Беларусь

Свой погляд: Вайна супраць Памяці?


Горка і балюча, што ў некаторых краінах бязлітасна знішчаюць помнікі Другой сусветнай вайны

Ветэранам Вялікай Айчыннай ад такога вандалізму горка ўдвая: з іх сэрцаў  варвары вырываюць Памяць, Подзвіг. Хіба можа нармальны чалавек спакойна рэагаваць на тое, што, напрыклад, наша святыня – манумент “Мужнасць” мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” – нядаўна трапіла ў лік самых непрывабных помнікаў свету, складзены амерыканскай тэлекампаніяй CNN?! А які быў абразлівы для нашага народа каментарый! Маўляў, мужнасць патрабуецца чалавеку, каб паглядзець на гэтага масіўнага бетоннага беларуса, які выглядае азлоблена…
А для мяне гэты бетонны беларус крэпасці – увасабленне самай жахлівай вайны. І гэты бетонны салдат глядзіць на месца трагічных падзей, узгадваючы  тыя лютыя баі, што тут адбываліся. Гэты салдат – сімвал стойкасці, мужнасці, няскоранасці духу беларускіх салдат і афіцэраў. Нельга абразліва ставіцца да памяці! Упэўнены: тыя, хто складаў так званы рэйтынг, ніколі нават не былі ў горадзе над Бугам! І ўвогуле, хто даў права заморскім піяршчыкам сучаснасці дакранацца да нашых помнікаў – сведкаў нашай трагедыі, нашага подзвігу?! Гэта не проста помнік – гэта гісторыя і гонар нашай Бацькаўшчыны.
Сумная рэчаіснасць – сапраўднае дзікунства: то ў адным месцы планеты, то ў другім  адбываюцца войны помнікам. Сучасныя фашысты, нацысты пачалі змагацца з гераічным савецкім мінулым амаль сістэмна. Яны проста забылі, што непавага да помнікаў былых часоў – гэта вялікі грэх. Яны забылі, што ахвяры ў вайне помнікам – не металічныя крыжы ці бетонныя скульптуры, а жывыя яшчэ ветэраны, якіх і так з кожным годам усё меней і меней сярод нас.
Вельмі горка, што ў ХХI стагоддзі ў многіх краінах свету жывуць варвары, якія не жадаюць ведаць, ад якой вялікай пагрозы выратаваў чалавецтва савецкі народ. Яны забываюць, што шэраг краін і народаў панеслі ў Другую сусветную вайну шматмільённыя чалавечыя страты. Такія хлуслівыя заморскія піяршчыкі не хочуць прызнаваць, што перамога нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў азначала б прыгнятанне пераважнай часткі чалавецтва і поўнае знішчэнне наогул многіх народаў.
Дзікунства, калі сёння ў некаторых гарадах свету вуліцы называюцца імёнамі ўчарашніх гітлераўцаў. І дзе-нідзе ўпэўнена гаворыцца пра так званую савецкую акупацыю. А ва Украіне нават быў створаны музей савецкай акупацыі.
Вельмі крыўдна, што ў свеце ўжо выдалі цэлую бібліятэку падручнікаў, манаграфій, у якіх падаецца хлуслівая версія Другой сусветнай. Пры выкладанні падзей мінулай вайны нярэдка ігнаруюцца прычынна-выніковыя сувязі, прыніжаецца значэнне галоўных заканамернасцей. Да таго ж, падзеі вайны ацэньваюцца не з пункта гледжання гістарычнага кантэксту, а з пазіцый сучаснай палітычнай кан’юнктуры. Шкада, што сёння нярэдка ваенныя падзеі асвятляюць дылетанты, якія не адказваюць перад грамадскасцю за лічбы і факты, што прыводзяць у знак пацвярджэння сваіх высноў.
Чамусьці на Захадзе многія забылі, што глыбінныя прычыны Другой сусветнай хаваюцца ў характары самога капіталістычнага грамадства. Не сакрэт, эканамічныя крызісы, як і духоўныя, сталі ўжо традыцыйнай часткай гісторыі капіталістычнага ладу планеты. Між тым, узгадаем, што Другой сусветнай вайне папярэднічаў таксама глыбокі эканамічны крызіс. А ў час сённяшняга крызісу Захад хоча навязаць нам духоўную вайну, калі ідзе ганьбаванне нашых помнікаў, нашай Памяці. І хіба заслужыў гэта беларускі народ, які з павагай ставіцца да помнікаў усяго цывілізаванага свету?
