Беларусь

Шчасце майстра


9 студзеня ў Палацы Рэспублікі прайшла цырымонія ўручэння прэмій Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”. Сярод лаўрэатаў спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – наша зямлячка Галіна Сцепанюк, дырэктар Антопальскага раённага цэнтра рамёстваў Драгічынскага раёна
Галіна Міхайлаўна атрымала высокую ўзнагароду як народны ўмелец і  педагог, які прыкладае ўсе намаганні, каб майстэрства нашых продкаў было прымножана і захавана для наступных пакаленняў. Яна аднавіла традыцыю ткання павівачоў (паясоў, якімі спавівалі немаўлят пры нараджэнні) з характэрным для Драгічыншчыны рамбічным арнаментам. Цяпер пад кіраўніцтвам любімай настаўніцы іх ткуць як дзяўчынкі, так і хлопчыкі.
А яшчэ жанчына вучыць юных майстроў плесці з саломкі, рабіць з яе аплікацыі.  Яны з ахвотай займаюцца таксама дэкаратыўным роспісам, рыхтуюць беларускія сувеніры…
Талент Галіны Сцепанюк на Берасцейшчыне ацэнены даўно. У 2011 годзе яна была адзначана і на рэспубліканскім узроўні – на конкурсе “Жанчына года” прызнана лепшай у намінацыі “За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне”. 23 снежня мінулага года Галіна Міхайлаўна атрымала ганаровае званне “Народны майстар Рэспублікі Беларусь”.
“Да гэтага часу прысутнічае нейкае адчуванне ніякаватасці: чаму менавіта я? – казала жанчына. – У нашым раёне столькі самародкаў!.. Я проста люблю ўсё роднае, з павагай адношуся да дзяцей і сумленна выконваю сваю працу”.
Вырабы выхаванцаў Антопальскага РЦР “сустракалі” Новы год у Палацы Рэспублікі. Іх пабачылі і яшчэ пабачаць тысячы людзей, якія, гледзячы на хітраспляценні саломкі, нітак і льняных валаконцаў, парадуюцца  таленту юных умельцаў з Драгічыншчыны, згадаюць уласнае дзяцінства, паяднаюцца памяццю з гістарычным мінулым сваіх папярэднікаў.  Хіба гэта не шчасце для майстра?!
“Вялікі дзякуй людзям, якія далучыліся да маёй радасці, – узрушана гаворыць Галіна Міхайлаўна, – сябрам, землякам, калегам, “групе падтрымкі”. У гэты дзень я яшчэ раз пераканалася ў тым, якія таленавітыя ў нас людзі. Такое свята – на ўсё жыццё”.
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”,
Драгічынскі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля