Беларусь

Жнівеньскі педсавет: адукацыя – даброта, калі яна – найвышэйшай якасці


Канстанцін Сумар хоча, каб гэтыя словы сталі дэвізам для настаўнікаў Брэстчыны ў новым навучальным годзе
Як заўжды, на зыходзе лета ў гарадах і раёнах праходзяць своеасаблівыя жнівеньскія педсаветы – традыцыйныя нарады работнікаў адукацыі. Абласны настаўніцкі форум адбыўся ўчора ў Жабінцы. Ён, па словах кіраўніка вобласці Канстанціна Сумара, з’явіўся працягам нядаўняй размовы на апошнім пасяджэнні абл-выканкама аб далейшым развіцці адукацыі. У цэнтры ўвагі былі найбольш актуальныя і праблемныя пытанні, над якімі сёлета варта засяродзіцца педкалектывам Брэстчыны, каб навучальны год стаў актыўным і эфектыўным. Вось што сказаў пра асноўныя з іх Канстанцін СУМАР у сваім выступленні:
Для забеспячэння даступнасці і бясплатнасці сістэмы адукацыі зроблена ўжо нямала. Звыш 30 працэнтаў кансалідаванага бюджэту вобласці мы накіроўваем на яе ўтрыманне і развіццё. Акрамя таго, на ўмацаванне матэрыяльнай базы, цераз будаўніцтва новых аб’ектаў адукацыі, штогод выдзяляем не менш за 190 мільярдаў рублёў. Ды звяртаю ўвагу на тое, што па-ранейшаму ў многіх школах узнікаюць праблемы з камплектаваннем кабінетаў дапаможнікамі і наглядным матэрыялам. Неабходна працягваць работу па ўладкаванні школ дадатковай інфраструктурай: тэніснымі кортамі, спартыўным абсталяваннем стадыёнаў,  хакейнымі каробкамі, лыжаролернымі трасамі…
Важны момант – падтрымка шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў. Іх у нас звыш 11,6 тысячы, а дзяцей у гэтых сем’ях – прыкладна 29 з паловай тысяч. Аблвыканкам прыняў рашэнне пра дадатковае вы-дзяленне такім дзецям па 300 тысяч рублёў на падрыхтоўку да школы.
Пра якасць адукацыі скажу як аб прыярытэтнай задачы, якую павінна вырашыць школа. Пакуль нас ні ў якай меры не задавальняе цяперашні ўзровень ведаў многіх навучэнцаў па прадметах. Значыць – і ўзровень работы многіх настаўнікаў і педкалектываў.
Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання цэлыя раёны – Пінскі, Столінскі, Лунінецкі і, на здзіўленне, Брэсцкі – вылучаюцца як аўтсайдары: тут узровень ведаў школьнікаў па большасці прадметаў складае 18 – 30 балаў. І гэта ў той час, калі сярэднеабласны бал вагаецца ад 40 да 59! Прыкметна вышэйшы сярэдні бал тэсціравання ў навучэнцаў гарадоў Баранавічы і Брэст, Пружанскага раёна.
Не магу не адзначыць правал у рабоце школ з дзецьмі па фізіка-матэматычным кірунку. Калі ж да такіх вынікаў дадаць пасіўнасць універсітэтаў па прыцягненні абітурыентаў, дык не здаецца дзіўнай неўкамплектаванасць бюджэтных месцаў па фізіка-матэматычных спецыяльнасцях. Вобласць не задавальняюць і вынікі ўдзелу школьнікаў у рэспубліканскіх алімпіядах. Адсюль –
задача: упраўленню адукацыі і гаррайвыканкамам павысіць адказнасць настаўнікаў за вынікі сваёй работы. І, у першую чаргу, увязаць іх з узроўнем аплаты працы, матэрыяльнага і маральнага стымулявання педагогаў.
У вырашэнні пытанняў аплаты працы мы бачым магчымасць не толькі захаваць у школе таленавітых вучняў, але і канкурыраваць з рэпетытарствам, стымуляваць педагогаў да павышэння майстэрства, утрымліваць у дашкольных установах выхавальнікаў і павароў. І цяперашняе павышэнне аплаты працы настаўнікаў з павелічэннем нагрузкі на стаўку да 20 гадзін успрымаем толькі як пачатак гэтай работы. Рэальна значны рост зарплаты патрабуе вялікіх фінансавых сродкаў. Сёння ж фонд аплаты працы складае 67 працэнтаў ад сродкаў, якія выдзяляюцца ў цэлым на адукацыю…
Гаррайвыканкамам трэба падымаць аплату працы найбольш неабароненых катэгорый: тэхперсаналу, павароў, вадзіцеляў школьных аўтобусаў і гэтак далей. Варта шырэй развіваць сістэму аплаты педагогаў цераз кантракты па меры дасягнення імі пэўных вынікаў. Думаю, што падыход да індывідуальнага размеру аплаты працы стане моцным стымулам для павышэння якасці работы педагогаў, пасадзейнічае ўмацаванню прэстыжу настаўніцкай прафесіі.