На жаль, хоць рэдка, ды знаходзяцца сярод юных суайчыннікаў тыя, што гатовы паўсюдна маляваць фашысцкую свастыку – гэта мяне асабліва абурае… Фашызм прыносіць заўсёды шмат гора. Няўжо на Захадзе забыліся пра тое, колькі антыфашыстаў у той самай славутай Еўропе былі расстраляны ў 20 –
30-я гады ХХ стагоддзя?  А вядучыя заходнія дзяржавы заўжды імкнуліся накіраваць агрэсію фашысцкіх дзяржаў супраць мацнейшай краіны – СССР. Дарэчы, падобнае мы назіраем сёння ў адносінах да Расіі, калі прымаюцца ўсялякага кшталту забароны і санкцыі. Хтосьці сам сябе прызначыў быць суддзёй і выканаўцам прысуду. Палітыкі двайных стандартаў не саромеюцца якраз у краінах, якія лічаць сябе ўзорамі дэмакратыі і ледзь не светачамі ўсёй чалавечай цывілізацыі.
Красамоўна пра многае расказваюць нам лічбы. На працягу Другой сусветнай вырашальным фронтам з’яўляўся менавіта савецка-германскі. Супраць Чырвонай Арміі дзейнічала ў сярэднім да 70 працэнтаў дывізій фашысцкіх армій, з чатырох салдат вермахта трое пастаянна ваявалі на ўсходнім фронце і толькі адзін – на заходнім. На савецка-германскім фронце ў найбольш цяжкі для СССР час знаходзілася і большасць войскаў саюзнікаў Германіі: 37 дывізій – у чэрвені 1941 года, 72 – у лістападзе 1942-га. У той жа перыяд на іншых тэатрах  сусветнай вайны (у Паўночнай Афрыцы, а затым на Сіцыліі) мелася не болей 8 – 9 дывізій саюзнікаў Трэцяга рэйха. А працягласць савецка-германскага фронту складала ад 3000 да 6200 кіламетраў, тады як працягласць паўночнаафрыканскага і італьянскага франтоў не перавышала 300-350, заходняга – 800 кіламетраў. З 1418 дзён і начэй існавання савецка-германскага фронту актыўныя дзеянні працягваліся тут 1320 сутак, тады як на заходнееўрапейскім – 293, на паўночнаафрыканскім – 309, на італьянскім – 492. З агульнай колькасці людскіх страт, якія панесла нямецкая армія, больш за 73 працэнты прыпадае на ўсходні фронт.
Самае трагічнае ў тым, што кожны трэці беларус (а ў некаторых рэгіёнах –
кожны другі) не вярнуўся дадому з вайны. Чалавечыя ахвяры вымяраюцца мільённымі лічбамі. З 4 мільёнаў 126 тысяч ваеннапалонных фашысцкага блока памерла прыкладна  580 тысяч чалавек, астатнія вярнуліся дадому. А з фашысцкага палону, куды трапіла каля 5 мільёнаў  салдат Чырвонай Арміі, вярнуліся на радзіму толькі 1 мільён 836 тысяч чалавек.
Так што не трэба прыніжаць значэнне Дня Перамогі ў свядомасці людзей. Нельга перапісваць гісторыю Другой сусветнай вайны, бо яна ўжо напісана крывёю загінулых. Думаю, надышоў час перавыдаць матэрыялы  Нюрнбергскага працэсу, каб паказаць найперш моладзі, што такое фашызм і чаму мы павінны шанаваць нашу памяць.
Усё-такі як добра, што ў Беларусі паўсюдна дзейнічаюць ваенна-патрыятычныя музеі (нават на базе былых умацаваных раёнаў “Лініі Сталіна”). Як правільна, што ў нашай краіне былі створаны і працягваюць паўсюдна стварацца музейныя цэнтры, звязаныя з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. І выдатна, што нам удалося засцерагчы беларускае грамадства ад эпідэміі распаду гістарычнай свядомасці! Упэўнены: толькі ўзнаўленне і праца па захаванні гістарычнай праўды дапаможа нам спыніць вайну супраць помнікаў і святой Памяці.
Канстанцін КАРНЯЛЮК, краязнаўца,
г. Віцебск.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля