Танцуюць усе!

Танцуюць усе!

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Алена ВАРЭЙКА, таленавіты харэограф студыі сучаснага танца горада Ганцавічы, верыць, што яе самы галоўны танец яшчэ наперадзе
– Алена, чаму выбралі прафесію харэографа?
– Я танцую з чатырох гадоў. Калісьці мяне спыталі, кім хачу стаць. Не задумваючыся, адказала: “Хачу быць такой, як Таццяна Генадзьеўна Гузенка, мой настаўнік танцаў у Казахстане”. Я ж нарадзілася ў Экібастузе Паўладарскай вобласці. Калі мне споўнілася 14 гадоў, наша сям’я пераехала ў Беларусь. Чаму? Час быў цяжкі. Бацькі чулі, што гэта чыстая, утульная, а галоўнае – квітнеючая краіна, таму вырашылі рызыкнуць. Вось ужо 11 гадоў я жыву ў сінявокай.
Пасля заканчэння базавай школы паступіла ў Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Атрымала дыплом і па размеркаванні трапіла ў Ганцавічы. Тут мела месца праблема з выкладчыкамі танцаў, не было спецыяльных гурткоў, студый, дзе маглі б займацца дзеці. Так што для развіцця харэаграфіі ў Ганцавічах быў прастор. І шмат таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак! Напэўна, таму я не захацела ехаць у іншы горад. Былі прапановы папрацаваць па кантракце ў Турцыі, Кітаі, іншых краінах. Аднак на такі крок не адважылася. Не змагла пакінуць сям’ю. Адчуваю, што ў Ганцавічах маё месца, больш за тое – я шмат уклала ў мясцовую танцавальную супольнасць. У цяперашні час выкладаю ў школе мастацтваў і ў студыі сучаснай харэаграфіі. У школе працую ўжо пяць гадоў. У гэтым навучальным годзе ў мяне як педагога будуць першыя выпускныя экзамены. Спадзяюся, што мае вучні станцуюць на “выдатна”.
– Сучасныя дзеці лёгка знаходзяць сябе ў танцы?
– Нялёгка бывае. Цяжка трымаць вялікую колькасць дзяцей у дысцыпліне, але стараемся знайсці паразуменне. Імкнуся, каб танец захапіў іх, як раней тое здарылася са мной. Рада, што ў маім калектыве ніхто не курыць. Я сама – за здаровы лад жыцця, таму і вучняў выхоўваю адпаведна.
– А што ў планах?
– Планую выйсці на больш высокі ўзровень: каб мае вучні маглі прымаць удзел у абласных і рэспубліканскіх фестывалях. Мару, каб наш калектыў “Уздых танца” атрымаў званне ўзорнага. Мару з’ездзіць з дзецьмі на гастролі ў родны Казахстан, Польшчу, Германію. Аднак для гэтага трэба правесці некалькі фестываляў, а мы, на жаль, усё робім за свае сродкі, бо дапамогі чакаць асабліва няма адкуль. Але ж усё можа змяніцца, калі сустрэнем захопленага танцамі чалавека, які будзе гатовы падтрымаць развіццё харэаграфіі ў Ганцавічах.
– А як муж ставіцца да Вашай прафесіі?
– Станоўча. Ён кажа: “Ты, напэўна, усё жыццё танцуеш!” Гэта праўда, не магу проста ся-дзець і глядзець тэлевізар. Я ўвесь час у руху, і яму гэта падабаецца. Аляксандр нават раіць, якую музыку лепш падабраць да нумароў. Ён наведвае ўсе мае канцэрты, падтрымлівае ва ўсім, дапамагае маральна. А наогул, ён творчы, актыўны, кампанейскі чалавек. І ў нас ёсць агульная радасць – дачка Кіра. Ёй зараз амаль 3 гады. Калі я прыходжу дамоў, яна кажа: “Мама, вучы мяне танцаваць!”
– У Вашым жыцці была па-дзея, якая ледзь не перамяніла лёс…
– Так. Непрыемная падзея. Мы з мужам трапілі ў аварыю. Потым два месяцы – цяжкая і пакутлівая рэабілітацыя. Вось тады канчаткова і зразумела, што без танцаў не магу, у іх – сэнс майго жыцця. У танцы чалавек раскрываецца, становіцца ўпэўненым, самастойным. Харэаграфія выхоўвае.
– Харэограф – чалавек творчы, крэатыўны. Дзе знаходзіце натхненне для стварэння канцэртных нумароў?
– Кінафільм “Бурлеска” натхніў на стварэнне новых нумароў. Выкарыстоўваю методыку класічнага танца па сістэме Ваганавай. Бывае, што ўбачу кацяня на вуліцы і хочацца, каб малодшыя дзеці былі ў нумары кацянятамі. Чытаю сучасную літаратуру, гляджу фільмы –
падказку можна атрымаць дзе заўгодна. Калі мае танцоры нешта прапануюць, я толькі “за” і заўсёды іх падтрымліваю. Дзеці, безумоўна, могуць быць удзельнікамі працэсу стварэння нумароў. Як не прыслухацца да “зорачак” нашага калектыву – Алены Забароўскай, Аліны Сапун і Дар’і Шышко?! Гэта вельмі таленавітыя 14-гадовыя дзяўчаты, якія мараць звязаць жыццё з харэаграфіяй. З малодшых хачу вылучыць Ірыну Шуляк, Аляксандру Валодзька, Вікторыю Мурашка. Мая выхаванка Леся Сайка паступіла ў Гродзенскі каледж мастацтваў. Тое, што мае вучні хочуць працягваць займацца танцамі, вельмі радуе. Калі хто жадае звязаць лёс з харэаграфіяй, кажу: гэта павінен быць асэнсаваны выбар, бо танцаваць – цяжкая праца.
Гутарыла Дар’я ЗАНЬКА,
г. Ганцавічы.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Задайце пытанне

Следующая запись

У рамках “Марафону мужнасці” ў Брэсце прэзентавалі кліп на песню “Мы хацелі любіць” і “паўтарылі” подзвіг Аляксандра Матросава