Сёння на Берасцейшчыне фінішуе Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў-2013
Амаль два тыдні каля 2,5 тысячы школьнікаў з усіх абласцей і г. Мінска ва ўзросце 14-15 гадоў удзельнічалі ў фінальных спаборніцтвах ажно ў 19-ці алімпійскіх відах спорту. Асноўныя баталіі разгортваліся на спартыўных пляцоўках абласнога цэнтра, дзе адбыліся спаборніцтвы па футболе, плаванні, дзюдо, стральбе, скачках на батуце. Мацнейшыя акрабаты і баксёры сапернічалі ў Баранавічах, веласіпедысты – у Маларыце. У Кобрыне гулялі шахматысты і дзяўчаты-футбалісткі. На базе спартыўных устаноў Пінска адбыліся турніры па цяжкай атлетыцы, вольнай барацьбе і грэка-рымскай.
Сёлета Брэстчына прымае спартакіяду другі раз. Дарэчы, менавіта наша вобласць у 2006 годзе стала пачынальнікам спартакіяднай традыцыі. У Берасцейшчыны шмат вядомых далёка за межамі краіны спартсменаў. Невыпадкова ганаровым суддзёй спартакіяды стала наша зямлячка, алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка. Аб высокім статусе спаборніцтваў гаворыць і той факт, што ва ўрачыстым адкрыцці спартакіяды прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Якжык, старшыня абл-
выканкама Канстанцін Сумар, прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму, ветэраны спорту.
Сёння ж будуць уганараваны лепшыя каманды і асобныя юныя спартсмены рэспублікі, у ліку якіх – пераможцы і ад нашай вобласці. На момант выхаду газеты ў друк было вядома, што на вышэйшую прыступку п’едэстала ўзыдуць нашы баксёры, лёгкаатлеты і цяжкаатлеты. У брастаўчан другое месца па велагонках, валейболе сярод дзяўчат, фехтаванні. “Бронзу” заваявалі нашы хлопцы ў валейболе і веславанні на каноэ і байдарках.
Адметнасць сёлетняй спартакіяды ў тым, што яе пераможцы будуць мець шанс трапіць у каманду, якая ўпершыню прадставіць Беларусь на галоўных школьных сусветных спаборніцтвах у Бразіліі.
Аляксей ГАНЧУК, “НТ”.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.