Сёння адкрыецца ў Брэсце XVII Міжнародны тэатральны фестываль “Белая Вежа-2012. Класіка Plus”
Першаадкрывальнікамі сёлетняй фестывальнай імпрэзы ў горадзе над Бугам стануць артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. Сталічная трупа падрыхтавала спектакль “Гора ад розуму” па хрэстаматыйнай п’есе Аляксандра Грыбаедава. Уласнае бачанне літаратурнага твора прадэманструе галоўны рэжысёр тэатра Сяргей Кавальчык. У гэты вечар брэсцкую сцэну апрабуюць сапраўдныя майстры сваёй справы: народны артыст СССР Расціслаў Янкоўскі, акцёры Вераніка Пляшкевіч, Іна Савенкова, Антон Бельскі, Руслан Чарнецкі і іншыя.
Дарэчы, сёлетні форум абяцае здзівіць нават самую распешчаную публіку мноствам цікавых сустрэч і неверагодных сюрпрызаў. Адным з іх стане дэбют на фестывальных падмостках творчага калектыву з далёкай Калмыкіі. Арганізатары зрабілі выключэнне для гасцей-навічкоў і дазволілі паказаць аж два спектаклі. Дарослых брастаўчан Нацыянальны драматычны тэатр імя Б. Басангава пазнаёміць з драматычнай фантазіяй “Сэрца маці”, а маленькіх – з варыяцыямі па матывах калмыцкіх народных казак пад назвай “72 небыліцы”.
Упершыню Брэст наведае і Малы тэатр з Расіі, хоць гісторыя адносін фестывалю са слынным калектывам налічвае ўжо не адзін год. Маскоўскі тэатр не аднойчы выказваў жаданне пагасцяваць на “Белай Вежы”, аднак з-за адсутнасці сцэнічнай пляцоўкі неабходных памераў у гаспадароў форуму жаданне так і не выходзіла за межы перамоў. Сёлета задуманае атрымаецца ажыццявіць: “Малы” прывязе пастаноўку “Апошні тэрмін”, дэкарацыі якой уціснуцца-такі ў памеры брэсцкай сцэны.
Тэатр прыедзе на фестываль у суправаджэнні мастацкага кіраўніка Юрыя Саломіна (на здымку). Вядомы артыст тэатра і кіно ў асобым прадстаўленні не мае патрэбы, але не ўзгадаць яго работы ў стужках “Звычайны цуд” ці “Хаджэнне па муках”, да прыкладу, проста немагчыма. І хоць народны артыст СССР у пастаноўцы падначаленага Малога тэатра не задзейнічаны, звычайным назіральнікам ён таксама не будзе. 9 верасня Юрый Мяфодзьевіч сустрэнецца з прыхільнікамі свайго таленту, але трапяць на рандэву толькі шчаслівыя ўладальнікі запрашальных білетаў.
Увогуле, фактычна да ўсяго таго, што рабілася і робіцца для правя-дзення фэсту, так ці інакш можна дадаць прыслоўе “ўпершыню”. На прэс-канферэнцыі напярэдадні адкрыцця тэатральнай імпрэзы генеральны дырэктар “Белай Вежы”, мастацкі кіраўнік Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Аляксандр Козак расказаў, што менавіта фестываль у некаторым сэнсе адкрыў для Беларусі вулічны тэатр. За насычаную гісторыю існавання форуму тут пабывалі самыя яркія прадстаўнікі гэтага жанру, а аднойчы нават самі гаспадары “выйшлі на вуліцу” з пастаноўкай “Дон Кіхот”. Тым не менш, прыхільнікам падобнага роду мастацтва сёлета давядзецца засмуціцца: з-за абмежаванасці ў фінансах афіша “Белай Вежы-2012” парадуе нас толькі адным вулічным спектаклем. Аднак у падобных выпадках кажуць: галоўнае – не колькасць, а якасць. Словам, адзін, але які! Тэатр Biuro Podrozy з Познані –
адзін са старэйшых тэатраў свету і першаадкрывальнік у сваім жанры. Польскія артысты пакажуць пастаноўку з інтрыгуючай назвай “Макбет, хто той акрываўлены чалавек”. Здаецца, аматары вулічных відовішчаў не будуць расчараваны.
І яшчэ некалькі “ўпершыню”. Сёлета першымі сярод сваіх калег брастаўчане прывязуць у Беларусь мужчынскі балет Валерыя Міхайлоўскага. Першы раз фестывальнымі суддзямі стануць людзі, якія яшчэ не былі ў складзе журы, а для некаторых падобны вопыт будзе адначасова і знаёмствам з фестывалем. Адметна і тое, што ў складзе журы – толькі мужчыны, у адрозненне ад мінулага года, калі ў ролі арбітраў выступалі выключна прадстаўніцы прыгожай паловы. І зноў – упершыню: фестывальнай пляцоўкай стане бар Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, у якім адбудзецца пастаноўка “Гаспадар кавярні” трупы з Магілёва.
У ходзе гутаркі Аляксандр Козак агучыў чарговую запаветную мару: дырэкцыя вядомага брэсцкага тэатральнага форуму не супраць арганізаваць… дадатковы фестываль, напрыклад, у сакавіку, але плануе зрабіць яго пераважна камерцыйным.
– Хоць сёлета давялося адмовіцца ад шэрагу традыцый, ды ў наступным годзе ёсць жаданне аднавіць, бадай, самую даўнюю з іх, – дадаў лідар брэсцкіх тэатралаў. – Гэта традыцыя – пачынаць форум ля сцен “Белай Вежы” ў Камянцы – вядома многім заўзятым аматарам Мельпамены. Зараз там ідзе рэканструкцыя, ды калі яна завяршыцца ў тэрмін –
можна будзе зноў вярнуцца да вытокаў.
Безумоўна, цырымонія адкрыцця ля сцен старажытнай вежы дадасць фестывалю-цёзцы дадатковы антураж. Аднак не будзем забягаць наперад, бо сёлетні тэатральны форум ужо ў стадыі поўнай баявой гатоўнасці і літаральна праз некалькі гадзін яго можна будзе адчуць усімі фібрамі душы.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.