Услед за белаю ракою
Усе свае канцэрты лаўрэат абласных, рэспубліканскіх і міжнародных песенных конкурсаў 13-гадовая Наталля Трус з Пружан нязменна пачынае песняй аб роднай краіне на беларускай мове
Мы сустракаліся і гутарылі з юнай спявачкай у маі. Калі я запытаў пра планы на бліжэйшы час, Наташа паказала запрашэнне ў Феадосію на чарговы Міжнародны фестываль маладых талентаў “Крымскія хвалі”. А зусім нядаўна патэлефанаваў Васіль Дзмітрыевіч – тата Наташы – і паведаміў радасную навіну: дачка атрымала дыплом II ступені.
Здзіўляе і ўражвае тое, як настойліва, прыступка за прыступкай, падымаецца здольная дзяўчынка да вяршынь эстраднага мастацтва. На цяперашні час у яе творчым арсенале каля 40 дыпломаў самага рознага ўзроўню – у тым ліку і міжнароднага – за вакальныя здольнасці і майстэрства выканання.
А пачыналася ўсё… з верша Самуіла Маршака, які пяцігадовая Наташа Трус выканала на сцэне гарадскога Палаца культуры. Кіраўніка ўзорнай эстраднай студыі “Меладзін” Эўгеніюса Валанчуса, які шукаў таленавітых дзяцей, уразіў не так сам верш, як дзіцячая непасрэднасць дзяўчынкі, уменне трымацца на сцэне. На першым жа праслухоўванні выявілася, што да ўсяго гэтага можна дадаць яшчэ і голас, і добры музычны слых. Як таленавіты псіхолаг і педагог, чалавек з бездакорным густам, Эўгеніюс Юозавіч здолеў разгледзець у пяцігадовым дзіцяці іскрынку таленту. Тады ж і пачалася сумесная карпатлівая праца, якая працягваецца да гэтага часу.
На наш погляд, самастойнасць дзіцячай творчасці ў любой галіне мастацтва, у тым ліку і эстраднага, – з’ява адносная. Вельмі многае залежыць ад дарослых, ад іх прафесіяналізму і педагагічных здольнасцей. Можна сказаць, што Наташы пашанцавала: яна знайшла “свайго” педагога. У Эўгеніюса Валанчуса атрымліваецца наладзіць належны кантакт са сваімі выхаванцамі, і ўсё таму, што ён верыць у іх здольнасці. “У яго ўсе дзеці таленавітыя, – па-даросламу стала агучвае сакрэт поспеху свайго настаўніка Наташа. – Вось і зусім нядаўна наша Валя Іванцова прайшла ў фінал песеннага конкурсу “Я спяваю”, які праводзіць тэлеканал АНТ. Ёй толькі сем гадоў. І я сама пераканана, што без дапамогі нашага кіраўніка не змагла б спяваць. Шкада толькі, што ў яго так мала вольнага часу”…
Эстрадная студыя “Меладзін” пры гарадскім Палацы культуры (адразу ўзнікае асацыяцыя са словам “вітамін” – музычны вітамін для добрага настрою) добра вядомая ў Пружанах. Яшчэ ў 1997 годзе ёй прысвоена званне “ўзорнай”. Узрост удзельнікаў студыі – ад 6 да 17 гадоў. Цяпер тут займаюцца 16 чалавек: 15 дзяўчынак і ўсяго адзін хлопчык – Арцём Мацкевіч.
“Спявала я, спявала, – расказвае Наташа сваю “творчую біяграфію”, – а пасля, у сем гадоў, паехала з татам у Польшчу на міжнародны конкурс – і адразу перамагла. Пасля паехалі ў Чарнаўцы, на вакальны фестываль “У коле сяброў”. Там я была самай маленькай, выступала па-за конкурсам і атрымала прыз глядацкіх сімпатый”.
Апошнія па часе перамогі юнай спявачкі – першыя месцы ў Міжнародным фестывалі-конкурсе юных талентаў “Зорачка” ў Адэсе (2012), адразу ў дзвюх намінацыях у Рызе на фестывалі “Балтык-транзіт. Рыжская сімфонія” (2012), у маскоўскім дзіцяча-юнацкім конкурсе “Два каты” – усяго два месяцы назад. У творчай характарыстыцы, выдадзенай аддзелам культуры Пружанскага райвыканкама салістцы эстраднай студыі “Меладзін” Наталлі Трус, пералік усіх перамог і званняў займае цэлую старонку.
Сваімі поспехамі, лічыць Наталля, яна вельмі абавязана бацькам. Мама, Тамара Іванаўна, – галоўны касцюмер і стыліст. Тата Наташы ездзіць на ўсе, без выключэння, конкурсы, дамаўляецца з арганізатарамі. Шукаць спонсараў – таксама яго абавязак. Добра яшчэ, што разумеюць, ідуць насустрач: і асабіста старшыня райвыканкама Міхаіл Сяркоў, і аддзел культуры, а яшчэ прадпрыемства “Брэстаблсаюздрук”, Пружанскі малочны камбінат… І тым не менш – часам бывае цяжка: Пружаны – не сталіца. Нездарма ж з 10 фіналістаў “Славянскага базару” ў Віцебску было 8 мінчан. Прызнаныя мэтры, па словах Васіля Дзмітрыевіча, здзіўляліся нават: як у такое цеснае кола трапілі правінцыялы?!.
