Сёлета дзень ведаў і Дзень беларускага пісьменства адзначаюцца 1 верасня

Сёлета дзень ведаў і Дзень беларускага пісьменства адзначаюцца 1 верасня

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Сімвалічнае супадзенне паказвае каляндар: сёлета дзень ведаў і Дзень беларускага пісьменства адзначаюцца 1 верасня

Канцэпцыя рэспублі-канскага свята, якое прымяркоўваецца да Дня беларускага пісьменства, прадугледжвае паказ непарушнага адзінства друкаванага слова з гісторыяй беларускага народа, яго цеснай сувязі са славянскімі крыніцамі, а таксама асэнсаванне гістарычнага шляху пісьменства і друку. Менавіта гэта даюць нам веды, спасціжэннем якіх чалавек займаецца ўсё сваё жыццё. І каб насамрэч пранікнуцца духам матчынага слова, дакрануцца да сівой даўніны роднага краю, трэба з малых год пасябраваць з кнігай.
Нават у час летніх канікулаў шматлюдна ў Камянецкай раённай дзіцячай бібліятэцы. Апошнім часам сюды сталі актыўна наведвацца і бацькі. Многія разумеюць, што сыноў і дачок трэба з маленства прывучаць да чытання. А бібліятэкары такой сямейнай цікаўнасці надзвычай радуюцца.
– Прыемна бачыць інтарэс да кнігі, у тым ліку да беларускай, – гаворыць бібліятэкар абанемента Ганна Грышкоўская. – Мы ладзім розныя святы, на якія юныя чытачы прыходзяць з мамамі і татамі. Адзначаем разам і Міжнародны дзень абароны дзяцей, і Дзень сям’і, і Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі… Пры бібліятэцы працуюць лялечны тэатр “Вясёлка” і аматарскае аб’яднанне экалагічнай накіраванасці “Кропелька”. З маленькіх кропелек ведаў, што даюць мастацкія кнігі, часопісы, энцыклапедыі, утвараецца велізарнае мора ведаў, якое сённяшнім дзецям і падлеткам моцна дапаможа ў дарослым жыцці.
У дзіцячай бібліятэцы з радасцю ўспамінаюць, як удала прайшлі бібліяавацыя “Давайце Маўра пачытаем”, падарожжа ў свет беларускіх кніг “Чытай на роднай мове”, бібліятэчны экалагічны пікнік “Любімы край Беларуссю завецца”, бібліяфестываль “Камянец – горад чытаючы”, віртуальная экскурсія “Беларусь у маім сэрцы”, гадзіна гісторыі “Вежа глядзіць праз стагоддзі”. У чытальнай зале на бачным месцы – выстава “Карагод беларускіх часопісаў”. На канікулах пры дзіцячай бібліятэцы працавала летняя чытальная зала на свежым паветры – у гарадскім скверы, ля знакамітай Камянецкай вежы, на іншых пляцоўках горада бібліятэкары сустракаліся кожны аўторак з юнымі чытачамі. Такім вось чынам бібліятэкары з Камянца спрабуюць прывіць звычку чытаць усюды.
– Можа, таму і сталі нашы дзеці самымі актыўнымі ўдзельнікамі фестывалю кнігі, які бібліятэчныя ўстановы ладзілі ў ліпені да Дня горада, – выказвае меркаванне Ганна Пятроўна і распавядае, як у бібліятэцы рыхтуюца да
1 верасня – дня, калі святы ведаў і беларускага пісьменства сальюцца, каб і дзеці, і дарослыя яшчэ больш пранікліся павагай да матчынага слова і паўней наталілі сваю прагу пазнання.
“Не магу не любіць Беларусь” –
