“Тры А.К.”: праграма поспеху
Каманда праграмістаў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта 30 лістапада – 1 снежня ў Санкт-Пецярбургу выступіць у паўфінале чэмпіянату свету па праграмаванні
Загадкавая назва каманды праграмістаў “Тры А.К.”не давала спакою. Я, звычайны карыстальнік камп’ютара, нічога не разумею ў праграмаванні. Адкуль мне ведаць, якую спецабрэвіятуру студэнты Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта трансфармавалі ў назву сваёй каманды?! Падставай для сустрэчы стаў выхад маладых праграмістаў ВНУ ў паўфінал чэмпіянату свету ўжо другі год запар. Вось яны мне ўсё і патлумачаць.
Ніводнай маёй здагадцы не было суджана спраўдзіцца: загадкавае “А.К.” аказалася скарачэннем імён і прозвішчаў хлопцаў: Аляксей Караленка, Андрэй Клімовіч і Аляксандр Кухарчук. Усе трое – выпускнікі ліцэя №1 імя А.С. Пушкіна г. Брэста, а цяпер – студэнты 5 курса факультэта электронна-інфармацыйных сістэм БрДТУ.
“Мы яшчэ ў ліцэі трохі займаліся праграмаваннем, – кажа Андрэй. – Але найбольш захапляўся гэтым Аляксей: ён удзельнічаў у алімпіядах і атрымліваў дыпломы. А такой тройкай мы ўдзельнічаем у чэмпіянаце па праграмаванні з другога курса”.
Да гутаркі далучаецца Аляксандр Кухарчук. Тлумачыць, што поспех прыходзіць, дзякуючы вопыту: “Падрыхтоўка да чэмпіянату – гэта, найперш, удзел у розных алімпіядах па праграмаванні. Чым больш практыкі – тым вынік вышэйшы, бо ведаем ужо што рабіць, як, калі і якім чынам. Гэта дае перавагу перад камандамі-пачаткоўцамі. Мяркую, менавіта таму другі раз запар нам удалося выйсці ў паўфінал. Дапамагаюць і парады трэнера нашай каманды Андрэя Мікалаевіча Лысюка, які працуе на кафедры інтэлектуальных інфармацыйных тэхналогій”.
Самае складанае ў спаборніцтвах, заўважаюць хлопцы, не разнервавацца. Калі не атрымліваецца задачу рашыць, дык лепш яе адкласці і ўзяцца за іншую. У сярэднім у заданні – 10 задач, сярод якіх абавязкова знойдзецца адна лёгкая. Справішся з ёй за некалькі хвілін – настрой паляпшаецца, упэўненасць, зноў жа, расце, тады на астатнія заданні іншымі вачыма глядзіш. Аляксей Караленка дзеліцца маленькімі хітрасцямі праграмістаў з усмешкай, а потым сур’ёзна кажа: “Мы ведаем, што задачу трэба рашаць, рашаць трэба хутка, рашаць трэба правільна. Удзел у такіх спаборніцтвах – выдатная “размінка” для мозга і вялікі плюс падчас гутаркі з работадаўцам”.
У апошнім хлопцы ўпэўніліся асабіста: калі летась выйшлі ў паўфінал (а тады яны на міжнародным чэмпіянаце па праграмаванні былі адзінай камандай з Брэста), дык адна з брэсцкіх кампаній паведаміла, што гатова ўзяць юнакоў, хоць яны яшчэ студэнты, на работу. І “Тры А.К.” скарысталіся прапановай: яшчэ наперадзе – атрыманне дыпломаў, а яны ўжо працуюць па спецыяльнасці. Вось вам выдатны прыклад яднання адукацыі і вытворчасці: БрДТУ дае выдатную падрыхтоўку, яго студэнты дасягаюць прызнання і на міжнародным узроўні, таму запатрабаваныя на рынку працы.
Прагнозаў наконт свайго выступлення ў паўфінале чэмпіянату свету Андрэй Клімовіч, Аляксей Караленка і Аляксандр Кухарчук не даюць. Яны проста засяро-джаны на падрыхтоўцы, настроены ж паказаць усё, на што здольныя ў праграмаванні. Удачы вам, хлопцы!
Дар’я СІНКЕВІЧ,
студэнтка філалагічнага
факультэта БрДУ
імя А.С. Пушкіна.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.