Рэха падзеі: фестываль “Лунінская восень”
Літаратурны фэст “Лунінская восень” у шосты раз назваў лаўрэатаў прэміі імя Уладзіміра Калесніка Брэсцкага аблвыканкама 2012 года
Лунінская школа, як і раней, чакала гасцей. І, вядома ж, рупілася, каб свята атрымалася непаўторным, нягле-дзячы на яго традыцыйнасць…
Ступаючы па школьным калідоры, густа ўсыпаным жоўта-барвовай лістотай, я пачула, як за спінай жаночы голас пранікнёна мовіў: “Як дзіўна тут шамаціць лісце – здаецца, нават яно пранітавана ўзнёслым настроем…”
А ўзнёсласць, сапраўды, уладарыла на літаратурным фестывалі. Яна лілася са шчымлівых песень, што дарылі гасцям школьнікі, з вершаў, якія па-свойму чыталі Марыя Кобец, Настасся Нарэйка, Наталля Супрун, Уладзімір Сітуха, Георгій Тамашэвіч, Іван Арабейка, ды з кожнага слова, сказанага творцамі пра творцаў…
Нагадаю, сёлетні год шчодры на юбілеі майстроў слова. Таму і не дзіўна, што тут, у Луніне, часта ўзгадваліся імёны Янкі Купалы і Якуба Коласа, жытнёвыя словы якіх чароўна кранаюць сэрцы людзей, Максіма Танка і Цішкі Гартнага, думкі якіх дагэтуль будзяць нашу свядомасць. А колькі шчырых аповядаў прагучала аб сапраўднай легендзе берасцейскага краю – знакамітым Уладзіміру Калесніку, якому сёлета споўнілася б 90!
– Гэта была асоба, апантаная любоўю да слова. Ён вызначыў літаратуру сэнсам свайго жыцця, глянуў на свет па-іншаму, – захоплена казаў пра Настаўніка, крытыка і літаратуразнаўцу Уладзімір Сенькавец, дацэнт кафедры беларускага літаратуразнаўства БрДУ імя А.С. Пушкіна, кандыдат філалагічных навук. – Вобраз стыхіі агню, якую Уладзімір Андрэевіч убачыў у творцах, выліўся ў ідэю стварэння літаб’яднання “Берасцейскае вогнішча”… Цяпер імя Калесніка пачало жыць самастойным жыццём. Бо за гэтым словам мы бачым вялікую асобу, вялікага патрыёта. Гэтае слова будзе і надалей выклікаць жаданне прасякнуцца роднай мовай, сваёй культурай, каб пасвятлець душой…
А самы каштоўны ўрок Калесніка для ўсіх, сцвярджалі тыя, хто ведаў прафесара, – яго ўласны прыклад…
Звяртаючыся да ўдзельнікаў свята, старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар надаў асаблівую ўвагу патрыятызму ў літаратуры – “і гэта не абавязкова ўспамін пра мінуўшчыну, ваенную трагедыю або вясковае жыццё, гэта наша з вамі сучаснасць”. Сёння, казаў Канстанцін Андрэевіч, не трэба шукаць героя нашага часу – ён побач, трэба толькі пільней угледзецца ў жыццё… Знарок не называючы прозвішчаў берасцейскіх літаратараў, кіраўнік вобласці трапна заўважыў: “Вашы імёны і творы павінны найперш ведаць землякі – і гэта будзе самай вялікай узнагародай”.
Але імёны тых, хто, на думку журы па прысуджэнні прэміі імя Уладзіміра Калесніка, ярчэй засвяціўся на творчым небасхіле Берасцейшчыны, не проста ўрачыста абвясцілі са сцэны Лунінецкага ГДК – творцам уручылі заслужаныя ўзнагароды. Сярод паэтаў вылучаны Марыя Кобец з Валішча, што на Піншчыне, за зборнік “Кроплі”, ды Іван Арабейка з Брэста за кнігу “Сказаць хачу”, сярод празаікаў – Мікалай Бусько з Баранавіч (“Сляды ад верасня”) і Анатоль Крэйдзіч з Іванава (“Роднае, шчымлівае”). А ў намінацыі “Дзіцячая літаратура” лепшым прызнаны Васіль Жушма з Іванава з аповесцю пра вавёрачку “Гарэза”. Спецыяльныя дыпломы аблвыканкама з рук губернатара атрымалі дзіцячы пісьменнік Валерый Гапееў з Івацэвіч, старшыня абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз журналістаў” Георгій Тамашэвіч, наш супрацоўнік, ён жа – член рэспубліканскай інфармацыйна-прапагандысцкай групы Уладзімір Сітуха.
Адметна, што кожны год (і сёлетні не стаў выключэннем!) кола вакол літаратурнага берасцейскага вогнішча пашыраецца за кошт маладых талентаў. А для іх добрае слоўца падтрымкі, не кажучы ўжо пра граматы і дыпломы – нібыта гаючая крынічка, наталіўшы смагу з якой, хочацца імкліва крочыць далей і далей, дорачы свой талент людзям. Гэта менавіта ім наказваў рабіць добрыя справы і шанаваць роднае слова Канстанцін Сумар: “Ведаючы нашу сакавітую, выразную мову, любы твор Мележа ці Караткевіча, Шамякіна лягчэй увойдзе ў вашу душу, чым у перакладзе… Трэба любіць беларускую мову – у гэтым не толькі нашы карані, але і будучыня…” А будучыня, верыцца, не толькі ў надзейных руках, але і ў чулых, натхнёных душах – такіх, як у журналісткі з Камянца Настассі Нарэйка, студэнтаў БрДУ імя А.С. Пушкіна і Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў Вольгі Хварост і Дзмітрыя Водчыца, гімназісткі з Іванава Юліі Пупчык, студэнткі БрТУ Юліі Казловіч і вучаніцы Завершанскай БШ Драгічынскага раёна Наталлі Супрун.
Назіраючы за дзеяй на сцэне, слухаючы розных выступоўцаў, міжволі думалася: усё ж такі цудоўна, што шэсць год таму “Лунінская восень” змяніла статус раённага свята на абласное. Яго найкаштоўнейшая асаблівасць – не толькі штогод натхняць вядомых літаратараў, але і адкрываць новыя імёны, даючы ім шанс з вузкай сцяжынкі ўпэўнена выйсці да бальшака, пра што ў свой час дбаў і Уладзімір Калеснік. “Ваша свята – адна радасць! Гэта суцэльны брэнд!” – ледзь не ў адзін голас сцвярджалі госці з Мінска – намеснік дырэктара выдавецкага дома “Звязда” Ала Корбут і галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Святлана Дзянісава.
Што ж, гэта сапраўды так, калі даваць вобразнае вызначэнне гэтаму прамяністаму літаратурнаму фэсту, іскрынкі якога, нібыта ад “Берасцейскага вогнішча” Калесніка, ужо разляцеліся па Беларусі, загучаўшы пранікнёна-таленавітым, патрыятычным словам…
Галіна МАЗІНА, “НТ”,
Лунінецкі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.