Што лепш – піць зялёную каву ці шпарка хадзіць?
Эндакрынная сістэма чалавека адказвае за нармальнае функцыянаванне арганізма. Збой у яе рабоце выклікае праблемы, якія часта перарастаюць у хранічныя і пагражаюць не толькі здароўю, але нават жыццю чалавека. Як засцерагчыся ад эндакрыннай паталогіі? Дзе можна прайсці аздараўленне, калі ёсць хвароба эндакрыналагічнага профілю? Ці можна папярэдзіць цукровы дыябет?.. На тэлефонныя запыты нашых чытачоў адказаў галоўны ўрач абласнога эндакрыналагічнага дыспансера Артур ГРЫГАРОВІЧ.
Надзея ПАЎЛАВА, г. Брэст:
– Артур Станіслававіч, хваробы эндакрыннай сістэмы ў структуры захворванняў выходзяць на 2-е месца пасля хвароб сістэмы кровазвароту. З чым гэта звязана? І наколькі такая паталогія характэрна для нашай вобласці?
– На жаль, статыстыка не падманвае. Рост эндакрынных хвароб адзначаецца ва ўсім свеце. У нашай вобласці каля 5 працэнтаў дарослага насельніцтва, напрыклад, хварэе на цукровы дыябет 2-га тыпу. Кожныя 5 год колькасць пацыентаў эндакрынолагаў падвойваецца. А гэта, заўважце, дадатковыя бюджэтныя выдаткі, бо ў нас лячэнне дыябетыкаў бясплатнае. Дзеці і інваліды I і II груп бясплатна атрымліваюць таксама тэст-палоскі і інсулінавыя шпрыцы (гэта ў дадатак да інсуліну). Рост захворвання звязаны на 90 працэнтаў з ладам жыцця: набіраем вагу, зніжаем фізічную актыўнасць – і атрымліваем хваробу, з якой вымушаны лічыцца. Пераважная большасць пацыентаў хварэе на цукровы дыябет 2-га тыпу, які чалавек неразумным стаўленнем да свайго здароўя набывае з узростам. Цукровы дыябет 1-га тыпу – хвароба дзяцей і маладых людзей, пры якой адбываецца абсалютная інсулінавая недастатковасць, што ўзнікае пасля вірусных інфекцый. Гэта прыводзіць у некаторых выпадках да збою, і арганізм не выпрацоўвае інсулін. Яго даводзіцца ўводзіць хвораму 5 – 6 разоў на дзень.
Вольга САМУСЕВІЧ, г. Брэст:
– Скажыце, ці ёсць пагроза спадчыннасці цукровага дыябету? У мяне хварэла бабуля, маці бацькі. Я была школьніцай, калі яна памерла. Больш ні ў каго ў сям’і дыябету не выяўлялі.
– Усё залежыць ад тыпу дыябету. Калі ён 1-га тыпу, дык звычайна не наследуецца. А вось дыябет 2-га тыпу спадчынны характар мае. Калі ў бацькоў павышаная маса цела ці ў Вас ёсць схільнасць да паўнаты, дык рызыка захварэць на цукровы дыябет пасля 40 год вельмі высокая. Але ж хваробы магчыма пазбегнуць пры правільным харчаванні, належнай фізічнай актыўнасці.
Ганна ХОМКА, Камянецкі раён:
– Цукровы дыябет не лічаць смяротнай хваробай, яго лечаць. Дык чаму тады ўзнікаюць ускладненні?
– Калі пацыент несур’ёзна ставіцца да цукровага дыябету, не захоўвае дыету, не мае дастатковай фізічнай актыўнасці, не ходзіць пешкі, не прымае дадаткова лекаў, дык з’яўляюцца ўскладненні, якія і прыводзяць да лятальнага канца. Рызыка інфаркту міякарда ў пацыентаў з цукровым дыябетам у 4 разы вышэйшая, чым у звычайных людзей. Ёсць рызыка аслепнуць, страціць функцыю нырак, атрымаць макрасасудзістыя ўскладненні, якія паскараюць атэрасклератычныя працэсы, з’яўляюцца праблемы з сасудамі ног, нервовай сістэмай… А вось калі чалавек сочыць за сабой, дык з паталогіяй можна пражыць доўга.
Марыя ЛУШЧЫК, Івацэвіцкі раён:
– Як клапаціцца пра свой арганізм, каб папярэдзіць цукровы дыябет?