Што датычыць тэмы прафесій, дык прафесійная арыентацыя вучняў павінна быць важным складальнікам работы педагога. Вобласці штогод неабходны 1800 спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, больш за 6000 чалавек рабочых прафесій і 3000 спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Што мы маем на сёння? Праблемы з наборам ва ўніверсітэты вобласці на педагагічныя і сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, установы прафтэхадукацыі па профілях лёгкай прамысловасці і машынабудаўнічы. Сярод мноства прычын я назаву і такую, як адыход ад сістэмнай праф-
арыентацыйнай работы, калі настаўнік ужо з сярэдніх класаў, адчуваючы схільнасці і здольнасці вучня, павінен імкнуцца зрабіць упор менавіта на іх у выбары магчымай будучай прафесіі.
Што тычыцца профільнага навучання, дык аналіз тэсціравання паказвае: там, дзе дзеці навучаліся больш часу па дасканалых праграмах –
вынік амаль у 2 разы вышэй (як правіла, у ліцэях і гімназіях). У гэтай сувязі мы ўсяляк падтрымліваем да-дзеную ў новым навучальным годзе магчымасць вывучэння прадметаў на павышаным узроўні.
Адносна абласнога інстытута развіцця адукацыі заўважу, што арганізацыя курсавой падрыхтоўкі ажыццяўляецца па старой схеме –
1 раз у 5 год, а змест часта не звязаны з патрэбнасцямі, узроўнем і спецыфікай канкрэтных педкалектываў і творчых настаўнікаў. Таму ўпраўленню адукацыі аблвыканкама, гаррайвыканкамам, пачынаючы з 1 верасня, неабходна ажыццявіць пераход на дагаворную аснову з інстытутам развіцця адукацыі па курсавой падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы кадраў.
Вядома, рэпетытарства не забаронена. Але кіраўнікі школ у адказе за тое, каб вучань атрымаў веды па прадмеце, якія адпавядаюць стандартам якасці, менавіта ў школе. Карацей кажучы, школа павінна скласці канкурэнцыю рэпетытарству.
Некалькі слоў аб замежных мовах. Сёння расце зацікаўленасць не толькі дзяцей у авалодванні замежнымі мовамі, але і прадпрыемстваў, устаноў. Адсюль вынікае, што ў структуры профільнага навучання ў старэйшых класах раённым і гарадскім аддзелам адукацыі трэба надаць пільную ўвагу паглыбленаму і паскоранаму навучанню замежных моў.
Калі гаворыць аб занятках фізкультурай і спортам – у вобласці ёсць добрая спартыўная база. Давайце возьмем за прынцып: выкарыстоўваць яе максімальна і пастарацца адкрыць спартыўныя класы адпаведнага профілю. Кіраўнікі школ адказныя за тое, каб і дзве гадзіны ўрока фізкультуры, і гадзіна “Здароўя” праходзілі паўнацэнна, а не так, што ў адной спартзале займаецца некалькі класаў…
Кранаючы пытанне дакументаабароту ў адукацыі (школу і педагогаў літаральна захліснуў папяровы вал!), зазначу: я нядаўна падпісаў распараджэнне, згодна з якім інфармацыі і справаздачы, не прадугледжаныя дзяржстатыстыкай, забараняюцца. Акрамя таго, запрошваць інфармацыю могуць толькі першыя асобы: начальнікі аддзелаў адукацыі, кіраўнікі ўстаноў.
Акрэсленыя праблемы не знікнуць у адзін дзень, таму што патрабуюць удумлівай, карпатлівай і эфектыўнай работы. Але я ўпэўнены, што сумеснымі намаганнямі мы абавязкова вырашым іх.
Ёсць цудоўныя словы: “Адукацыя – найвялікшая з зямных доброт, калі яна – найвышэйшай якасці. Інакш яна зусім бескарысная”. Вельмі хачу, каб гэтыя словы сталі дэвізам настаўніцкай работы на будучы навучальны год.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля