Шведскія спецыялісты ў Брэсце падзяліліся практычнымі парадамі барацьбы з нарказалежнасцю сярод падлеткаў

Шведскія спецыялісты ў Брэсце падзяліліся практычнымі парадамі барацьбы з нарказалежнасцю сярод падлеткаў

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Вядома ж, лёгкіх ці легальных наркотыкаў не бывае. Так не бывае і лёгкіх спосабаў пазбавіцца ад нарказалежнасці. Для таго, каб зразумець маштаб праблемы, варта ўдумацца ў лічбы, якія прыводзіць пракуратура Брэсцкай вобласці.
– У рамках маніторынгу выканання заканадаўства ў прафілактыцы наркаманіі нядаўна было праведзена ананімнае анкетаванне ў навучальных установах, – расказаў памочнік пракурора вобласці Аляксандр Жэшка. – Па яго выніках найбольш хвалюючай з’яўляецца сітуацыя  з сярэдне-спецыяльнымі і прафесійна-тэхнічнымі ўстановамі адукацыі. 9 працэнтаў рэспандэнтаў прызналіся, што ўжываюць наркотыкі, а ў 33 працэнтаў ёсць сябры-наркаманы. Найбольш “праблемнымі” гарадамі з’яўляюцца Брэст, Пінск, Баранавічы, Пружаны, Лунінец.
Калі ў спісе пералічаных гарадоў няма іншых населеных пунктаў – гэта не значыць, што наркаманія не дабралася туды. У апошні час спецыялісты б’юць трывогу і называць нарказалежнасць “хваробай” дзяцей і падлеткаў. Зараз вельмі актуальнай з’яўляецца праблема распаўсюджвання сярод моладзі курыльных сумесяў, якія многія памылкова лічаць няшкоднымі.
Вялікі вопыт і шмат дзейсных ідэй барацьбы з татальным наступствам наркаманіі ёсць у Швецыі, дарэчы, у якой наркаманія з’явілася яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагоддзя. Для абмену вопытам у Беларусь ужо не ў першы раз прыязджае генеральны сакратар шведскага нацыянальнага саюза “За грамадскасць без наркотыкаў” Пер Юхансан. 20-22 сакавіка камісія па справах непаўналетніх аблвыканкама ў гасцініцы “Эрмітаж” правяла семінар па праблемах наркаманіі і таксікаманіі ў маладзёжным асяроддзі.
– Сярод краін Еўрасаюза найбольш “вопытнымі” ў барацьбе з наркаманіяй з’яўляюцца Швецыя і Англія, тут нябачная вайна вя-дзецца больш чым паўстагоддзя, – расказаў Пер Юхансан. – Для больш эфектыўнай прафілактыкі неабходны комплексны падыход і цеснае ўзнаемадзеянне многіх службаў. Трэба зрабіць усё магчымае, каб падлетак не паспрабаваў наркотыкі ў першы раз.
Барацьба з наркаманіяй, на думку галоўнага ўрача абласнога наркалагічнага дыспансера Аляксандра Більдэйкі, праблема не столькі медыцынская, колькі сацыяльная. Медыкі могуць зняць ломку, аднак не ў сілах зрабіць так, каб наркаман вярнуўся ў грамадства.
У Швецыі, напрыклад, па пытаннях прафілактыкі вядзецца актыўнае ўзаемадзеянне паміж муніцыпальнымі службамі і школамі. У навучальных установах  працуюць людзі, якія могуць выявіць падлеткаў, эксперыментуючых з наркотыкамі: збываюць ці самі ўжываюць. Як расказалі супрацоўнікі сацыяльнай службы муніцыпалітэта Еўле (Швецыя) Ангеліка Персан і Аніка Маландэр, важна даведацца, што на самай справе адбываецца ў маладзёжным асяроддзі – а гэта значыць, быць на адной хвалі з падлеткамі. Вялікую ролю ў гэтым працэсе адыгрывае псіхалагічны фактар: важна знайсці тыя “рычажкі”, якія прымусяць падлетка па ўласным жаданні адмовіцца ад наркотыкаў.
Падобныя формы работы прадэманстравалі валанцёры Пінскага клуба “То4ка”. Дарэчы, іх вопыт работы ўжо высока ацэнены міліцыяй і структурамі, задзейнічанымі ў наркабарацьбе.
Удзельнікі семінара ўзялі на ўзбраенне новыя ідэі. Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх пры аблвыканкаме Аляксандр Каштанюк прапанаваў праз некаторы час сустрэцца зноў, каб падвесці вынікі работы ў новым фармаце і расказаць аб поспехах. Спадзяёмся, што да наступнага семінара і берасцейцам будзе чым пахваліцца ў барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў у нашай краіне. А дзякуючы новаму падыходу да праблемы – атрымаецца зрабіць так, каб як мага больш юнакоў і дзяўчат абмінуў той самы злашчасны “першы раз”.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

26 сакавіка споўнілася 20 год, як беларускі Брэст і кітайскі Сяогань сталі пабрацімамі

Следующая запись

Прэм’ера спектакля “На дне” адбылася ў Брэсце на мінулым тыдні