– Найперш пастарайцеся трымаць нармальную вагу. Калі чалавек, які мае рызыку цукровага дыябету, пахудзее на 6 кілаграмаў, дык верагоднасць захварэць зніжаецца на 43 працэнты. Безумоўна, рызыку хваробы зніжае дыета. Яна базіруецца на простых прынцыпах. Па-першае, Вы не павінны спажываць кілакалорый больш, чым траціце. Калі ў Вас павышаная маса цела, не маеце цяжкіх фізічных нагрузак, дастаткова будзе і 1800 кілакалорый. Харчаванне 6-разовае, дробнае, каб не адчуваць голад. Прадукты павінны быць нізкакаларыйнымі: зяленіва, нятлустае мяса, рыба. Сур’ёзнае абмежаванне па вугляводах – пад забарону трапляе ўсё салодкае, нават салодкія апельсіны і яблыкі. Прадумвайце звечара, што будзеце есці заўтра. І лічыце кілакалорыі – спачатку гэта будзе складана, але прызвычаіцеся і будзеце арыентавацца, чаго і колькі есці. Да дыеты абавязкова трэба далучыць рэжым фізічнай актыўнасці.
Таццяна ГАРГУН, г. Брэст:
– Урачы часта рэкамендуюць фізічныя нагрузкі. А якімі яны павінны быць, каб папярэдзіць эндакрынную паталогію?
– Рэжым фізічных нагрузак азначае, што іх неабходна выконваць штодня, бо разавыя заняткі нічога не дадуць. Нават месяца заняткаў будзе недастаткова. Самы танны варыянт –
хадзьба. Рэкамендую штодня выходзіць на гадзінную прагулку. Прычым Вы павінны рухацца ў лёгкім тэмпе цэлую гадзіну без перапынку. Калі мне пацыент кажа, што ходзіць на прагулкі, абавязкова ўдакладняю, як ён гэта робіць. Часта высвятляецца, што пацыент гуляе з сабакам. Толькі вось актыўна рухаецца чатырохногі сябар, а чалавек звычайна даходзіць да пляцоўкі для выгулу і проста стаіць, назірае за сабакам. Паўтараю, хадзьба павінна быць бесперапыннай. Пачніце з лёгкага тэмпу і паступова паскарайце яго, адпаведна павялічваючы дыстанцыю.
Ганна ДАНІЛЮК, г. Брэст:
– Атлусценне адносяць да паталогій эндакрыннай сістэмы. Ці можна ў дыспансеры прайсці лячэнне менавіта з дыягназам “атлусценне”?
– Атлусценне патрабуе не медыцынскага лячэння, а найперш змены Вашага ладу жыцця. Пачынайце рухацца, лічыце калорыі, калі не можаце адмовіцца зусім, дык хоць абмяжуйце спажыванне солі. Абмежаванняў па вадзе няма, бо, калі будзеце губляць масу, тлушчавая клятчатка пачне расшчапляцца да ацэтону, так званых кетанавых цел. Яны выводзяцца з арганізма, але пры недастатковай колькасці вады іх немагчыма растварыць – а значыць, яны дрэнна будуць уплываць на ныркі. Так што класічныя 2 літры звычайнай пітной вады спажываць штодня абавязкова. Медыцынскім лячэннем атлусцення дыспансер не займаецца, але неабходную кансультацыю можна атрымаць у эндакрынолага. Запісацца на прыём трэба ў рэгістратуры (тэлефон у Брэсце – 40-56-01).
Вікторыя АНДРЫЕВІЧ, Пінскі раён:
– Прыём у дыспансеры ведзяце з усёй вобласці? На якіх умовах?
– Месцажыхарства не мае значэння – мы ж абласная ўстанова аховы здароўя. Калі ёсць накіраванне, прыём будзе бясплатны, у адваротным выпадку давядзецца заплаціць (расцэнкі ў нас дзяржаўныя). Дарэчы, накіраваць на кансультацыю можа не толькі эндакрынолаг Вашай паліклінікі, але і любы ўрач, у якога ёсць сумненні па эндакрыннай паталогіі: тэрапеўт, хірург, кардыёлаг…
Іван МАЦКЕВІЧ, г. Брэст:
– Ці рэальна вітамінамі ўмацаваць сваю эндакрынную сістэму? Якія вітаміны парэкамендуеце?
– Толькі вітамінамі ўмацаваць эндакрынную сістэму наўрад ці атрымаецца. А вось для прафілактыкі ўскладненняў цукровага дыябету наша фармацэўтычная прамысловасць выпускае добрыя прэпараты. Напрыклад, “Вітакапс”. У кожным канкрэтным выпадку ўсё ж правільней будзе параіцца з лечачым урачом.
Алена СТОЎБА, Брэсцкі раён:
– Па тэлевізары для ёдапрафілактыкі рэкламуюць таблеткі. А каму яны насамрэч неабходныя?
– Прымяняйце ёдаваную соль – вось даступная прафілактыка ёдадэфіцыту, з-за якога ўзнікаюць праблемы са шчытападобнай залозай. А дадаткова ёдныя таблеткі патрэбны цяжарным і жанчынам, якія кормяць грудзьмі, часам – дзецям па рэкамендацыі ўрача.
– А марская капуста – дзейсны сродак прафілактыкі ёдадэфіцыту?
