Сёння ў Брэсце з удзелам старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара прайшла абласная канферэнцыя педагагічных работнікаў

Сёння ў Брэсце з удзелам старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара прайшла абласная канферэнцыя педагагічных работнікаў

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Адпавядаць часу
Традыцыйная сустрэча педагогаў Брэстчыны перад пачаткам новага навучальнага года прайшла ў абласным цэнтры.Тэма сёлетняга жнівеньскага педсавета – “Рэгіянальная адукацыя: ад ініцыятыў да інавацый і ўкаранення ў практыку” – падкрэсліла гатоўнасць сістэмы адукацыі адпавядаць выклікам часу. Комплексны падыход да навучання, пачынаючы з дашкольнага і заканчваючы атрыманнем прафесіі ў ВНУ, уключэнне ў кола прыярытэтных педагагічных задач праблем спецыяльнай адукацыі, работы пазашкольных устаноў, наватарства і прадпрымальнасць у адукацыйнай галіне, абарона дзяцінства – пра ўсё гэтага гаварылі ўдзельнікі абласной педагагічнай нарады. Бадай што ўпершыню за апошнія гады на вялікім педсавеце так грунтоўна былі паказаны і прааналізаваны ўсе складаючыя часткі адукацыйна-выхаваўчага працэсу.
Перш чым весці дыскусію, удзельнікі мерапрыемства адправіліся на выставу “Адукацыя і творчасць у інтарэсах будучыні”, якая разгарнулася ў абласным грамадска-культурным цэнтры, на плошчы перад ім і ў канферэнц-зале гарвыканкама. Адметнасцю гэтага года можна назваць тое, што дасягненні ў педагагічнай справе паказвалі не толькі педагогі, але і іх вучні. Упершыню дзеці прадэманстравалі, чаму яны вучацца ў садах, школах, прафесіянальна-тэхнічных каледжах і ліцэях, ва ўніверсітэтах Брэстчыны.
Экспазіцыя, разлічаная на дашкольную адукацыю, называлася “Творчасць у імя дзіцяці”. У ёй педагогі паказалі свае распрацоўкі: развіваючыя гульні, экалагічныя праекты, трэнажоры для карэкцыі паставы. “Крокі ў навуку з першага класа” – дэвіз раздзела пачатковай школы. Аказваецца, калі правільна выкарыстаць цікаўнасць малых, дык з іх можна выгадаваць старанных і працавітых вучняў. Аб ахове дзяцінства вялася гаворка на выставачнай пляцоўцы “Сэрца аддаём дзецям” – тут паказалі вопыт работы ў школах-інтэрнатах, карэкцыйна-развіваючых цэнтрах, прыёмных сем’ях. Захапленне выклікала экспазіцыя “Творчасць юных: ад рамяства да прафесіяналізму і мастацтва”, дзе майстар-класы правялі лепшыя педагогі пазашкольных устаноў. Многіх зацікавілі пляцоўкі “Рацыяналізатарства і вынаходніцтва”, “Навуковае праектаванне і ўкараненне”, на якіх гаспадарылі прадстаўнікі сістэмы прафтэхадукацыі і ўніверсітэтаў вобласці. Было відавочна, што адукацыя – гэта не толькі тэорыя, але і практыка, спасціжэннем якой усё актыўней займаюцца навучэнцы каледжаў, ліцэяў, студэнты ВНУ. І гэта правільна, бо асноўная задача адукацыі, як было адзначана на каферэнцыі, – дапамагчы сацыялізацыі маладых людзей, каб кожны з іх змог рэалізаваць свае здольнасці, прынесці карысць краіне, атрымаць асабістае задавальненне, упэўнена адчуваць сябе ў самастойным жыцці. Выхаванне гарманічнай асобы – вось вынік усяго адукацыйнага працэсу, да якога сёння павінна імкнуцца агульнаадукацыйная і вышэйшая школы.
На педсавеце закрануты шэраг актуальных пытанняў. Яго ўдзельнікі гаварылі пра Кодэкс аб адукацыі, які пачынае працаваць з 1 верасня. Многія педагогі менавіта з ім звязваюць спадзяванні на ўпарадкаване работы сістэмы адукацыі ўсіх узроўняў, узмацненне пераемнасці паміж рознымі ступенямі навучання, падняцце прэстыжу педагагічнай працы і навукі. Узнімаліся праблемы прафесійнага майстэрства выхавальнікаў, настаўнікаў, выкладчыкаў. Гучалі разважанні аб тым, якую аддачу прыносяць сродкі, укладзеныя ў развіццё ўстаноў адукацыі ў аграгарадках. Абмяркоўваліся шляхі павышэння якасці адукацыйных паслуг і рэзервы, якія маглі б дапамагчы Брэстчыне паказваць лепшыя вынікі і на прадметных алімпіядах, і на цэнтралізаваным тэсціраванні. Хоць дзеля справядлівасці трэба сказаць, што адораных дзяцей у рэгіёне заўважаюць, іх дасягненнямі ганарацца. Як і педагогамі, якія з гэтымі дзецьмі працуюць.
Новы навучальны год ужо, як кажуць, стаіць на парозе. Апошняй зверкай пазіцый стануць педсаветы ва ўстановах адукацыі Берасцейшчыны, якія пройдуць у бліжэйшыя дні.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Фота аўтара.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

З пачатку года ў вобласці патанулі 80 чалавек

Следующая запись

У Брэсце прайшоў міжнародны юнацкі турнір па хакеі з шайбай