У Белавежскай пушчы адсвяткавалі 10-годдзе сядзібы Дзеда Мароза

У Белавежскай пушчы адсвяткавалі 10-годдзе сядзібы Дзеда Мароза

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Упершы дзень свята прымала віншаванні  самая высокая “жывая”  ёлка Еўропы, якой 150 гадоў.
У гэты дзень для віноўніцы ўрачыстасці ўпершыню на беларускай мове прагучала адна з самых папулярных навагодных песень  “В лесу родилась ёлочка”. Яе словы напісаны дзіцячай паэтэсай Раісай Кудашавай ў снежні 1903 года – гэта значыць, роўна за 100 год да афіцыйнага адкрыцця сядзібы Дзеда Мароза.
Другі дзень урачыстасцей пачаўся са святочнага шэсця Дзядоў Марозаў ад гасцініцы ў вёсцы Камянюкі да варот Нацыянальнага парка. У галаву калоны сталі музыканты Брэсцкага гарадскога духавога аркестра пад кіраўніцтвам Валерыя Коваля. Да іх паступова  далучаліся знакамітыя казачныя персанажы. Пад музыку аркестра  казачныя і былінныя героі крочылі лёгка, але ў той жа час размерана, урачыста.
Святочныя дзеі прадоўжыліся ў самой сядзібе. Пакуль яе наведвальнікі  знаёміліся з гаспадаркай беларускага Дзеда Мароза, высокія госці падпісалі гістарычнае пагадненне аб утварэнні Казачнага саюза Расіі і Беларусі.
У Расіі карта, што аб’ядноўвае інфармацыю пра месца нараджэння і жыцця-быцця  папулярных герояў казак, з’явілася яшчэ ў канцы 2010 года. Паводле яе,  Снягурка “прапісалася” ў Кастраме, Ляўша – у Туле, Чабурашка – у Маскве, Залатая Рыбка – у Ніжнегародскай вобласці, Кікімара – у Вяцкім краі… Найбольш пашанцавала Яраслаўшчыне: тут знайшлі прыстанішча адразу шэсць любімых у народзе персанажаў – Алёша Паповіч, Вадзянік, Ямеля, Шчупак, Мышка-нарушка ды Баба Яга.
Беларускі Дзед Мароз, які ў апошнія гады шмат падарожнічае,  наведаў многія сядзібы сваіх калег-чараўнікоў, пасябраваў з іх гаспадарамі. Так, мінулы Новы год па ўсходнім календары ён сустракаў ва Улан-Удэ, дзе ўдзельнічаў у адкрыцці казачнай вярсты ва ўладаннях бурацкага Дзеда Мароза. Не так і доўга дабіраўся – “што там нейкія 8 гадзін, калі людзі чакаюць!” Такія сустрэчы прывялі пушчанскага мудраца да пераканання, што шчаслівымі можна зрабіць толькі ўсіх людзей планеты адначасова. А для гэтага неабходна, каб аб’ядналіся ўсе добрыя сілы, і казачныя ў тым ліку.
Каб дапамагчы падарожнічаць і героям казак, і турыстам, у рэзідэнцыі,   непадалёку ад галоўнага ўвахода, адкрыта казачная вярста.  На ёй  пакуль што сем таблічак, якія ўказваюць напрамак і адлегласць да месца, дзе нарадзіліся і жывуць героі казак і былін. Напрыклад, да  Вялікага Усцюга  Валагодскай вобласці –
там рэзідэнцыя Усерасійскага Дзеда Мароза, – 1537 вёрст, а Бабе Язе з Кукобая, што ў Яраслаўскай вобласці, каб дабрацца ў Белавежскую пушчу, неабходна праляцець на сваёй ступе 1141 вярсту.
На адкрыцці памятнай вярсты беларускі Дзед, як і належыць сапраўднаму мудрацу, гаварыў апошнім. Ён падзякаваў усім, пажадаў шчаслівага Новага года. Па падліках гаспадара сядзібы, яго ўладанні за 10 гадоў наведалі прадстаўнікі 94 краін свету. У дзень тут бывае да 5 тысяч чалавек, а ўсяго за 10 гадоў рэзідэнцыю наведалі больш за мільён гасцей.  “Людзям  так хочацца верыць у цуд, – звярнуўся пушчанскі чараўнік да прысутных, – але ж Дзед Мароз дапаможа толькі ў тым выпадку, калі вы самі будзеце верыць у дабро, справядлівасць, будзеце выхоўваць у сабе найлепшыя чалавечыя якасці. Калі не – ні адзін Дзед Мароз не дапаможа, няхай і барада ў яго будзе да самых пят”.
Як стала вядома, на дзед-марозаўскім  “саміце” ішла таксама размова аб адкрыцці ў пушчы казачнага пасольства. Была выказана таксама прапанова ўстанавіць тут помнік Новаму году.
Трэці дзень урачыстасцей быў непасрэдна прысвечаны  Дню нараджэння сядзібы, афіцыйнаму ўшанаванню беларускага Дзеда Мароза. У цэнтры ўвагі знаходзіліся пераможцы конкурсаў, аб’яўленых Нацыянальным паркам напярэдадні юбілею. На свята былі запрошаны пяць казачнікаў – дзяцей і тых, “якія думаюць,  нібыта яны дарослыя”, а таксама 26 аўтараў арыгінальных падарункаў, зробленых уласнаручна. Усе яны атрымалі магчымасць сфатаграфавацца з героямі казак і Дзедам Марозам у троннай зале. Узнагародай пераможцам сталі таксама бясплатныя экскурсіі, кнігі і фотаальбомы.
У гэты ж дзень казачныя персанажы выступілі з прэзентацыйнай праграмай і раз’ехаліся па сваіх сядзібах і рэзідэнцыях. Аднак свята ў пушчы не закончылася і будзе працягвацца яшчэ доўга. А ўсё таму, што ў краіне казак будняў ніколі не бывае.
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”,
НП “Белавежская пушча”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

21 снежня УУС аблвыканкама правядзе дзень адчыненых дзвярэй

Следующая запись

У Маскоўскім раёне Брэста прайшоў конкурс “ Настаўнік года”