Сёння ў абласным цэнтры завяршае работу VIII спецыялізаваная выстава-кірмаш “Садзейнічанне здароваму ладу жыцця-2012”
У народзе кажуць: здароўе не купіш. Яно ж так, але купіць можна тое, што падтрымае вас у добрай фізічнай форме, паспрыяе вашаму самаадчуванню, дапаможа арганізму нармальна функцыянаваць. У дадатак – зусім бясплатна атрымаць кансультацыю доктара, назапасіць карысных рэкамендацый, каб весці здаровы лад жыцця. Таму ў верасні брастаўчане і госці горада над Бугам не могуць абысці бокам спецыялізаваную выставу-кірмаш “Садзейнічанне здароваму ладу жыцця”. Як тут не пагадзіцца з меркаваннем старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара: “Здароўе – ключавая каштоўнасць для любога чалавека. Але ж не сакрэт, што быць здаровым няпроста. Гэта цэлая навука, паспяховаму авалодванню якой у многім спрыяе выстава-кірмаш “Садзейнічанне здароваму ладу жыцця”.
Арганізатары мерапрыемства – аблвыканкам, Брэсцкае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя – пастараліся зрабіць яго карысным і разнапланавым. Больш чым 110 прадпрыемстваў і арганізацый не толькі Берасцейшчыны, але і іншых абласцей рэспублікі, Расійскай Федэрацыі, прадстаўніцтвы замежных кампаній тры дні паказвалі, расказвалі, частавалі, прадавалі тавары і паслугі ў сферы аздараўлення і аховы здароўя. Многіх цікавілі натуральныя і бяспечныя прадукты харчавання. Наведвальнікі самых розных узростаў не пакінулі без увагі фіта-, біявітамінныя і мінеральныя комплексы. А хтосьці мэтанакіравана прыйшоў за спартыўнымі, аздараўленчымі ці рэабілітацыйнымі паслугамі.
Цікавасць выклікалі вырабы медыцынскага прызначэння, прыборы для хатняга выкарыстання, спартыўны і артапедычны абутак. Між іншым, некаторыя на выставу-кірмаш, якая разгарнула сваю экспазіцыю ў Лядовым палацы і каля яго, прыходзілі сем’ямі і нават не па адным разе. Былі заўважаны і пажылыя, і моладзь, і дзеці. Чым не пацвярджэнне слоў Канстанціна Сумара: “За той час, што мы праводзім гэтую выставу-кірмаш, адносіны да здаровага ладу жыцця на Брэстчыне, безумоўна, змяніліся. Людзям цікава такая прапанова здаровых тавараў і паслуг”…
Выстава-кірмаш “Садзейнічанне здароваму ладу жыцця-2012” не была статычнай экспазіцыяй – мерапрыемства атрымалася інтэрактыўным. У праграме – і дыягнастычныя абследаванні, і інфармацыйна-адукацыйныя мерапрыемствы (навучальныя семінары, лекцыі, прэзентацыі, майстар-класы), а ў спартыўнай – паказальныя выступленні па фітнесу, гіравым спорце, сілавым мнагабор’і, спаборніцтвы па дартсе і армрэслінгу, вучэбна-трэніровачныя заняткі па фігурным катанні, бейсболе, катанні на веласіпедах і роліках. Прайшлі акцыі “Брэст – горад, які не курыць”, “Любоў і вернасць – залог здаровага і шчаслівага жыцця”, “Прафілактыка рака малочнай залозы”, “Вітаміны – энергія поспеху”. Падвялі вынікі аглядаў-конкурсаў творчых работ па прапагандзе здаровага ладу жыцця сярод работнікаў устаноў аховы здароўя, навучэнцаў медыцынскіх каледжаў і сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі.
Упершыню ў межах выставы-кірмашу быў арганізаваны абласны конкурс “Здаровая сям’я”. Яго мэта – прыцягненне ўвагі да пытання фарміравання ў грамадстве станоўчага іміджу сям’і як ключавога фактару дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыкі, умацаванне здароўя кожнага члена сям’і. Першае месца атрымалі Мікалай і Аксана Лаўрэнцікі з дзецьмі Аляксандрай, Яраславам і Міраславам з Пінска. Яны, дарэчы, лічаць, што здаровы лад жыцця – гэта сіла, бадзёрасць, прыгажосць. Другое і трэцяе месцы дасталіся брастаўчанам – сем’ям Грыгорык і Васілюк. У спецыяльных намінацыях былі адзначаны сем’і Борзук з Кобрынскага раёна, Вінаград з Баранавіцкага і Скіба са Столінскага. Дыпломы і падарункі пераможцам уручыў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. Свае прызы атрымалі і пераможцы віктарыны “Фармразумнікі”, конкурсаў “Зялёная аптэка”, “Аптэчны эрудыт”, конкурсу малюнкаў па здаровым ладзе жыцця (ад Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў і прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў Брэсцкай вобласці). А сёння арганізатары мерапрыемства адзначаць дыпломамі лепшыя выставачныя экспазіцыі і самых актыўных удзельнікаў кірмашу.
Па вялікім рахунку, усе наведвальнікі “Садзейнічання здароваму ладу жыцця-2012” былі ўзнагароджаны здаровым шопінгам – яны самі зрабілі правільны выбар на карысць здароўя.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.