Для перамогі на прэстыжным фестывалі, акрамя вакальных дадзеных, майстэрства выканання і сцэнічнага касцюма, вялікае, а часта і вырашальнае, значэнне мае рэпертуар. Гэта пастаянны клопат кіраўніка “Меладзіна”. “Калі для дзяцей малодшага школьнага ўзросту яшчэ можна нешта знайсці, – кажа Эўгеніюс Валанчус, – то для падлеткаў гэта зрабіць надзвычай цяжка. Каб адабраць 2 – 3 песні, трэба праслухаць 100 – 120”.
Такая праца адымае шмат часу. Можна палічыць: у Наташыным рэпертуары больш за 30 песень (на сольных канцэртах яна выконвае 15 – 16), а ў “Меладзіне”, як ужо згадвалася, – 16 салістаў. Таму і даводзіцца, жартуе педагог, “быць невыязным”: не хапае часу прысутнічаць на канцэртах сваіх выхаванцаў за мяжой і ў сталіцы.
Ёсць у юнай спявачкі і ўласны хіт – песня “Мой родны край”. Словы спецыяльна для Наташы напісаў вядомы беларускі паэт Васіль Жуковіч, а музыку – яе цяперашні сталічны педагог (дзяўчынка завочна займаецца ў Мінскім каледжы мастацтваў) Алена Атрашкевіч. Гэта песня прынесла ўдачу і ў Літве, і ва Украіне, і ў Расіі…. Падабаецца дзяўчынцы і англійская мова – нават у школьных алімпіядах перамагала, – але ж родная куды бліжэй. І сама Наташа, і яе бацькі, і педагогі добра разумеюць: губляючы беларускае, мы губляем у сабе і агульначалавечае.
Любы мой край, веру
мне дай.
З ёй па жыцці дай мне
прайсці.
Шчасце пазнаць, долю
спаткаць
Мне пажадай, родны
мой край.
Гэтымі ўзнёслымі словамі звароту да роднай беларускай зямлі сонечная, усмешлівая, жыццярадасная дзяўчынка з невялікага палескага гарадка Пружаны адкрывала свае выступленні ў прэстыжных канцэртных залах Масквы, Рыгі, Адэсы, Феадосіі… І не дзіва, што строгае, аўтарытэтнае, але ў той жа час зычлівае да юных талентаў журы называла Наташу Трус пераможцай.
– А якія твае любімыя беларускія выканаўцы? – цікаўлюся ў юнай артысткі.
Чую ў адказ: “Усе!” – і не здзіўляюся: 13-гадовы, са шчырай душой чалавек, у кожным, хто нейкім чынам дакранаўся да яе творчага лёсу, Наташа разгледзела найперш чысціню памкненняў, жаданне дапамагчы. Асабіста знаёма з Жанет, Алёнай Ланской, Алегам Сямёнавым, Георгіем Калдуном… А ў родных Пружанах яна заўсёды чытае са сцэны верш мясцовага паэта і музыканта Аляксандра Казея. Шчымліва гучаць са сцэны яго радкі: “Край любы, пружанскі, лясоў і палёў, блакітных азёраў і белых буслоў…”
– Наташа, а ты хвалюешся перад тым, як выйсці на сцэну? – запытаў я ў юнай артысткі.
– Трохі. Без гэтага нельга. Асабліва, калі конкурс адказны.
– А ці выбіраеш у зале чалавека, да якога звяртаешся з песняй? Кажуць, так робяць некаторыя славутасці.
– На Эўгеніюса Валанчуса гляджу, калі ён у зале, як рэагуе. Наогул трэба глядзець на ўсіх, але так, каб кожны адчуў, што ты спяваеш толькі для яго. І сама песня многа падказвае…
А яшчэ я даведаўся, што ў Наташы на ўсё хапае часу: добра вучыцца ў гімназіі (закончыла 7 класаў), у Пружанскай школе мастацтваў, займацца ў студыі “Меладзін”, выступаць на шматлікіх канцэртах; што і яе настаўнікі, і сябры па гімназіі – найлепшыя, а клас – наогул “зорны” (“хто гуляе ў хакей, хто цудоўна малюе, а хто проста выдатна вучыцца і дапамагае іншым”).
Вельмі хутка ў рэпертуары Наташы з’явіцца яшчэ адна “імянная” песня, якую на фестывалі ў Феадосіі ёй падарыла вядомы расійскі паэт-песеннік, ганаровы член журы міжнародных фестываляў Жанна Калмагорава. Наташа надзвычай парадавала эстрадную знакамітасць выкананнем яе песні “Белая рака”…
Пажадаем юнай спявачцы з Пружан, каб, ідучы следам за сваёй узвышанай марай – белай ракой, што схавалася ў аблоках, – яна спраўдзіла ўсе свае жаданні, у тым ліку і самае запаветнае – праспяваць на дзіцячым “Еўрабачанні”. Патрэбны толькі, як кажа сама Наталля, цікавы сцэнічны вобраз і добрая песня – пажадана, на роднай мове…
Мікола СЯНКЕВІЧ “НТ”,
г. Пружаны.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.