Рэзананс: “Ад маліны – да хлеба надзённага”
Матэрыял пад такой назвай быў надрукаваны ў №33 за 10 жніўня. Размова ў ім ішла пра дзейнасць фермерскай гаспадаркі “Юльян” з Лунінецкага раёна і пра валакіту з выдзяленнем ёй у арэнду дадаткова 200 гектараў зямлі для вядзення і развіцця жывёлагадоўчай галіны.
На публікацыю найперш адрэагавалі ў Лунінецкім раённым выканаўчым камітэце. Рэдакцыя атрымала адказ за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Віктара РАФАЛОФІЧА. У ім гаворыцца:
“Статутам СВК “Новае Палессе” прадугледжана, што адабранне земляў, якія знаходзяцца ў карыстанні арганізацыі, разглядаецца агульным сходам членаў кааператыву, рашэнне на якім зацвярджаецца пратаколам.
На падставе заявы ФГ “Юльян” аб выдзяленні зямельнага ўчастка плошчай 200 гектараў для вядзення фермерскай гаспадаркі ва ўрочышчы “Грычын” Лунінецкага раёна райвыканкамам было накіравана пісьмо аб магчымасці выдзялення гэтага зямельнага ўчастка фермерскай гаспадарцы. Рашэннем агульнага сходу членаў кааператыву было адмоўлена ў згодзе на адабранне згаданага зямельнага ўчастка…
Як было вышэй указана, ФГ “Юльян” прасіла зямельны ўчастак ва ўрочышчы “Грычын” Лунінецкага раёна. Пры падрыхтоўцы праекта рашэння спецыялісты зямельнай службы сумесна з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання зямельныя ўчасткі абследавалі. У выніку ўстаноўлена, што згаданыя землі выкарыстоўваюцца СВК у поўнай меры для вырошчвання збожжавых культур. Зямельны ўчастак на фотаздымку, які быў змешчаны ў газетным матэрыяле, знаходзіцца ў польдэры ракі Прыпяць, і заявы аб яго выдзяленні ад ФГ “Юльян” не паступала.
Пры абследаванні дадзенага зямельнага ўчастка 22.08.2012 года ў прысутнасці спецыялістаў землеўпарадкавальнай службы і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, старшыні СВК “Новае Палессе”, кіраўніка ФГ “Юльян” устаноўлена, што на сённяшні дзень гэтыя землі выкарыстоўваюцца СВК не ў поўнай меры ў сувязі з тым, што яны падтапляюцца і ёсць неабходнасць у правядзенні комплексу мер па меліярацыі.
Фермерскай гаспадарцы “Юльян” прапанавана звярнуцца ў райвыканкам з заявай аб выдзяленні дадзенага зямельнага ўчастка, а выключэнню яго з ліку сваіх земляў СВК “Новае Палессе” не пярэчыць”.
Камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама таксама даслаў адказ за подпісам старшыні Сцяпана РАДКАЎЦА. У ім пацвярджаецца, што ФГ “Юльян” мае рэальныя шансы на атрыманне зямельнага ўчастка ў польдэры Прыпяці.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.