Беларусь

Свой погляд: адчуць смак


Мы павінны прыйсці да ўсведамлення каштоўнасці ўсяго таго, што завецца “беларускае”, – ад слова да хлеба

Анекдот пра хлопчыка, які задае  сакраментальнае пытанне “Хто такі  Перамога?” пасля аб’яўлення  ў транспарце прыпынку “Плошча Перамогі”, вядомы многім і выклікае смех ды… сорам, бо з’яўляецца характэрнай з’явай нашага жыцця. Між тым, ён лёгка стасуецца і з брэсцкімі рэаліямі. Далібог, шкада небарак, якія шчыра перакананы, што на вуліцы Янкі Купалы робяць… канапы (ну, як жа – прыпынак “Дываны  Брэста”).
А жарт пра пакутлівыя пошукі нейкага “другога” пуці (аб’яву дыспетчара, што цягнік знаходзіцца на другім пуці, многія прастадушна разумеюць па аналогіі з рускай мовай) на чыгуначным вакзале…
Людзі, на жаль, даволі часта не ведаюць не толькі беларускай мовы, але і самых простых фактаў пра краіну, у якой жывуць. Не ведаюць і не цікавяцца.  Школьная праграма, якая мае сумную тэндэнцыю ахвяраваць гадзінамі роднай мовы і літаратуры, дае цьмянае ўяўленне пра літаратуру, гісторыю ды культуру. Тым не менш, ніхто асабліва не камплексуе з-за мізэрнага багажу “айчыназнаўства”. Толькі сумна робіцца, калі на інтэлектуальнай сталічнай тэлепраграме разумнікі “рэжуцца” на пытаннях тыпу “Хто такі Агінскі?” ці “Што такое парасон?”…
Аднак нельга не заўважыць цікавасць да выкарыстання беларускай мовы як рэкламнай  “фішкі” – прыцягвае ўвагу, вылучаецца з плыні рускамоўнай рэкламы. Наколькі гэта дзейсна – ведаюць маркетолагі і спецыялісты па рэкламе. Нам жа застаецца толькі “глытаць” памылкі, якія “ўпрыгожваюць” білборды ды лістоўкі з “нашай” рэкламай. Пераклад настолькі часам дзікунскі, што закрадваецца думка аб механічным яго выкананні ў якой-небудзь інтэрнэт-праграме. На свае вочы бачыла: у Пінскім раёне колькі год таму можна было набыць даволі танна… пакуту першага гатунку (маецца на ўвазе мука, а на цэнніку быў пераклад слова “мука”).  Крыўдна,  што на нашу талерантнасць-абыякавасць (усё роўна ніхто не заўважыць), мабыць, робяць стаўку і некаторыя гарадскія службы: на прыпынку транспарту на вуліцы лейтэнанта Рабцава ў Брэсце спыняе ўвагу шыльда з арыгінальным правапісам – “лейтэнанта Рабцова”. Прабачце, на якой гэта мове?.. Школьнікі ды студэнты вывучаюць новы правапіс беларускай мовы проста ў тралейбусах. Прычым шыльды з пералікам прыпынкаў ніхто не абнаўляў: са зменай правапісу  адна арфаграфічная памылка змянілася на іншую. Дык пра якую моўную  культуру ў такім выпадку можна весці гаворку?
І гэта толькі  паўбяды – калі не хвалюе людзей і не прымушае задумацца такі стан рэчаў. Аднак рэакцыя на беларускае слова ў грамадскіх месцах проста пужае – а гэта, між іншым, таксама малюнак, які застанецца ў памяці тых жа замежнікаў як згадка аб краіне. Чаго варта сітуацыя, калі на зычлівае “смачна есці!” студэнтаў па абмене з Польшчы, якія вывучалі беларускую мову і прыехалі на стажыроўку (выхаваныя хлопцы, далучыўшыся да кампаніі, пажадалі прыемнага апетыту па-беларуску), ім у адказ прагучала: “Да, вкусно, хочешь?” На такім фоне проста святам здаўся выпадак у гарадскім аўтобусе (пакуль, крыўдна, адзіны). Зычлівая жанчына-кандуктар “абілечвала” пасажыраў і нязмушана размаўляла з намі па-беларуску. Мне дагэтуль знаёмыя не вераць. Не настаўніца ці выкладчыца, а звычайны кандуктар(!) на маршруце №15.
Напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі, які Беларусь прымае сёлета ў маі, міжволі хочацца параіць арганізатарам распаўсюдзіць сярод валанцёраў хоць які-небудзь размоўнік з элементарнымі фразамі па-беларуску. Бо, думаю, англійская мова – гэта зручна і добра, але няведанне сваёй як мінімум падасца прыезджым аматарам хакея дзіўным… Многім з нас даводзілася наведваць  замежжа ці прымаць гасцей адтуль. Падчас вясёлай, тлумнай бяседы (кожны згадае гэты момант) абавязкова гучыць фраза “А заспявай сваю, беларускую!” альбо “Скажы што-небудзь па-беларуску”. І высвятляецца, што рэпертуар надта ж абмежаваны. Тады робіцца няёмка. За сябе. І за краіну.
Гэтак жа пакутліва напрыканцы сакавіка і я спрабавала ўзгадаць хоць адзін беларускі раманс падчас наведвання “Музычнага салона” абласной філармоніі. Выдатны вечар, цікавая праграма, прысвечаная рускаму рамансу, выступленне ансамбля “Крэсіва”…  А ў галаве – неадчэпная думка: “Акрамя “Зоркі Венеры”, ці ёсць?..” Безумоўна, ёсць! І тыя ж цудоўныя спецыялісты, супрацоўнікі філармоніі, маглі (я ўпэўнена!) шмат распавесці і пра ўзнікненне беларускага раманса, і пра яго спецыфіку, але… гэта было б не ў тэму. Шкада. Чамусьці не лічыцца добрай нагодай. А вось вядомы расійскі спявак Юрый Шаўчук не палічыў недарэчным на канцэрце групы “ДДТ” у Мінску колькі год таму выкананне а капэла паляшуцкай народнай песні. І гэта не выклікала ніякага абурэння ў публікі: маўляў, мы прыйшлі рускі рок слухаць, а вы тут захапляецеся беларускім фальклорам.  Я дык увогуле з асалодай падпявала любімую песню майго дзеда…
Таксама, на маю думку,  красамоўная “замалёўка з жыцця”: госці з Італіі (сямейная пара, якая няблага гаворыць па-руску), гасцюючы ў Брэсце, папрасілі, як кажуць, напоўніцу пазнаёміць з горадам і культурай. Калі, дзякуй богу, Брэсцкая крэпасць і вуліца Савецкая пакуль нікуды не падзеліся, то з культурна-асветніцкай праграмай было цяжкавата. Высветлілася, што ніводнага мерапрыемства, хоць нейкім чынам звязанага з беларускай тэматыкай, не было ні ў той дзень, ні ў шэрагу наступных. Ратавалі гарадскія музеі. У тэатр на беларускамоўную пастаноўку так і не пашчасціла трапіць, як і на канцэрт. І зноў жа было крыўдна і няёмка тлумачыць, што ёсць, але, мабыць, мала…
Такіх хрэстаматыйных прыкладаў можна назбіраць безліч. Аднак, згадзіцеся, нашмат цікавей даведацца пра пазітыўныя зрухі і цікавыя ініцыятывы. Проста пра сумленнае стаўленне і ашчаднае абыходжанне з роднай мовай ды культурай.  З абодвух бакоў – і “спажыўца”, і “прадаўца” культурнага прадукту. Мы самі павінны адчуць смак і патрэбу, прыйсці да ўсведамлення каштоўнасці ўсяго таго, што завецца “беларускае”, – ад слова да хлеба.
Алёна САЦУТА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля