільевіч прыняў тады адзінае правільнае рашэнне: выклікаў санітарны транспарт, павёз асабіста немаўля ў нямецкую клініку (здарэнне адбылося ў Германіі), прабыў там з малым усю ноч, пакуль крызіс не мінуў. Сваю сям’ю з Новым годам павіншаваў толькі раніцай.
А праз многа-многа год на брэсцкай вуліцы выпадкова сустрэў таго самага прапаршчыка. Высветлілася, што хлопчык, якога ў навагоднюю ноч выратаваў доктар, вырас і ўсё ў яго складваецца ў жыцці добра.
“Чым не навагодні цуд?!” – скажа нехта. Але казачная чароўнасць навагодняй ночы, як мне падаецца, калі тут і прысутнічала, дык толькі дзякуючы ўмелым прафесійным дзеянням доктара Тарасава, для якога ўрачэбны абавязак – не пусты гук.
Валерый Васільевіч усё жыццё служыць людзям. І не толькі як медык. З 2007-га ён – дэпутат Брэсцкага гарадскога Савета. Яго выбарчая акруга і раён абслугоўвання паліклінікі супадаюць. Людзям зручна: прыходзяць на ўрачэбны прыём і адначасова могуць звярнуцца да Валерыя Васільевіча як да дэпутата. У большасці выпадкаў – пытанні гэтыя сацыяльныя, часта сугучныя ўрачэбным клопатам Тарасава. Дапамагае доктар-дэпутат старым і адзінокім, прыхо-дзяць па дапамогу інваліды, ветэраны вайны і арміі. Займаецца Валерый Васільевіч арганізацыяй патранажу інвалідаў I групы дома, афармленнем іх ва ўстановы сацыяльнага абслугоўвання, пры неабходнасці – шпіталізацыяй. Яму даручана курыраваць паліятыўную медыцынскую дапамогу, якая патрэбна людзям з неспрыяльным клінічным прагнозам. “І гэта не толькі анкалагічныя хворыя, але і людзі з цяжкімі саматычнымі хваробамі, напрыклад, пасля інсульту, – расказвае Валерый Васільевіч. – Трэба падбіраць абязбольваючыя сродкі, аказваць псіхалагічную дапамогу, наведваць хворых дома. Мы падабралі ўжо персанал для паліятыўнай дапамогі, бо з гэтай цяжкай працай не кожны медык справіцца. Я мару аб стварэнні ў горадзе хоспіса. Для яго ўжо і памяшканне на вуліцы Калініна выдзелілі. Мяркую, зможам узяць пад апеку людзей, каб зменшыць іх пакуты, палепшыць якасць жыцця”.
Кіравацца ў гэтай справе, як мяркуе Валерый Васільевіч,  трэба не толькі прафесійным абавязкам, але, найперш, міласэрнасцю – адной з самых важных якасцей чалавека, без якой людзі перастаюць быць людзьмі. Без яе доктар не пацвердзіць сваю прафпрыгоднасць.
Так што святы святамі, а служэнне людзям пад увагу выхадныя дні не бярэ. Большасць з нас 1 студзеня 2014-га будзе адпачываць, а ў доктара Тарасава па графіку – дзяжурства ў паліклініцы.
Перачытала свае нататкі пра Валерыя Тарасава і падумала: чытач можа і не зразумець, чаму ў героі публікацыі трапіў менавіта гэты чалавек. Працавітых дактароў у нас нямала, ды і дэпутатаў актыўных таксама. Калі ў памяці пашукаць, дык кожны прыгадае якую-небудзь навагоднюю гісторыю. Дык чаму Тарасаў?
Раскрываю, як кажуць, карты: Валерый Васільевіч – вялікі прыхільнік беларускай мовы і сябар нашай газеты. І здзівіў мяне найбольш той факт, што ён, рускі па нацыянальнасці і месцанараджэнні, так захоплены гісторыяй Беларусі, у якую трапіў па службе, дзе застаўся па жыццёвых абставінах (жонка – беларуска) і якую шчыра палюбіў, прыняў  у сваё сэрца. Ён сам адшуквае цікавыя факты ў гісторыі беларускай медыцыны, падтрымлівае інтарэс калег да нацыянальнай культуры і народнай спадчыны. Для дзяцей, між іншым, браў рэпетытараў па беларускай мове і паставіў ім умову – цэнтралізаванае тэсціраванне здаваць па беларускай.
Калі я расказала адной знаёмай, як рускі  Валерый Тарасаў, зусім не філолаг, а доктар, ставіцца да Беларусі і нашай матчынай мовы, яна аж сумелася: “Гэта ўжо нейкі варыянт фанатызму…” Уяўляю, як, чытаючы  гэтыя радкі, стрымана ўсміхаецца Валерый Васільевіч – вытрымка гэта з яго мінулага афіцэрскага жыцця. А я дык смяялася ўголас, бо як жа нам падабаецца прымаць за дзівацтва шчырыя, адкрытыя і патрыятычныя пачуцці чалавека, які аддае ўсяго толькі любоў свайго сэрца краіне, дзе жыве, і людзям, якім ён служыў, служыць і будзе служыць!
Можа, хоць у новым годзе паспрабуем вярнуць на пачэснае месца неацэнныя маральныя вартасці і чалавечую годнасць, якая заўсёды ідзе поруч з адказнасцю, міласэрнасцю, працавітасцю. Так, як гэта ўжо зрабіў Валерый Тарасаў – доктар і дэпутат.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
г. Брэст.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля