Рэзананс: “Месяц без пашпарта”
“Месяц без пашпарта”
Матэрыял пад такім загалоўкам быў надрукаваны ў №34 ад 17 жніўня. У ім расказвалася пра шматлікія нязручнасці, якія ўзнікаюць пры замене пашпарта. Упраўленне па грамадзянстве і міграцыі УУС аблвыканкама адрэагавала на публікацыю ў нашай газеце.
У адказе за подпісам начальніка ўпраўлення Аляксандра ТОМАШАВА гаворыцца: “Першае, на што звяртаеш увагу ў гэтым артыкуле, гэта тэрмін (2 месяцы) давання пашпарта грамадзяніну Рэспублікі Беларусь. Інфармуем, што згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.04.2010 №200 “Аб адміністрацыйных працэдурах, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі па заявах грамадзян” выдача і абмен пашпарта грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, які пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь, ажыццяўляецца ў тэрмін 1 месяц з дня падачы заявы, а ў паскораным выпадку – 15 дзён.
Згодна з пунктам 11.2.1 Пераліку для абмену пашпарта ў выпадку заканчэння тэрміну яго дзеяння грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 14-гадовага ўзросту, неабходна прынесці ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі органа ўнутраных спраў па месцы рэгістрацыі наступныя дакументы: заяву; пашпарт, які будзе абменены; 4 каляровыя фатаграфіі; пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці (у выпадку, калі грамадзянін мае дзіця, якое не дасягнула 18-гадовага ўзросту); пасведчанне аб шлюбе (у выпадку, калі грамадзянін у шлюбе); дакумент, які пацвярджае ўнясенне платы ў памеры 0,5 базавай велічыні (цяпер – 50 тысяч рублёў), а таксама дадаткова за выдачу (абмен) пашпарта ў паскораным парадку – 0,5 базавай велічыні.
Згодна з пунктам 12 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 03.06.2008 №294 “Аб дакументаванні насельніцтва Рэспублікі Беларусь” пашпарт забіраецца супрацоўнікам падраздзялення па грамадзянстве і міграцыі пасля выдачы новага дакумента. Такім чынам, пры здачы дакументаў грамадзянін можа выказаць жаданне пакінуць пашпарт на руках на тэрмін вырабу новага дакумента па той ці іншай прычыне. У гэтым выпадку супрацоўнікам не
будзе адмоўлена грамадзяніну ў пакіданні пашпарта, па якім ён можа ажыццяўляць грамадзянска-прававыя аперацыі, калі пашпарт непратэрмінаваны”.
АД РЭДАКЦЫІ. Безумоўна, вышэйпералічаныя ўказы не выклікаюць ніякіх супярэчанняў. Вось толькі з “пратэрмінаваннем” выдачы пашпарта (больш чым 1 месяц) сутыкнулася аўтар публікацыі. А супрацоўнік падраздзялення па грамадзянстве і міграцыі папрасіла “ўвайсці ў становішча і пачакаць”. Нагадаем, што справа была ў красавіку, калі назіраўся ажыятаж з заменай дакументаў з прычыны павышэння базавай велічыні. А што тычыцца права грамадзяніна не аддаваць стары пашпарт, пакуль ён не атрымае новы, дык чаму менавіта пра гэта не гавораць тыя самыя супрацоўнікі, а моўчкі забіраюць дакумент, які ідзе другім пунктам пасля заявы ў пераліку дакументаў, неабходных для замены пашпарта?
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.