так назвалі бібліятэкары першы ўрок новага навучальнага года для шасцікласнікаў гарадскіх гімназіі і СШ №2. Увогуле, раённая дзіцячая бібліятэка плённа працуе з установамі адукацыі. Сюды, у райцэнтр, прыязджаюць нават з сельскіх школ, каб правесці сумеснае кніжнае мерапрыемства. Даўні сябар – і цэнтр дадатковай адукацыі Камянца, работы яго гурткоўцаў часта выстаўляюцца ў дзіцячай бібліятэцы і  дапаўняюць разнастайныя мерапрыемствы, якія не стамляюцца тут прыдумваць і ладзіць…
Але не толькі дзетак імкнуцца ў Камянцы зацікавіць кнігай. Разнастайныя формы работы з чытачамі мае і “кніжны дом” для дарослых – Камянецкая цэнтральная раённая бібліятэка імя У.М. Ігнатоўскага. Абедзьве ўстановы размешчаны ў адным будынку (дарэчы, побач са славутай вежай).
На гэтым тыдні кіпіць работа: бібліятэкары адбіраюць літаратуру для кніжнай выставы “Мой Камянец – беларуская зямля”. Экспазіцыю павязуць у Быхаў, дзе пакажуць на свяце Дня беларускага пісьменства. Нагадаю, Камянец і сам быў гаспадаром прыстыжнага рэспубліканскага мерапрыемства ў 2005 годзе. Алена Красоўская, загадчык аддзела абслугоўвання, старанна рыхтуецца да гэтай камандзіроўкі. Бібліятэкар расказала:
– Наша выстава падзелена на тры раздзелы: “У даль стагоддзяў зазірні”, “Светачы зямлі Камянецкай” і ”Кніжныя скарбы”. У экспазіцыі ёсць шэраг новых краязнаўчых кніг. У іх ліку – прыгожы фотаальбом “Камянец”, які летась падрыхтавала рэдакцыя раённай газеты “Навіны Камянеччыны”, выданне 2013 года – “Праваслаўныя храмы Камянеччыны” Юрыя Сахарчука. Возьмем кнігі мясцовых аўтараў і ўраджэнцаў раёна – Івана Жытко, Васіля Жуковіча, Ніны Гарагляд і іншых. Хочам паказаць, якія таленавітыя людзі жывуць у нас, якія традыцыі беларускага пісьменства развіваюцца тут…
Вельмі імпануе, што раённая бібліятэка імя У.М. Ігнатоўскага актыўна прапагандуе беларускае слова. Бібліятэкары выходзяць з перасоўнымі выставамі кніг у людныя месцы Камянца: да ўнівермага, Дома быту, на аўтастанцыю. Такія паходы “ў народ” маюць станоўчы эфект: камянчане і вясковыя жыхары, што прыязджаюць у райцэнтр, знаёмяцца з навінкамі літаратуры, атрымліваюць запрашэнні наведаць бібліятэку, удзельнічаюць у конкурсах. Для старшакласнікаў ладзяцца літаратурныя гадзіны “Беларус, сваёй мовы не цурайся!”. Чытачы ахвотна прыходзяць на літаратурныя вечарыны, сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі кніг. У кніжным фондзе да 40 працэнтаў выданняў – беларускамоўныя. Бібліятэкары добра ведаюць тых, хто аддае перавагу беларускім кнігам: гэта Ларыса Кавалевіч, Мікалай Шахавец, Вера Філосаф, Наталля Ярашук…
– Мы імкнёмся выхоўваць і падтрымліваць у чытачоў цікавасць да беларускай кнігі, – адзначае намеснік дырэктара бібліятэкі Раіса Паўлючук. – Асабліва звяртаем увагу на моладзь. Вось і ў Дзень ведаў у чытальную залу прыйдуць старшакласнікі гімназіі на першы ўрок новага навучальнага года па тэме “Як ты сэрцу майму мілая, дарагая Беларусь”.
Кніга – сябар чалавека. Даўні і надзейны. У Камянцы прыкладаюць шмат намаганняў, каб сяброўства гэтае доўжылася з пакалення ў пакаленне. І каб у ім абавязкова пачэснае месца займалі выданні на матчынай мове. На беларускай.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
г. Камянец.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

На Брэстчыне забаронены продаж алкагольных напіткаў ноччу

Следующая запись

Услед за белаю ракою