Хочаце большую пенсію?
Пра тое, як яе зарабіць, расказвае начальнік метадычнага забеспячэння назначэння пенсій і дапамог камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Лідзія САФРОНЕНКА:
– З 1 кастрычніка ўступае ў сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 сакавіка 2012 года №136 “Аб мерах па ўдасканаленні пенсіённага забеспячэння грамадзян”. Паводле падпункта 1.1 пункта 1 Указа пры прадаўжэнні работы без атрымання дзяржаўнай пенсіі пасля набыцця права на пенсію па ўзросце на агульнай падставе (артыкул 11 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 красавіка 1992 года “Аб пенсіённым забеспячэнні”) памер пенсіі па ўзросце павялічваецца:
– на 6, 8, 10 і 12 пра-цэнтаў заробку, які прымаецца для вылічэння пенсіі (мінімальнага памеру пенсіі), –
адпаведна за кожны поўны першы, другі, трэці і чацвёрты гады работы; на 14 працэнтаў такога заробку (мінімальнага памеру пенсіі) – за поўны пяты і кожны наступны год работы. Указаныя памеры павелічэння пенсіі сумуюцца паміж сабой;
– на 1 працэнт заробку, што прымаецца для вылічэння пенсіі (мінімальнага памеру пенсіі), –
за кожныя поўныя два месяцы няпоўнага года работы. Дадзены памер павелічэння пенсіі таксама сумуецца з вышэйуказанымі памерамі павелічэння пенсіі.
Калі пры вылічэнні пенсіі яе памер абмяжоўваецца 75 працэнтамі заробку, які прымаецца для вылічэння пенсіі, дык пры такім варыянце верхняй мяжы не існуе. Праз 5 гадоў работы без выплаты пенсіі павышэнне складзе 50 працэнтаў.
У адпаведнасці з Указам павелічэнне памеру пенсіі па ўзросце будзе праводзіцца асобам, якім не назначана і (ці) не выплачваецца іншая дзяржаўная пенсія.
Пад работай без атрымання дзяржаўнай пенсіі, якая дае права на павелічэнне пенсіі па ўзросце ў адпаведнасці з Указам, разумеюцца перыяды работы, прадпрымальніцкай, творчай і іншай дзейнасці, на працягу якіх праводзілася выплата абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь згодна з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні. Дзеянне Указа распаўсюджваецца як на асоб, якія ўпершыню звяртаюцца за назначэннем пенсіі па ўзросце, так і на асоб, якія адмовіліся ад атрымання назначанай ім пенсіі па ўзросце (маючы пенсіённы ўзрост і стаж работы, прадугледжаныя артыкулам 11 Закона).
Разгледзім магчымасць павелічэння пенсіі па Указе на ўмоўных прыкладах.
Грамадзянка, 20.03.1955 года нараджэння, звярнулася за назначэннем пенсіі па ўзросце на агульнай падставе 10.11.2012 года. Пасля дасягнення 55-гадовага ўзросту і да звароту за пенсіяй яна працавала, стаж работы на дату звароту складае 40 гадоў 10 дзён. Яе памер пенсіі складзе
92 працэнты заробку, з якога вылічваецца пенсія (75 працэнтаў за поўныя 40 гадоў стажу работы і 17 працэнтаў – павелічэнне (6 працэнтаў за першы поўны год работы з неатрыманнем пенсіі + 8 працэнтаў за поўны другі год + 3 працэнты (па 1 працэнце за кожныя поўныя два месяцы трэцяга няпоўнага года работы).
Другі прыклад. Грамадзянка, 17.05.1945 года нараджэння, з 17.05.2010 года атрымлівае пенсію па ўзросце пры агульным стажы работы 38 гадоў 7 месяцаў, працягвае працаваць. 25.02.2012 года яна звярнулася ва ўпраўленне сацыяльнай абароны насельніцтва з заявай аб прыпыненні выплаты пенсіі з 01.03.2012 па 31.12.2012 года ў мэтах далейшага пераразліку пенсіі з улікам палажэнняў Указа. Пры пераразліку пенсіі па ўзросце ў студзені 2013 года яе памер складзе 79 працэнтаў заробку, з якога вылічваецца пенсія (74 працэнты за 39 гадоў стажу работы і 5 працэнтаў за кожныя поўныя два месяцы няпоўнага года работы з неатрыманнем пенсіі (з 01.03.2012 па 31.12.2012 г.)
Зазначу, што атрымальнікі датэрміновых пенсій па ўзросце (назначаных за работу з асаблівымі ўмовамі працы, за выслугу гадоў) у перыяд да дасягнення імі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту права на павелічэнне пенсіі па ўзросце ў адпаведнасці з Указам за работу ў гэты перыяд мець не будуць. Пры адмове ад атрымання пенсіі пасля дасягнення імі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту (55/60 гадоў) права на яе павелічэнне па ўзросце вызначаецца з прымяненнем норм Указа.
Як мяркуецца, за 3 гады адкладзенага звароту за пенсіяй яе памер вырасце прыблізна ў 1,4 раза, а за 5 гадоў – у 1,7 – 2 разы (гэта залежыць ад стажу і заробку канкрэтнага пенсіянера). Больш дакладна сказаць аб памерах пенсій немагчыма, паколькі можна толькі меркаваць, якім праз 2-3 гады будзе заробак па краіне і памеры пенсій.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.