– У двух кілаграмах марской капусты столькі ж ёду, што і ў 6 грамах ёдаванай солі. Мяркуйце самі, які сродак будзе выкарыстаць лягчэй.
Яўген ЮШЧЫК, Іванаўскі раён:
– Праблемы са шчы-тападобнай залозай узнікаюць з-за ёднага дэфіцыту. Ці дапамагае з ім справіцца рэгулярнае спажыванне ёдаванай солі?
– Так, дапамагае. Ёдаваная соль (дробны памол) у нас якасная. Але звяртайце ўвагу на тое, што тэрмін захоўвання яе – 6 месяцаў. Захоўваць прадукт неабходна ў герметычным посудзе, інакш ёд проста выветрыцца і прадукт з прафілактычнага сродку ператворыцца ў звычайную соль. Акрамя таго, каб атрымаць неабходны эфект, саліць стравы трэба пасля прыгатавання, падаючы на стол. У Беларусі працуе дзяржаўная праграма па барацьбе з ёдадэфіцытам. У сістэме грамадскага харчавання (сталовыя, кафэ, рэстараны і інш.) выкарыстоўваецца толькі ёдаваная соль. Сыр, малако, нават шакалад у нас ёдзіруюцца. Эфект працяглай прафілактыкі адзначаюць медыкі: у дзяцей практычна не дыягнастуецца паталогія шчытападобнай зало-зы – павелічэнне валяка.
– Адкуль тады бярэцца анкалогія шчытападобнай залозы?
– Ёсць групы рызыкі, напрыклад, людзі, якія на момант Чарнобыльскай катастрофы былі дзецьмі, ці тыя, што пражываюць у неспрыяльнай па радыяцыйным забруджванні мясцовасці. Але рак шчытападобнай залозы цяпер добра выяўляецца, аперыруецца, пралечваюцца магчымыя ўскладненні, і чалавек жыве далей.
Марыя Іванаўна, г. Іванава:
– Ці ўплывае надвор’е на ўзровень цукру ў крыві?
– Цукар у крыві ў кожнага чалавека змяняецца да сотні разоў на дзень. Уздзейнічаюць розныя фактары, але аб прамой залежнасці гэтага паказчыка ад надвор’я мне нічога не вядома.
– А паўната ўплывае?
– Так, таму харчавацца трэба правільна. Ваша дыета не павінна стамляць. Падбірайце прадукты (напрыклад, у рацыёне павінна быць на дзень (і пастаянна!) 300 г зяленіва (пятрушка, цыбуля, агуркі, капуста і інш.). Ды не залівайце салаты шчодра алеем, а толькі дадайце трошкі для смаку. Абмяжуйце спажыванне солі, выключайце булкі, пірожныя. Мяса можна 100-150 г, нятлустае, на пары прыгатаванае ці ў духоўцы запечанае. Абавязкова – фізічныя нагрузкі (хадзіце пешкі).
– Трэба тэрмінова худзець…
– Тэрмінова – не, трэба паступова: 1–1,5 кілаграма ў месяц для Вас дастаткова. І лічыце кілакалорыі. Пры сядзячай працы іх дастаткова 1600. Толькі адна ўмова: усё згаданае неабходна выконваць штодня. І яшчэ: калі прымаеце лекі ад павышанага артэрыяльнага ціску, але адначасова не абмяжуеце спажыванне солі, не зменіце сядзячы лад жыцця, ціск у норму не прыйдзе.
Вольга ФАЛЕЕВА, г. Жабінка:
– Цудадзейная (як сцвярджае рэклама) зялёная кава дапамагае пахудзець?
– Гэты напітак не мае ніякіх адносін да зніжэння вагі. Каб пахудзець, трэба падтрымліваць адмоўны энергетычны баланс у арганізме – спажываць калорый не больш, чым расходуе Ваш арганізм. Карыстаючыся выпадкам, развянчаю яшчэ адзін міф. Людзі часта апраўдваюць сваё атлусценне пабочным эфектам лячэння хвароб. Існуе толькі адна эндакрынная хвароба, якая вядзе да атлусцення – пухліна наднырачнікаў (у нас у вобласці такі дыягназ за год выяўляецца ў 1–2 чалавек). Усё астатняе – гэта Ваш лад жыцця.
Юрый ЖУКОЎСКІ, г. Брэст:
– Падкажыце, калі ласка, у якіх нашых санаторыях ёсць спецыялізаванае лячэнне, рэабілітацыя па эндакрыналагічным профілі?
– У многіх беларускіх санаторыяў ёсць эндакры-налагічны профіль. У нашай вобласці можна парэкамендаваць “Ружанскі” ў Пружанскім раёне, “Бярэсце” ў Брэсцкім. Толькі не трэба думаць, што тры тыдні ў санаторыі радыкальна палепшаць Ваша здароўе. Займацца сабой неабходна абавязкова: штодзённа і ўпарта!
На “прамой лініі” дзяжурыла
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.